Дата пачатку:
08.12.1930 Орша, г., Віцебская вобласць
Кароткая даведка:
рэспубліканскае ўнітарнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства ў складзе канцэрна "Беллегпрам", лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2004, 2012)
Назвы на іншых мовах:
Orsha Linen Mill (англійская); Оршанский льнокомбинат (руская);
Аршанскі льнокамбінат – адзіны ў Беларусі і найбуйнейшы ў СНД вытворца льняных тканін і вырабаў з лёну.
Яго гісторыя пачалася ў 1930 г., калі на Аршанскай лёначасальнай фабрыцы была выпушчана першая прадукцыя. У далейшым пабудаваны прадзільны, ткацкі і аддзелачны цэхі. Ужо ў 1940 г. агульны аб’ём выпушчанай прадпрыемствам прадукцыі склаў каля 10 млн кв. м тканін. У пасляваенныя гады ішоў працэс аднаўлення і пашырэння вытворчасці: пачаўся выпуск льняных тканін хатняга прызначэння, асвоена жакардавае ткацтва, адкрыта мастацкая майстэрня. У 1973 г. да прадпрыемства далучана льнопрадзільная фабрыка “Дняпро”, якая займалася вырабам дывановай пражы. У гэты перыяд на камбінаце працавала каля 12 тыс. чалавек, выпускалася каля 12 млн м тканін штогод. Высокія вытворчыя дасягненні калектыву прадпрыемства былі адзначаны ордэнам Леніна (1966), дыпломам Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (1979).
У цяперашні час рэспубліканскае ўнітарнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства “Аршанскі льнокамбінат” уваходзіць у склад канцэрна “Беллегпрам”. Прадпрыемства мае вертыкальна інтэграваную структуру, якая ўключае ўвесь вытворчы цыкл ад перапрацоўкі доўгага і кароткага льновалакна да вытворчасці і рэалізацыі гатовай прадукцыі. У яго структуры дзейнічаюць некалькі фабрык па вырабе катаналізаванага льновалакна, пражы і суровых тканін з доўгага льновалакна, гатовых бытавых тканін, хатняга тэкстылю і гатовага льнянога адзення. На прадпрыемстве працуюць каля 3,5 тыс. чалавек. Яно мае больш за 20 фірменных магазінаў у Беларусі і ўласныя прадстаўніцтвы за межамі краіны. Льнокамбінат прызнаны лепшым экспарцёрам (2002) і лепшым тэкстыльным прадпрыемствам канцэрна “Беллегпрам” (2015, 2019), стаў пераможцам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” (2007), лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2004, 2012).