Гісторыя беларускага часопіса «Маладосць» з’яўляецца своеасаблівым летапісам айчыннай літаратуры. Выданне стала сапраўднай школай мастацкай і публіцыстычнай славеснасці, якая выхавала некалькі пакаленняў беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, крытыкаў і літаратуразнаўцаў.
Першы нумар «Маладосці» выйшаў з друку ў сярэдзіне красавіка 1953 г. У той час гэта быў адзіны ў Беларусі штомесячны часопіс для моладзі.
Ініцыятарам стварэння выдання з’яўляўся П.М. Машэраў, адказным рэдактарам быў прызначаны А. Кулакоўскі. На старонках «Маладосці» друкаваліся творы Я. Коласа, П. Броўкі, А. Куляшова, М. Лынькова, Я. Маўра, І. Мележа, У. Караткевіча, В. Быкава, В. Адамчыка, І. Чыгрынава, Я. Сіпакова, М. Стральцова, Я. Брыля, М. Аўрамчыка; публіцыстычныя, крытычныя і літаратуразнаўчыя арыкулы, рэцэнзіі; матэрыялы на навуковыя, грамадска-палітычныя і гістарычныя тэмы; нарысы пра дзеячаў навукі, культуры, літаратуры і мастацтва, перадавікоў вытворчасці; пераклады літаратурных твораў народаў СССР і замежных краін. У афармленні выдання выкарыстоўваліся фотаздымкі, каляровыя рэпрадукцыі карцін В. Шаранговіча, П. Драчова, А. Кашкурэвіча, М. Купавы, А. Марачкіна, Л. Шчамялёва. Выданне адкрыла дарогу да чытача маладым літаратарам: А. Разанаву, Я. Янішчыц, Ю. Голубу, В. Шніпу, Л. Рублеўскай, М. Мятліцкаму, А. Бадаку, С. Законнікаву, творы якіх з часам увайшлі ў залаты фонд айчыннай літаратуры.
З канца 1980-х і да пачатку 2000-х гг. у серыі «Бібліятэка часопіса “Маладосць”» друкаваліся дэбютныя кнігі беларускіх пісьменнікаў. Серыя была адноўлена ў 2013 г. У гэты ж год выйшла кніга «Скрозь “Маладосць” – не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру», дзе пад адной вокладкай былі сабраны ўспаміны, размовы і разважанні тых, хто ў розныя гады меў дачыненне да часопіса.
З 2002 г. часопіс выдаваўся рэдакцыйна-выдавецкай установай «Літаратура і мастацтва», з 2012 г. знаходзіўся ў падпарадкаванні рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом “Звязда”», з ліпеня 2021 г. выданнем часопіса займаецца выдавецкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Мастацкая літаратура».
Сёння, як і раней, «Маладосць» з’яўляецца аўтарытэтным выданнем маладых літаратараў, якое аб’ядноўвае таленавітых паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, літаратурных крытыкаў і перакладчыкаў, падтрымлівае сувязь з літаратурнымі аб’яднаннямі моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Рэдакцыя часопіса адкрыта для любых форм супрацоўніцтва, выданне прадстаўлена ў сацыяльных сетках, мае свой YouTube-канал. Архіў часопіса «Маладосць» за 2021–2023 гг. змешчаны на сайце выдавецтва «Мастацкая літаратура». Нумары часопіса за 2007–2022 гг. у PDF-фармаце змешчаны ў «Электронным архіве нацыянальнай перыёдыкі» – інфармацыйным рэсурсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.