Дата пачатку:
1276 Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка:
цэнтр раёна Брэсцкай вобласці
Назвы на іншых мовах:
Каменец (руская);
2820 сімвалаў
Даведка
Шмат дзівосных куткоў у Беларусі. І адзін з іх — Белавежская пушча, што пачынаецца ад горада Камянца, які сваім з’яўленнем абавязаны валынскаму князю Уладзіміру Васількавічу. Гэта па яго загаду ў 70-х гадах ХІІІ ст. дойлід Алекса на ўзвышшы каля рэчкі Лясная (на заходняй граніцы Берасцейскай зямлі) пачаў будаўніцтва Камянца (названага так з-за камяністай глебы) як памежнага абарончага горада, умацаванага магутнай вежай. Яна і сёння, нібы нязменны вартавы, ахоўвае заходнія граніцы Беларусі.
Паўночна-заходні фарпост рускіх зямель, важны прыгранічны населены пункт, Камянец стаў месцам частага наведвання валынскіх князёў і аб’ектам іх саперніцтва. У 1288 г. пасля смерці князя Уладзіміра Васількавіча за яго пачалася міжусобная барацьба. Ён неаднаразова разбураўся, гарэў і зноў забудоўваўся. У 1366 г. горад, як і ўся Берасцейшчына, увайшоў у склад старажытнай беларускай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. У ВКЛ Камянец быў цэнтрам ваяводстваў — Троцкага (з 1413 г.), Падляшскага (з 1520 г.) і Берасцейскага (з 1566 г.). Праз яго праходзіў важны гандлёвы шлях Брэст — Вільня, які звязваў беларускія землі з Украінай, Польшчай і Прыбалтыкай. Асноўнымі прадметамі вывазу былі футра, скуры, драўніна, якая высока цанілася за мяжой. Для князёў Камянец меў асаблівую каштоўнасць як ключавы пагранічны ўмацаваны пункт, цэнтр рамяства і гандлю, месца адпачынку і палявання. Аднак эканамічнае развіццё паселішча стрымлівалася набегамі крыжакоў, якія тройчы захоплівалі і рабавалі горад, а ў 1378 г. спалілі яго. У 1410 г. жыхары Камянца прынялі актыўны ўдзел у Грунвальдскай бітве, у якой канчаткова былі разбіты войскі Тэўтонскага ордэна. У 1503 г. горад атрымаў магдэбургскае права і пачаў хутка ператварацца ў буйны гандлёвы цэнтр. Побач з вежай вырас палац, у якім спыняліся ўладары суседніх дзяржаў, прымаліся пасольствы. Пасля таго, як у 1596 г. сталіца Рэчы Паспалітай пераехала з Кракава ў Варшаву, а новы гандлёвы шлях з яе ў Вільню абмінуў Камянец, горад страціў сваё палітычнае і эканамічнае значэнне. Але яго заняпад прыпадае на 1654—1667 гг., калі праз Берасцейскую зямлю прайшлі руска-польскія войны, у выніку якіх горад быў разбураны і спалены. З 1795 г. Камянец уваходзіў у склад Расіі. У 1915 г. горад акупіравалі войскі кайзераўскай Германіі, а праз шэсць гадоў ён апынуўся пад буржуазнай Польшчай. З чэрвеня 1941 па ліпень 1944 г. Камянец быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Сёння Камянец — раённы цэнтр Брэсцкай вобласці. Ён мае развітую харчовую прамысловасць і некаторыя металаапрацоўчыя і машынарамонтныя прадпрыемствы. У горадзе заўсёды шмат турыстаў. Тут пралягае маршрут у адзін з найстарэйшых лясных запаведнікаў Еўропы — Белавежскую Пушчу. Аб’ектам маршруту з’яўляецца і славутая Камянецкая вежа, дзе цяпер знаходзіцца філіял Брэсцкага краязнаўчага музея.