Гісторыя прадпрыемства пачалася 140 гадоў таму назад. Кіраўнік мастацкай майстэрні Ю. Столле і галоўны інжынер В. Краеўскі вядомага Дзядзькаўскага завода ўзялі ў арэнду гуту памешчыка З. Ленскага, якая была заснавана ў 1883 годзе і займалася вырабам шкляных піўных бутылак. Прадпрымальнікі пашырылі вытворчасць і назвалі завод “Нёман” (па назве ракі, каля якой пабудавана прадпрыемства).
Шклозавод вядзе сваю гісторыю з 1883 г. Назву “Нёман” ён атрымаў у 1908 г. Напачатку завод уяўляў сабой паўсаматужнае прадпрыемства, на якім працавала менш 30 чалавек. Тут выпускаліся простыя рэчы, якія вырабляліся ўручную: шклянкі, аптэкарскі посуд і лямпавае шкло. З цягам часу прадпрыемства паступова нарошчвала свае магутнасці, пашыраўся асартымент выпускаемай прадукцыі, пры гэтым удасканальвалася майстэрства шкловараў. У 1911 годзе на заводзе ажыццяўляўся выпуск 1828 відаў вырабаў – ад шыкоўнага посуду і ваз да звычайных гаспадарчых рэчаў, керасінавых лямп і дзвярных ручак. Прадукцыя вызначалася высокай якасцю і мастацкім увасабленнем, што зрабіла гандлёвую марку “Нёман” не толькі прэстыжнай, але і пазнавальнай далёка за межамі Беларусі.
У час Першай сусветнай вайны завод быў разбураны, адноўлены ў 1921 годзе як шклозавод “Нёман” фірмы “Ю.Столле”. Яго дзейнасць пачалася вырабам шклянак, лямпавага і аптэкарскага шкла, ізалятараў для чыгунак, пошты і тэлеграфа. Асартымент паступова пашыраўся, і ў канцы 1930-х гадоў быў наладжаны выпуск шырокага спектра вырабаў шкляной і хрусталёвай прадукцыі. На той час прадукцыя завода складала пятую частку ўсяго экспарту Польшчы.
У 1939 годзе пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР завод быў нацыяналізаваны, аднак Вялікая Айчынная вайна спыніла яго дзейнасць. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на месцы паспяховага прадпрыемства засталіся адны руіны. Аднаўляць завод дамагалі спецыялісты з Расіі і іншых краін. І ўжо ў 1944 годзе “Нёман” пачаў вырабляць аконнае і лямпавае шкло, а з 1945 года – шклопосуд. У 1945 годзе пры заводзе створана рамеснае вучылішча, якое рыхтавала рабочых шкляных спецыяльнасцей (з 2021 г. установа ўвайшла ў склад Лідскага дзяржаўнага прафесійнага політэхнічнага ліцэя).
Тэхналагічна адпрацаваны асартымент прадукцыі амаль не мяняўся да канца 1950-х гадоў і карыстаўся шырокім попытам. Напачатку 1960-х гадоў у вытворчасць шкляных вырабаў пачала ўкараняцца сучасная эстэтыка – простая, лёгкая, пазбегнутая масіўнасці і ўпрыгожвання. Пры гэтым рабіць прадукцыю больш вытанчанай, здольнай служыць не толькі ўтылітарным мэтам, але і ўпрыгожваць быт, дапамагала асваенне старадаўніх рэцэптаў. Так, у канцы 1970-х гадоў з’явіўся новы тэрмін “нёманская нітка”: майстры ўзнавілі складаны спосаб нанясення тонкіх карункавых узораў на шкло, які практыкаваўся ў старажытнай Венецыі. Прыгожыя вазы, графіны, жбаны, аздобленыя “нёманскай ніткай”, можна ўбачыць у шматлікіх дамах.
Змены кан’юктуры рынку, неабходнасць павелічэння выпуску сучасных вырабаў прывялі да карэннай рэканструкцыі завода, уводу новых магутнасцей, развіцця машынных тэхналогій. Былі ўзведзены прасторныя, светлыя жалезабетонныя карпусы новых цэхаў з сучасным інжынерным абсталяваннем, разгалінаванай сістэмай вентыляцыі, поўнасцю пераведзена на прыродны газ шкловарэнне. У выніку сёння ў прэйскуранце прадукцыі завода прадстаўлена 5 тысяч вырабаў, розных па назначэнні, форме, колераваму і дэкаратыўнаму рашэнням. Гэта выклікае заканамерную цікавасць пакупнікоў не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі, што з’яўляецца яркім сведчаннем таленту, вытворчай энергіі, творчага патэнцыялу беларускіх спецыялістаў. На шклозаводзе працуюць мастакі новага пакалення, якія, выкарыстоўваючы вопыт і традыцыі заслужаных майстроў, паспяхова развіваюць сучасны дызайн шкла як у вырабах для масавага выпуску, так і ў дэкаратыўных выставачных работах. Высокае майстэрства беларускіх шкловараў пацвярджае ўдзел у буйнейшых міжнародных выстаўках і ярмарках (у Франкфурце-на-Майне, Мадрыдзе, Брусэлі, Парыжы і інш.), атрыманыя там узнагароды і міжнароднае прызнанне. Калектыў “Нёмана” трымае брэнд на належнай вышыні, працягвае радаваць якасцю і здзіўляць навінкамі.
Шклозавод “Нёман” застаецца прадпрыемствам з сусветным імем, які мае магутны інтэлектуальны і вытворчы патэнцыял. Ён прадстаўляе сабой складанае прадпрыемства з сучасным высакаякасным абсталяваннем. Своечасовае рэагаванне на змены ў кан’юктуры рынку, збалансаваная эканамічная і маркетынгавая палітыка, удасканаленне тэхналогій забяспечваюць яму лідзіруючае месца ў галіне вытворчасці і збыту вырабаў са шкла і хрусталю.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.