Шырокую вядомасць на Беларусі і за яе межамі набыло Жодзіна Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, якое атрымала статус горада 7 сакавіка 1963 г. Існуе некалькі версій наконт яго назвы. Па адной з іх, яна паходзіць ад назвы вёскі Жодзіна (Жодзінска) Слабада, якая ў гістарычных крыніцах упамінаецца яшчэ ў XVII ст. (пад 1688 г.). У тыя далёкія часы Смалявіччына належала Радзівілам, і Багуслаў Радзівіл заснаваў там некалькі слабод, у тым ліку і жодзінскую, якая адносілася да Мінскага ваяводства. Калі ў канцы мінулага стагоддзя (1871 г.) побач прайшла чыгунка, Жодзіна Слабада стала называцца станцыяй Жодзіна. Згодна другой версіі — гэту назву яна атрымала ад прозвішча першага пуцявога абходчыка. Аднак ніякіх дакументальных пацвярджэнняў гэтаму, як і іншым меркаванням, няма.
Жодзіна — горад трыкатажнікаў, энергетыкаў, вучоных і аўтамабілебудаўнікоў. У 1958 г. на базе завода “Дармаш” тут быў заснаваны буйны Беларускі аўтамабільны завод — адно з нямногіх прадпрыемстваў у свеце, якое выпускае вялікагрузныя машыны (аўтамабілі-самазвалы для гарнарудных распрацовак і новабудоўляў). У 1976 г. завод быў ператвораны ў аб’яднанне “БелаўтаМАЗ”. Яго прадукцыя ідзе больш чым у 30 замежных краін, сярод якіх — Англія, Фінляндыя, Індыя, Шры-Ланка і інш. Чатырма залатымі медалямі ўдастоены на міжнародных выстаўках у Плоўдзіве і Лейпцыгу трыццацітонны БелАЗ-540 і саракатонны БелАЗ-548А. Жодзінскія канструктары стварылі і больш магутныя машыны — 75-тонны, а потым 110-тонны аўтасамазвалы. І вось ужо выйшаў з варот завода яшчэ адзін волат, які можа перавезці амаль 180 тон грузу.
У апошнія гады ў прамысловасці Жодзіна назіраецца падзенне вытворчасці, але калектывы працоўных прадпрыемстваў горада шукаюць выйсце. Так, “БелаўтаМАЗ” наладжвае вытворчасць міні-грузавікоў, бытавой і гаспадарчай тэхнікі. Расце колькасць прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці: таварыствы з абмежаванай адказнасцю, страхавыя кампаніі, кааператывы і інш.
Жодзіна — горад вучоных У ім дзейнічае комплекс Беларускага навукова-даследчага інстытута земляробства і жывёлагадоўлі. Патрэбы насельніцтва забяспечвае створаная шматгаліновая сацыяльна-культурная сфера. Працуюць буйныя і невялікія крамы, медыцынскія ўстановы, агульнаадукацыйныя школы, палітэхнікум, шэраг асветніцка-культурных устаноў. Цудоўнае сённяшняе аблічча горада: вышынныя жылыя дамы, арыгінальныя адміністрацыйныя будынкі, шырокія і светлыя вуліцы, прафілакторый на рацэ Бярэзіне. Прыемнае ўражанне пакідае сустрэча з гэтым маладым і перспектыўным прамысловым цэнтрам.