Дата пачатку: 974 Віцебскі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка: цэнтр раёна і вобласці
Назвы на іншых мовах: Витебск (руская);
Папярэднія назвы: Видбеск; Видебск; Витепеск; Витьбеск
Старажытны Віцебск раскінуўся на маляўнічых берагах Заходняй Дзвіны, там, дзе ў яе ўпадаюць рэкі Віцьба і Лучоса. Легенды звязваюць узнікненне горада з імем славутай кіеўскай княгіні Вольгі. Першае летапіснае ўпамінанне пра яго ў знакамітай “Аповесці мінулых гадоў” датуецца 1021 г.
За сваю шматвяковую гісторыю Віцебск перажыў нямала слаўных, часам драматычных, нават трагічных падзей. Займаючы важнае месца на бойкім гандлёвым шляху з варагаў у грэкі, ён спачатку належаў вялікім кіеўскім князям, потым увайшоў у Полацкае княства. У 1101 г. пасля смерці полацкага князя Усяслава Брачыславіча стаў цэнтрам удзельнага Віцебскага княства. На працягу стагоддзяў горад быў арэнай жорсткай міжусобнай барацьбы, трымаў аблогі варожых войскаў. З 1320 г. з’яўляўся спадчынным уладаннем вялікіх князёў літоўскіх. У канцы ХIV ст. на тэрыторыі Беларусі было скасавана мноства ўдзельных княстваў, у тым ліку і Віцебскае. Горад стаў аб’ектам сваркі паміж сынамі і сваякамі вялікага князя літоўскага Альгерда за права валодання ім. У XV – пачатку XVI ст. Віцебск уваходзіў у лік буйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Яго гандлёвыя шляхі праходзілі праз усё княства, а таксама цягнуліся ў Прыбалтыку, Германію, Чэхію, Італію, Венгрыю. Гэтаму спрыяла сістэма юрыдычных нормаў, зафіксаваная прывілеем 1503 г., дадзеным Віцебску вялікім князем Аляксандрам. Яна атрымала назву “Віцебскае права”, адпаведна якому купцы мелі магчымасць весці бяспошлінны гандаль і вольна перамяшчацца ў межах дзяржавы. У сакавіку 1597 г. вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт ІІІ Ваза падпісаў прывілей, згодна з якім гораду было нададзена магдэбургскае права. Віцебск атрымаў уласныя герб і пячатку. Аднак у сувязі з паўстаннем гараджан супраць полацкага ўніяцкага архіепіскапа І. Кунцэвіча адпаведна каралеўскаму ўказу яго скасавалі, гарадскую ратушу разбурылі, а шмат людзей прыгаварылі да пакарання смерцю. Аднаўленне права на самакіраванне адбылося толькі ў 1654 г.
На працягу XVII–XVIII стст. Віцебск не раз станавіўся цэнтрам супрацьстаяння ВКЛ і Расійскай Імперыі, уніятаў і праваслаўных, зведаў пажары і разбурэнні. У 1772 г. у выніку першага падзела Рэчы Паспалітай быў далучаны да Расійскай Імперыі і апынуўся ў складзе Пскоўскай губерні. Адбылося некалькі адміністрацыйных пераўтварэнняў, перш чым 11 сакавіка 1802 г. у складзе Беларускага генерал-губернатарства былі створаны дзве губерні – Віцебская і Магілёўская. Цэнтрам губернатарства стаў Віцебск, на той час другі па колькасці насельніцтва горад Беларусі, дзе пражывала больш за 10 тыс. жыхароў. У 1777 г. пачало дзейнічаць першае прамысловае прадпрыемства – гарбарнае, пазней была наладжана кафляная, вапнавая, канатная вытворчасці, з’явілася друкарня. Але вайна 1812 г., эпідэмія халеры (1831), страшны ўраган (1855), Крымская вайна (1853–1856) нанеслі Віцебску вялікі ўрон і на некаторы час затрымалі развіццё.
