Антыфеадальная вайна 1648–1651 гг. на Беларусі – гэта выступленне народных мас супраць пануючага класа феадалаў, якое сфарміравалася пад уплывам паўстання пад кіраўніцтвам гетмана Б. Хмяльніцкага на Украіне. У ёй прымалі ўдзел амаль усе сацыяльныя групы насельніцтва – сяляне, жыхары гарадоў, заможная частка мяшчанства, казацкія атрады i нават праваслаўнае духавенства. Гэта была нетрадыцыйная вайна, а барацьба буйных супрацьлеглых сіл – народных мас i войска Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), якое складалася з наёмнікаў i шляхецкага апалчэння.
Ужо першыя звесткі пра перамогі Б. Хмяльніцкага пад Жоўтымі Водамі i Корсунем у маі 1648 г. выклікалі ўзброеныя выступленні на тэрыторыі Беларусі, асабліва ў суседніх з Украінай паветах. Паўстаўшыя сяляне спальвалі шляхецкія маёнткі, а іх уладальнікаў каралі смерцю; маёмасць багатых купцоў дзялілі з беднымі. Для падтрымкі народнага руху Б. Хмяльніцкі накіраваў у Беларусь летам 1648 г. з-пад Белай Царквы i Корсуня казацкія атрады (загоны) на чале з Я. Галавацкім, І. Галотай, А. Нябабай i іншымі, якія былі ўкамплектаваны беларусамі. Найбольш актыўныя ваенныя дзеянні адбыліся на поўдні і паўднёвым усходзе Беларусі. Летам і восенню 1648 г. казакі і сяляне-паўстанцы авалодалі Бабруйскам, Гомелем, Кобрынам, Брагінам, Мазыром, Пінскам і іншымі гарадамі і мястэчкамі. Для барацьбы з паўстанцамі ў гэты перыяд было сфарміравана войска (12–14 тыс.), якое ўзначаліў польны гетман ВКЛ Я. Раздівіл. Каб ізаляваць беларускія землі ад казакоў, камандуючы накіраваў некалькі палкоў на чале з Р. Мірскім, У. Валовічам і Я. Пацам да Пінска, Чачэрска і іншых гарадоў, захопленых паўстанцамі. У баі за Пінск загінула больш за 3 тыс. жыхароў, за Чэрыкаў – больш за 1500 паўстанцаў. Гарады былі спалены. У пачатку 1649 г. урадавыя войскі вызвалілі Давыд-Гарадок, Тураў, Петрыкаў, Бабруйск. Скарыстаўшы перамір'е паміж Б. Хмяльніцкім i каралём Янам ІІ Казімірам, войскі Я. Радзівіла занялі амаль усю тэрыторыю ўздоўж Прыпяці, Дняпра, Друці. У выніку сувязь паўстанцаў з казакамі была перарвана. У першай палове гэтага ж года войскі ВКЛ атрымалі перамогу, аднак поўнасцю спыніць узброеную барацьбу не змаглі.
Каб не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б. Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6 тыс. казакоў, якімі камандавалі І. Гаркуша, С. Падбайла. Потым на дапамогу прыйшлі атрады М. Крычэўскага (15 тыс.). Да іх далучаліся мясцовыя сяляне і гараджане. У ліпені 1649 г. адбылася Лоеўская бітва, якая праходзіла з пераменным поспехам, толькі пад націскам кавалерыі Я. Радзівіла казацка-сялянскае войска было разгромлена, аднак ваенныя дзеянні працягваліся. Становішча паўстанцаў яшчэ больш пагоршылася пасля разгрому войска Б. Хмяльніцкага пад Берасцечкам. У адпаведнасці з Белацаркоўскім мірным дагаворам 1651 г. казацкія атрады былі выведзены з Беларусі на Украіну. Гэта дало магчымасць да восені 1651 г. канчаткова завяршыць вайну. 4 жніўня 1651 г. войска Я. Радзівіла без бою заняло Кіеў. На працягу 1652–1653 гг. у некаторых месцах Беларусі яшчэ адбываліся разрозненыя ўзброеныя выступленні, аднак яны былі хутка спынены.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.