Кароткая даведка:
адкрытае акцыянернае таварыства, лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2020)
Назвы на іншых мовах:
Borisov Sleeper Impregnation Plant (англійская); Борисовский шпалопропиточный завод (руская);
3225 сімвалаў
Даведка
Стварэнне шпаланасычальнага завода ў Беларусі цесна звязана з будаўніцтвам у другой палове ХІХ ст. Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, якой у перыяд яе інтэнсіўнага развіцця патрабавалася вялікая колькасць шпал. Па архіўных звестках вядома пра дзейнасць тут у 1899 г. перасоўнай майстэрні па вырабе шпал. Новае прадпрыемства было ўзведзена на тэрыторыі, прылеглай да чыгуначнай станцыі Барысаў (Мінская вобласць) у 1900–1902 гг. У тыя часы вытворчасць аснашчалася паравой машынай і паравым рухавіком, колькасць працоўных складала каля 500 чалавек. Аб’ём выпускаемай прадукцыі ў першыя гады заставаўся нязначным, бо большасць тэхналагічных працэсаў ажыццяўлялася ўручную. У гады Першай сусветнай вайны завод практычна не дзейнічаў, вытворчыя памяшканні і абсталяванне былі разбураны. У міжваенныя гады прадпрыемства аднавілі і ўдасканалілі: былі пабудаваны дадатковыя пад’язныя шляхі, набыты вузкакалейныя матавозы і грузападымальны кран на чыгуначным ходзе, устаноўлена пагрузачная рампа, арганізавана складское захоўванне гатовай прадукцыі і інш. У 1940 г. штогод выпускалася больш за 60 тыс. куб. м прадукцыі.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны завод быў адноўлены і запушчаны ў 1947 г. Паступова вялася мадэрнізацыя абсталявання і пашырэнне вытворчасці, што да 1958 г. дазволіла выпускаць штогод каля 120 тыс. куб. м шпал. У гэты перыяд была праведзена рэканструкцыя галоўнага корпуса, усталяваны казловы кран, дадатковае насычальнае абсталяванне, паравыя катлы пераведзены на вадкае паліва, замест вузкакалейных паравозаў пачалі выкарыстоўваць матавозы і цеплавоз, створаны збудаванні для ачысткі сцёкавых вод. У 1960-х гг. пашырыўся рацыяналізатарскі рух, дзякуючы якому была палепшана тэхналогія насычэння драўніны, удасканалены механізмы і абсталяванне, скарочаны прастой вагонаў. У 1970–1980-я гг. праведзена аснашчэнне працоўных месцаў сучасным электраабсталяваннем і вылічальнымі машынамі, абноўлены парк вытворчых машын, цеплавозаў і казловых кранаў, узведзены адміністрацыйны будынак і пажарнае дэпо, перабудавана пуцявая гаспадарка. У далейшым сумесна з Інстытутам цепла- і масаабмену НАН Беларусі ўведзена ў эксплуатацыю эксперыментальная ўстаноўка для насычэння драўніны экалагічна чыстым антысептыкам (1994), запушчаны лесапільны цэх па выпуску ненасычанай шпальнай прадукцыі (1997). Шпаланасычальны завод працаваў як структурнае падраздзяленне Беларускай чыгункі, у 2010 г. – быў пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства (99,8% акцый у дзяржавы).
У цяперашні час ААТ “Барысаўскі шпаланасычальны завод” з'яўляецца самым сучасным профільным прадпрыемствам на тэрыторыі СНД. Ён забяспечвае ў поўным аб'ёме патрэбы Беларускай чыгункі ў драўляных шпалах, брусах для стрэлачных перакладаў і маставых брусах. Каля 60% вырабленай прадукцыі экспартуецца. У 2013 г. праведзена чарговая мадэрнізацыя вытворчасці, што дазволіла выйсці на праектную магутнасць у 1 млн шпал штогод. Вядзецца супрацоўніцтва з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам у сферы распрацовак новых складоў антысептыкаў, што дазваляе вырабляць шпалы з падоўжаным тэрмінам эксплуатацыі. Па выніках працы прадпрыемства стала лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2020).