Кароткая даведка:
вядучая вышэйшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне тэатральнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, кіна- і відэамастацтва і дызайну, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2017)
Скарочаныя назвы:
БелАМ
Назвы на іншых мовах:
Белорусская государственная академия искусств (руская);
Папярэднія назвы:
Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут; Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут; Беларускі тэатральны інстытут; Белорусская академия искусств; Белорусский театрально-художественный институт; Белорусский театральный институт
4596 сімвалаў
Даведка
Культуру нашай краіны цяжка ўявіць без Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ) – вышэйшай навучальнай установы, што рыхтуе спецыялістаў у галіне тэатральнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, кіна- і відэамастацтва і дызайну.
Заснавана акадэмія ў 1945 г. у Мінску як Беларускі тэатральны інстытут. Арганізацыйная работа была праведзена дастаткова тэрмінова і на высокім узроўні. У інстытут сталі паступаць заявы ад жадаючых прысвяціць сябе акцёрскай прафесіі. Набіралі курс Е. А. Міровіч (мастацкі кіраўнік) і С. Г. Новак (выкладчык па майстэрстве акцёра). 12 лістапада 27 студэнтаў акцёрскага аддзялення прыступілі да заняткаў у аўдыторыях Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Першы год работы быў вельмі цяжкім. Адсутнічалі кафедры, заняткі праходзілі хаатычна. Дзве аўдыторыі ў будынку педагагічнага інстытута не маглі задаволіць педагогаў і студэнтаў. Часта заняткі па спецыяльных дысцыплінах праводзіліся ў вячэрні і начны час у рэпетыцыйных залах тэатра оперы і балета, у кватэрах настаўнікаў і інш. У 1946 г. арганізавана кафедра майстэрства акцёра і тэатразнаўства, якую ўзначаліў Е. А. Міровіч. Былі адкрыты і іншыя кафедры. Для кіраўніцтва навучальным працэсам створаны савет інстытута. Паляпшаліся і бытавыя ўмовы студэнтаў: выдаваліся ордары на адзенне і абутак, карткі на харчаванне, нават выплачвалася нязначная стыпендыя. У 1949 г. быў першы выпуск акцёраў драматычнага тэатра. Першапачаткова навучальная ўстанова мела толькі адзін тэатральны факультэт. У яе на выкладчыцкую работу прыйшлі П. С. Малчанаў, І. Ф. Ждановіч, Л. І. Мазалеўская, А. І. Бутакоў, Э. П. Герасімовіч і іншыя, якія ў меру свайго вопыту і ведаў імкнуліся навучыць студэнтаў акцёрскай прафесіі. Штогод тэатры краіны сталі папаўняцца маладымі акцёрамі, якія прайшлі падрыхтоўку ў інстытуце. У 1953 г. быў арганізаваны яшчэ адзін факультэт – мастацкі з аддзяленнямі жывапісу (станковая, партрэтная), графікі (станковая, ілюстрацыя і афармленне кніг, плакатная), скульптуры (манументальная). У сувязі з гэтым у 1953 г. навучальная ўстанова рэарганізавана ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, якому прадастаўлены свой уласны будынак. У распараджэнні студэнтаў былі глядзельная зала на 400 месцаў, фізкультурная зала, шэраг вучэбных аўдыторый, бібліятэка і чытальная зала. Усе гэтыя новаўвядзенні арганізацыйнага характару паўплывалі і на навучальна-творчы працэс. З мэтай умацавання педагагічных кадраў у інстытут запрашаліся новыя настаўнікі. Тут выкладалі вядучыя беларускія артысты і рэжысёры З. І. Браварская, Д. А. Арлоў, К. М. Саннікаў, В. У. Галіна, вядомыя мастакі і скульптары В. В. Волкаў, А. А. Бембель, А. К. Глебаў, В. К. Цвірка. Развіццё індустрыі рэспублікі выклікала неабходнасць падрыхтоўкі кадраў па новых спецыяльнасцях. У гэтай сувязі ў 1976 г. пачаў дзейнічаць мастацка-прамысловы факультэт з кафедрамі дэкаратыўна-прыкладнога і прамысловага мастацтваў, арганізацыі выставак і рэкламы.
За час існавання структура інстытута мянялася, змянялася і яго назва (з 1991 г. Беларуская акадэмія мастацтваў, у 2001 г. атрымаў сучасную назву). Сёння ў структуру БДАМ уваходзяць пяць факультэтаў: тэатральны, мастацкі, дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экранных мастацтваў, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. На іх навучаюцца як грамадзяне Беларусі, так і іншых краін. Пры акадэміі ёсць аспірантура (з 1962 г.), магістратура і дактарантура (з 2004 г.), створаны савет па абароне дысертацый. Таксама дзейнічаюць студэнцкі Тэатр-студыя імя Е. Міровіча (з 1978 г.), Музей навукова-метадычнага фонду студэнцкіх работ (з 1985 г.), мастацкая галерэя (з 2007 г.), выдаецца альманах “Запіскі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў”. Навучальная ўстанова падтрымлівае і актыўна развівае сувязі з рознымі краінамі. Абмен выстаўкамі, навуковымі публікацыямі, стажыроўкі студэнтаў і супрацоўнікаў, правядзенне лекцый і майстар-класаў і іншыя міжнародныя мерапрыемствы садзейнічаюць развіццю мабільнасці і ўзаемнай інтэграцыі розных культур. Выкладчыкі, супрацоўнікі, студэнты, магістранты, аспіранты штогод прымаюць удзел у мастацкіх выстаўках, што арганізуюць музеі, галерэі, дыпламатычныя ўстановы за межамі Беларусі. У апошнія гады акадэмія рэгулярна прадстаўляе ўласныя праекты сучаснага мастацтва за мяжой. Сёння БДАМ – шматпланавы цэнтр сучаснага мастацтва, дзе можна не толькі атрымаць грунтоўныя веды і навыкі, але і пазнаёміцца з актуальнымі тэндэнцыямі ў галіне мастацтва, навукі і культуры.
Гл. таксама “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”. – Рэжым доступу: www.bdam.by.