Кароткая даведка:
вышэйшая дзяржаўная навуковая арганізацыя Беларусі
Скарочаныя назвы:
НАН Беларусі
Назвы на іншых мовах:
The National academy of sciences of Belarus (англійская); Национальная академия наук Беларуси (руская);
Папярэднія назвы:
Акадэмія навук Беларусі; Акадэмія навук Беларускай ССР; БелАН (БАН); Беларуская акадэмія навук
4654 сімвалы
Даведка
Нараджэнне, станаўленне і развіццё Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі) супалі з асноўнымі падзеямі найноўшай гісторыі нашай краіны.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (Беларуская акадэмія навук (1928–1936); Акадэмія навук Беларускай ССР (1936–1991); Акадэмія навук Беларусі (1991–1997)) заснавана на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), які існаваў у 1922–1928 гг. і быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук пастановай Цэнтральнага выканаўчага камітэта і Савета Народных Камісараў БССР ад 13 кастрычніка 1928 г.
Урачыстае адкрыццё Беларускай акадэміі навук адбылося ў Мінску 1 студзеня 1929 г. Першым кіраўніком Акадэміі навук стаў прафесар Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі. З самага пачатку сваёй дзейнасці Акадэмія навук стала вядучым навуковым цэнтрам, які аказаў моцны ўплыў на эканамічнае, тэхналагічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё Беларусі.
Сёння Нацыянальная акадэмія навук Беларусі з’яўляецца вышэйшай дзяржаўнай навуковай арганізацыяй Рэспублікі Беларусь, якая ажыццяўляе арганізацыю і каардынацыю фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, што выконваюцца ўсімі суб’ектамі навуковай дзейнасці. Арганізуе правядзенне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак, арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне правядзення дзяржаўнай навуковай экспертызы, выступае ў якасці галаўной арганізацыі рэспублікі па навукова-метадычным забеспячэнні развіцця інфарматызацыі.
Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2002 г. № 7 на НАН Беларусі ўскладзены функцыі рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання па некаторых пытаннях фінансавання навуковай і інавацыйнай дзейнасці, развіцця інфарматызацыі і сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі, кантролю за эфектыўным выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў, што выдзяляюцца на фінансаванне навуковых даследаванняў і распрацовак, а таксама правядзення навукова-тэхнічнай экспертызы. Для эфектыўнага рашэння задач, што стаяць перад НАН Беларусі, у яе склад былі ўключаны Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь, Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, Беларускі дзяржаўны навукова-вытворчы канцэрн міжгаліновага машына- і прыборабудавання, Беларускі дзяржаўны навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі, створаны іншыя арганізацыйныя структуры.
За шматгадовую гісторыю ў НАН Беларусі сфарміраваліся аўтарытэтныя навуковыя школы, выраслі вучоныя з сусветным імем. Імі вырашаны шэраг буйных тэарэтычных і прыкладных праблем у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, навук аб Зямлі, гуманітарных і сацыяльных навук. Буйныя навуковыя вынікі, дасягнутыя практычна па ўсіх сфарміраваных напрамках навуковых даследаванняў і распрацовак, шырока вядомы і атрымалі высокую ацэнку ў Беларусі і за мяжой. Вынікі даследаванняў акадэмікаў Я.Р. Канавалава (фізіка, 1972), А.А. Ахрэма (хімія, 1975), М.А. Барысевіча (фізіка, 1977), Ф.І. Фёдарава (фізіка, 1980), В.І. Вацякова (медыцына, біялогія, 1986), У.С. Улашчыка (медыцына, біялогія, 1991) і кандыдата хімічных навук В.А. Лапінай (біяфізіка, біяхімія, 1991) былі зарэгістраваны ў якасці навуковых адкрыццяў.
У 1928 г. у штат Акадэміі навук налічваў 128 чалавек, з іх 87 навуковых супрацоўнікаў. У 1951 г. было 1234 супрацоўнікі (сярод іх 33 акадэмікі, 27 членаў-карэспандэнтаў, 55 прафесараў і дактароў навук, 165 кандыдатаў навук). У 2023 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мелася 7 аддзяленняў навук і 108 навуковых арганізацый, дзе працавалі 14 тыс. супрацоўнікаў (сярод іх 5,5 тыс. даследчыкаў, 387 дактароў навук, 1,6 тыс. кандыдатаў).
За гады свайго існавання НАН Беларусі ператварылася ў буйны інтэлектуальны і гуманітарны цэнтр, які займае лідарскія пазіцыі па многіх прыярытэтных напрамках даследаванняў, уносіць вялікі ўклад у развіццё айчыннай эканомікі, навукі і культуры, пашырае сувязь навукі з вытворчасцю. Акадэмія садзейнічае павышэнню навуковага ўзроўню нацыянальнай сістэмы адукацыі, удзельнічае ў падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і павышэнні кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі. НАН Беларусі развівае ўзаемавыгадныя сувязі з замежнымі навуковымі і вытворчымі арганізацыямі, выконвае міждзяржаўныя навуковыя і навукова-тэхнічныя праграмы і праекты, удзельнічае ў дзейнасці міжнародных навуковых і навукова-тэхнічных арганізацый і асацыяцый. Арганізацыі Акадэміі ажыццяўляюць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з арганізацыямі і вучонымі з 85 краін свету.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі – вядучая інавацыйная ўстанова, якая аказвае значны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны і фарміраванне духоўнага стану грамадства.