Дата пачатку:
1574 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата заканчэння:
пасля 1624
Кароткая даведка:
друкарня, заснаваная П. Мсціслаўцам на сродкі віленскіх купцоў Кузьмы і Лукі Мамонічаў, якая мела важнае грамадскае і культурнае значэнне ў жыцці Беларусі
Варыянты назвы:
Віленская друкарня Мамонічаў; Друкарня Мамонічаў
Назвы на іншых мовах:
Мамоничей типография (руская);
4784 сімвалы
Даведка
Праз паўстагоддзя пасля спынення выдавецкай дзейнасці Скарыны кірылічнае кнігадрукаванне ў Вільні было адноўлена П. Мсціслаўцам, які з дапамогай беларускіх купцоў братоў Лукаша і Кузьмы Мамонічаў заснаваў у сталіцы ВКЛ друкарню. Першы (вельмі непрацяглы) перыяд яе дзейнасці ахоплівае 1574–1576 гг. Менавіта ў гэты час П. Мсціславец выдаў некалькі кніг рэлігійнага характару – «Часоўнік» (1574–1576), «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576; мог выкарыстоўвацца і для навучання дзяцей). Яны былі выпушчаны на добрай паперы буйным прыгожым шрыфтам, аздоблены застаўкамі з раслінна-кветкавым фонам, чырвонай вяззю ў пачатку раздзелаў, ілюстраваны гравюрамі. У 1576 г. Мамонічы атрымалі каралеўскі прывілей на выключнае права друкаваць і прадаваць кнігі. У гэтым жа годзе друкарня спыніла сваю дзейнасць. Яе маёмасць была падзелена, і П. Мсціславец, атрымаўшы толькі частку абсталявання, пакінуў Вільню.
Мамонічы добра разумелі неабходнасць аднаўлення кнігадрукавання і праз некалькі гадоў зноў наладзілі выдавецкую справу. Пры фінансавай дапамозе шляхціцаў Зарэцкіх пачалі ствараць новую друкарню, абсталяванне для якой набылі ў розных мясцінах Беларусі і Украіны. Па запрашэнні Мамонічаў вучань І. Фёдарава Г. Івановіч адліў для друкарні шрыфты. У 1583 г. выхадам «Служэбніка», на якім упершыню было ўказана, што кніга выдадзена ў друкарні Мамонічаў, пачаўся другі (найбольш плённы) перыяд яе працы. Наступнае выданне – «Зборнік павучанняў» (1585) – быў прысвечаны магнату А. Валовічу. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ Л. Сапегі ў 1586 г. Мамонічы атрымалі каралеўскі прывілей, які даваў ім права на выданне кніг, іх продаж унутры краіны і бяспошлінны вываз за мяжу. У далейшым браты шырока выкарыстоўвалі гэты дакумент і надрукавалі значную колькасць царкоўных выданняў для распаўсюджвання галоўным чынам у Маскве, а таксама для кніжнага ўзаемаабмену з Украінай і Польшчай. Мамонічы ўлічвалі запатрабаванні розных слаёў насельніцтва ВКЛ, выпускалі літаратуру для праваслаўных брацтваў, іх школ, царквы. Былі надрукаваны багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы. Першай царкоўнай кнігай з тытульным лістом, на адвароце якога быў змешчаны герб скарбнага (казначэя) Лукі Мамоніча з яго ініцыяламі (што сведчыла аб атрыманні ім шляхецтва), быў «Псалтыр» (1592). Пад уплывам асветніцкага гуртка праваслаўных былі выдадзены падручнікі свецкага зместу «Граматыка славянская» (1586), «Дыялектыка» (каля 1586) І. Спангенберга, «Буквар» (1590-я гг., 1618, 1621) і інш. Друкарня Мамонічаў стала першай у беларускім кнігадрукаванні, дзе пачалі выпускаць кірыліцай зборнікі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, сярод іх – Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. (на беларускай мове; 1614, на польскай), «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага» (1586), канстытуцыі «вальных» сеймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, напісаных І. Пацеем.
Пасля прыняцця Брэсцкай уніі (1596) выпуск праваслаўных кніг з друкарні Мамонічаў быў абмежаваны. Пачало выходзіць больш літаратуры для ўніятаў. Толькі ў 1600 г. двойчы надрукавалі «Евангелле напрастольнае», якое блізка паўтарала выданне П. Мсціслаўца 1575 г., і Часасловец. Выпускам гэтых кніг завяршылася дзейнасць братоў. З 1601 г. іх імёны ў гістарычных крыніцах больш не ўпамінаюцца. Друкарня перайшла да Лявона Мамоніча (сына Кузьмы), які захаваў званне «каралеўскага тыпографа». Ён выпусціў кірылічным шрыфтам каля 15 кніг (часасловы, трэбнікі, служэбнікі і інш.), друкаваў юрыдычную і прававую літаратуру. Выдаваў па-польску панегірычныя творы, прысвечаныя Сапегам, Радзівілам, Войнам і іншым магнацкім родам, а таксама палемічныя ў абарону уніі, аўтарамі якіх з’яўляліся І. Пацей, І. Руцкі, І. Марахоўскі. Апошнія выданні друкарні датуюцца 1623 г. Пасля 1624 г. яе маёмасць часткова перайшла ва ўласнасць Віленскай базыльянскай друкарні.
За час свайго існавання друкарня Мамонічаў выпусціла каля 50 кірылічных і 35 выданняў на польскай мове. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваюцца «Евангелле напрастольнае» (1600; тры экз.), «Апостал» (3-е выданне пасля 1595 г.; два экз.), «Псалтыр» (1591–1592 і 1594–1595) і інш. Кнігі, выпушчаныя Мамонічамі, адметныя высокім паліграфічным і мастацка-арнаментальным афармленнем. У друкарні былі ўпершыню выкарыстаны зробленыя Г. Івановічам курсіўныя шрыфты, што ўзнаўлялі графіку канцылярскага пісьма, а таксама свецкія гравюры (партрэты вялікага князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта ІІІ Вазы, дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Л. Сапегі; сейм Рэчы Паспалітай; гербы і інш.). Віленская друкарня Мамонічаў за сваю амаль 50-гадовую дзейнасць унесла вялікі ўклад у пашырэнне асветы, пісьменнасці і культуры не толькі сярод беларускага насельніцтва, але і іншых славянскіх народаў.