Першы камерцыйны банк на Беларусі быў заснаваны ў Мінску буйнымі памешчыкамі, лесапрамыслоўцамі і купцамі ў 1873 г. Неабходнасць у стварэнні такой крэдытнай установы на тэрыторыі Беларусі ўзнікла ў выніку вострай патрэбы ў камерцыйным крэдыце. На аснове статута банка, зацверджанага міністрам фінансаў Расійскай Імперыі М.Х. Рэйтэрнам 21 красавіка 1873 г., Мінскі камерцыйны банк 10 верасня прыступіў да правядзення аперацый.
Заснавальнікамі адзінага на Беларусі камерцыйнага банка з'яўляліся: памешчыкі Севасцьянаў, Л.А. Ваньковіч, мінскія купцы першай гільдыі Гурвіч, Х.Г. Лур'е, Рапапорт, пінскія купцы другой гільдыі Лур'е, Эліасберг, пінскі ганаровы грамадзянін Лур'е, саветнікі Паляжаеў, Елісееў, рыжскі купец першай гільдыі Нейшэлер. Асноўны (статутны) капітал банка быў вызначаны ў 1,5 млн руб., з якіх адразу сабралі 40% (600 тыс. руб.), астатнія грашовыя сродкі меркавалася ўнесці на працягу двух гадоў.
Мінскі камерцыйны банк выконваў даволі шырокі круг аперацый: улік вэксаляў, прадастаўленне пазык пад заклад дзяржаўных каштоўных папер, выдача крэдытаў пад заклад вытворных каштоўных папер, атрыманне за кошт трэціх асоб плацяжоў па вэксалях, ажыццяўленне плацяжоў на тэрыторыі Расійскай Імперыі і па-за яе межамі, прыём укладаў (у т.л. да запатрабавання, тэрміновых) і інш. Першыя гады дзейнасці Мінскага камерцыйнага банка былі даволі паспяховымі: банк атрымліваў нядрэнныя прыбыткі, сума баланса ў лютым 1875 г. перавышала 4 млн руб. (у параўнанні з 2,6 млн руб. на пачатак 1874 г.), дывідэнды акцыянераў складалі больш за 10% на акцыю. Аднак на фінансавым становішчы банка пачалі адмоўна адбівацца эканамічныя цяжкасці, выкліканыя гаспадарчым крызісам 1873–1875 гг., але ў 1876 г. банк здолеў выйсці з крызіснага становішча. У 1880–1890-я гг. былі адкрыты аддзяленні (філіялы) і агенцтвы Мінскага камерцыйнага банка ў Віцебску, Гродне, Гомелі, Магілёве, Лібаве (цяпер Ліепая, Латвія), Бабровіцах, Канатопе і Рамнах (Украіна), Навазыбкаве (Расія) і іншых гарадах.
У пачатку 1890-х гг. для Мінскага камерцыйнага банка пачалася другая хваля крызісных з'яў, якія працягваліся да сярэдзіны дзесяцігоддзя: амаль не расла сума баланса, сума прыбыткаў заставалася невялікай і не перавышала страт. У 1895 г. кантрольны пакет акцый Мінскага камерцыйнага банка купіў вядомы пецярбургскі прадпрымальнік, ураджэнец магілёўскай губерніі Я.С. Палякоў з сынамі. З дапамогай сваіх капіталаў ён спрабаваў палепшыць сітуацыю. Пашырэнню сферы дзейнасці банка спрыяла адкрыццё новых філіялаў за межамі Беларусі: на канец ХІХ ст. Мінскі камерцыйны банк меў 11 аддзяленняў. Нягледзячы на станоўчыя падзеі, банк не здолеў выйсці на новы ўзровень развіцця і год за годам асноўныя паказчыкі яго дзейнасці ішлі на спад. Адмоўна адбіліся на банку змены ў развіцці ляснога рынку, падзеі рэвалюцыі 1905–1906 гг., канкурэнцыя з боку буйных расійскіх банкаў, канцэнтрацыя акцый у руках вузкай групы асоб (у т.л. Я.С. Палякова, князя У.Э. Друцкага-Любецкага і інш). У выніку банкруцтва Якава Палякова акцыі Мінскага камерцыйнага банка былі перададзены кіраўніцтву Азоўска-Данскога камерцыйнага банка. У 1908 г. пачаўся перыяд ліквідацыі камерцыйнага банка ў Мінску. Першая крэдытная ўстанова Беларусі 12 мая 1912 г. была паглынута Азоўска-Данскім камерцыйным банкам і спыніла сваё існаванне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.