Ішоў час. Горад будаваўся, пашыралася яго тэрыторыя, умацоўваліся эканамічныя сувязі, вялося будаўніцтва дарог, мастоў, мураваных будынкаў. У 1866 г. праз Віцебск была пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыгуначныя лініі звязалі яго з Масквой, Брэстам, Кіевам. У другой палове ХІХ ст. пачалі фарміравацца новыя, капіталістычныя адносіны. У Віцебску бельгійскае акцыянернае таварыства пабудавала водаправод, электрастанцыю, трамвайную лінію. Горад пераўтварыўся ў адзін з найбуйнейшых цэнтраў прамысловасці і культуры. Пачала працаваць настаўніцкая семінарыя (1834), выходзіла газета “Витебские губернские ведомости” (з 1838 г.), дзейнічаў гарадскі тэатр (з 1845 г.), адкрылася Віцебская школа-майстэрня Ю. Пэна (1898). Значную ролю ў мастацкім жыцці краіны адыграла створаная ў 1919 г. па ініцыятыве М. Шагала мастацкая школа, дзе выкладалі М. Дабужынскі, Е. Ермалаева, Л. Лісіцкі, К. Малевіч, С. Юдовін і інш.
У 1919 г. Віцебск стаў часткай Заходняй вобласці РСФСР, у 1924 г. увайшоў у склад БССР. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны горад ператварыўся ў буйны індустрыяльны цэнтр рэспублікі, дзе дзейнічалі больш за 200 прамысловых прадпрыемстваў, 4 вышэйшыя і 15 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. За тры гады акупацыі ён быў зруйнаваны з зямлёй. Місія амерыканскага Чырвонага Крыжа наведала Віцебск у чэрвені 1944 г. і адзначыла, што, каб адрадзіць горад, спатрэбіцца 100 гадоў. Аднак яго адбудавалі значна хутчэй: ужо праз 20 гадоў былі перавышаны ўсе даваенныя паказчыкі ў гаспадарча-культурным развіцці. У 1974 г. за вялікія дасягненні ў развіцці народнай гаспадаркі горад узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Віцебск сёння – гэта адзін з буйнейшых прамысловых і культурных цэнтраў Рэспублікі Беларусь. Прадукцыя яго прадпрыемстваў: станкі завода “Вістан”, тэлевізары прадпрыемства “Віцязь”, скураны абутак прадпрыемстваў “Марка” і “Белвест”, вырабы з футра і трыкатаж, шаўковыя тканіны, дываны – вядомая далёка за межамі нашай краіны. Віцебск – буйны транспартны вузел. Аўтобусныя маршруты злучаюць яго з абласнымі гарадамі Беларусі, а таксама Масквой, Санкт-Пецярбургам, Рыгай, Берлінам. З чыгуначнага вакзала адыходзяць цягнікі на Смаленск, Санкт-Пецярбург, Гомель, Полацк і інш. За 10 км ад горада знаходзіцца аэрапорт Віцебск, а на заходняй ускраіне размясціўся рачны порт. У 2010 г. па Заходняй Дзвіне пусцілі цеплаходы “Віцебск” і “Паўночная сталіца”.
Асаблівую арыгінальнасць гораду надае архітэктура, якая вызначаецца строгасцю стылю, класічнай стрыманасцю і здзіўляе размахам праспектаў і плошчаў. Мінулае і сучаснае ў Віцебску непарыўна звязаны. І сёння ў цэнтры горада можна прагуляцца па вуліцах, якія захаваліся ад гістарычнай забудовы канца XVIII – першай паловы ХІХ ст.
Культурнай сталіцай Беларусі Віцебск сталі называць яшчэ ў пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя. Менавіта тут 18 ліпеня 1992 г. упершыню адбыўся Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” – адзін з самых яркіх музычных форумаў на постсавецкай прасторы. Далёка за межамі рэспублікі вядомы Міжнародны Шагалаўскі і Рэпінскі пленэры, фестывалі сучаснай моды “Белая амфара”, гітарнай музыкі “Менестрэль”, сучаснай харэаграфіі і інш. У горадзе працуе адзін са старэйшых тэатральных калектываў Беларусі – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа, у апошнія гады шырокую вядомасць набыў Беларускі тэатр “Лялька”. Тут знаходзяцца Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. У 1999 г. адкрыты буйнейшы ў рэспубліцы Лядовы палац спорту.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.