Дата пачатку:
30.01.1925 Мінская і Віцебская вобласці
Кароткая даведка:
дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова
Назвы на іншых мовах:
Березинский биосферный заповедник (руская);
Папярэднія назвы:
Бярэзінскі дзяржаўны запаведнік; Государственный охотничий заповедник; Дзяржаўны паляўнічы запаведнік
4174 сімвалы
Даведка
Бярэзінскі біясферны запаведнік – адна з самых старэйшых прыродаахоўных тэрыторый Рэспублікі Беларусь, што атрымала сусветную вядомасць як эталон некранутай прыроды.
Бярэзінскі запаведнік быў створаны 30 студзеня 1925 г. для аховы і развядзення рэдкіх птушак і звяроў (асабліва баброў). Знаходзіцца ён у паўночнай частцы краіны на тэрыторыі Докшыцкага і Лепельскага раёнаў Віцебскай і Барысаўскага раёна Мінскай абласцей. Яго станаўленне адбывалася ў цяжкіх умовах гаспадарчай разрухі, пры адсутнасці жылля, навуковых і тэхнічных кадраў. Нягледзячы на цяжкасці з 1927 г. вёўся ўлік мядзведзя, лася, кабана, бабра, казулі, барсука, выдры, рабіліся спробы вальернага развядзення рачных баброў. У 1936 г. у запаведніку была праведзена работа па лесаўпарадкаванні. У час Вялікай Айчыннай вайны на яго тэрыторыі знаходзіліся партызанскія базы. Баявыя дзеянні нанеслі запаведніку значны ўрон і прывялі да знішчэння навуковых, архіўных і калекцыйных матэрыялаў, адміністрацыйных і жылых будынкаў.
Пасля заканчэння вайны Бярэзінскі запаведнік быў узноўлены, але ў 1951 г. зноў ліквідаваны. У 1958 г. ён быў перададзены ў распараджэнне Галоўнага ўпраўлення лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР. Як навукова-даследчая ўстанова прыродаахоўнага профілю запаведнік пачаў функцыянаваць з 1969 г. У 1971 г. яго плошча з улікам ахоўнай зоны склала 109,2 тыс. га. У лютым 1979 г. Прэзідыум Міжнароднага каардынацыйнага савета праграмы “Чалавек і прырода” прысвоіў запаведніку статус біясфернага. З 2001 г. ён з’яўляецца Дзяржаўнай прыродаахоўнай установай “Бярэзінскі біясферны запаведнік”.
На тэрыторыі запаведніка знаходзяцца хвойнікі, бярэзнікі, ельнікі, асіннікі, чорнаалешнікі, дубровы, вялікая колькасць вярбы. Узрост некаторых дрэвастояў дасягае 160–170 гадоў. Праз тэрыторыю запаведніка працякае рака Бярэзіна і каля 70 яе прытокаў, маецца шмат азёр, адкрытых балот. Тут расце больш за 800 відаў сасудзістых раслін 216 відаў імхоў, 317 відаў водарасцей, 261 від лішайнікаў і 565 відаў грыбоў. У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь унесены 66 відаў раслін.
Бярэзінскі біясферны запаведнік насяляюць 58 відаў звяроў, 245 – птушак, 11 – амфібій, 6 – рэптылій, 34 віды рыб, каля 6 тыс. бесхрыбтовых. Тут водзяцца бабры, ласі, высакародныя алені, казулі, зубры, дзікі, бурыя мядзведзі і іншыя жывёлы, гняздуюцца рэдкія драпежныя птушкі, а таксама чорны бусел і глушэц. У Чырвоную кнігу Рэспулікі Беларусь унесены 10 відаў млекакормячых жывёл і 58 відаў птушак.
Пазнаёміцца з унікальнай прыродай запаведніка можна праз наведванне экалагічных інфармацыйна-пазнавальных маршрутаў. Запаведнік развівае рэкрэацыйны, экалагічны і паляўнічы турызм, прапануе пешыя, веласіпедныя, водныя, камбінаваныя, конныя і лыжныя маршруты арніталагічнай, батанічнай, заалагічнай, міфалагічнай і экалагічнай накіраванасці. На тэрыторыі цэнтральнай сядзібы запаведніка ў в. Домжарыцы можна наведаць Дом экалагічнай асветы, Музей прыроды, Музей мёду і пчалярства, Музей міфалогіі. Вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў карыстаецца заапарк, дзе ўтрымліваюцца як дзікія, так і хатнія жывёлы. Для камфортнага пражывання турыстаў на тэрыторыі запаведніка пабудаваны гасцявыя домікі, гасцінічныя і турыстычныя комплексы, кафэ і рэстараны.
Бярэзінскі біясферны запаведнік з’яўляецца ўнікальнай прыроднай лабараторыяй, прызначанай для правядзення назіранняў за ходам натуральных працэсаў і з’яў у некранутым чалавекам прыродным асяроддзі. Установа прымае ўдзел у выкананні міжнароднай праграмы “Чалавек і біясфера” (МАБ) Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры ЮНЕСКА. Высокай ацэнкай развіцця дзейнасці запаведніка стаў Дыплом Савета Еўропы (1995), асновай для прысуджэння якога паслужылі разнастайнасць флоры, фаўны і ландшафту, захаванасць прыроды ў першапачатковым выглядзе. У студзені 2010 г. запаведнік быў уключаны ў Спіс Рамсарскіх угоддзяў – водна-балотных тэрыторый міжнароднага значэння для месцапражывання вадаплаўных птушак. У 2016 г. у выніку рэалізацыі ІІ фазы праекта “Стварэнне Ізумруднай сеткі ахоўных прыродных тэрыторый” Бярэзінскі біясферны запаведнік стаў першай тэрыторыяй Беларусі, уведзенай у склад Ізумруднай сеткі Еўропы.