Дата пачатку: 1341 Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць
Кароткая даведка: цэнтр раёна Гродзенскай вобласці
Назвы на іншых мовах: Asmiany (не вызначана); Ошмяны (руская);
Горад Ашмяны вядомы па пісьмовых крыніцах з 1340-х гадоў. Афіцыйна прынятай датай першага ўпамінання горада лічыцца год 1341, год смерці вялікага князя Гедзіміна і перадачы ім Ашмян у спадчыну малодшаму сыну Яўнуту. Пасля 1382 г. горад знаходзіўся ва ўласнасці вялікага князя літоўскага Ягайлы.
У канцы ХIV – пачатку XV ст. Ашмяны двойчы асаджалі тэўтонскія рыцары, але не здолелі захапіць горад. 1432–1439 гг. для Ашмян і ўвогуле для гісторыі Беларусі прайшлі пад знакам барацьбы за вялікакняжацкі трон паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам, у якой апошні атрымаў перамогу.
У XVI ст. Ашмяны атрымалі магдэбургскае права. Адны крыніцы звязваюць гэтую падзею з праўленнем Жыгімонта I Старога (1506–1548), іншыя – з кіраваннем Жыгімонта II Аўгуста (1548–1578). У сувязі з тым, што права на самакіраванне даравалася і пацвярджалася каралём, Ашмяны пэўны час не мелі магдэбургскага права, паўторна горад атрымаў яго толькі ў 1792 г.
У гады вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512–1522 гг. горад быў заняты рускімі войскамі: у 1519 г. наўгародскія і пскоўскія ратнікі нанеслі значныя страты Ашмянам і навакольным вёскам.
У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565–1566 гг. горад стаў цэнтрам Ашмянскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Пасля Люблiнскай унii 1569 г. Ашмяны ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалiтай.
Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. у Ашмянах у ліпені 1655 г. адбылася бітва, у якой казакі разбілі войскі ВКЛ. Значныя ваенныя падзеі адбываліся ў горадзе ў перыяд Паўночнай вайны.
У 1792 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі зацвердзіў герб горада: на срэбраным полі ў правай частцы герба знаходзілася выява рукі з залатымі вагамі, у левай – шчыт, а паміж імі ўнізе змешчана выява чырвонага цяляці. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Ашмяны ўвайшлі ў склад Расійскай Імперыі. Быў скасаваны герб горада 1792 г., а ў 1845 г. быў зацверджаны новы герб (праіснаваў да 1917 г): шчыт падзелены на дзве паловы. У ніжэйшай палове на зялёным полі змяшчалася выява мядзведзя, на верхняй – выява вершніка. 17 ліпеня 2006 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь герб Ашмян 1792 г. быў адноўлены ў сучаснай рэдакцыі.
У час Айчыннай вайны 1812 г. горад быў акупіраваны і часткова спалены французскімі войскамі. Вядома, што праз Ашмяны праходзіў шлях адступаючых войск Напалеона.
У час паўстання 1830–1831 гг. у Ашмянах была створана філія адной з антыцарскіх арганізацый, якой актыўна дапамагала мясцовае насельніцтва. З 1846 па 1849 г. у Ашмянах дзейнічала аддзяленне арганізацыі «Саюз свабодных братоў». Напярэдадні паўстання 1863–1864 гг. тут існавала адгалінаванне рэвалюцыйнага таварыства «Піянтковічаў». Жыхары Ашмян актыўна адгукаліся на тагачасныя падзеі, арганізоўваючы паўстанцкія атрады.
Паводле перапісу 1897 г. у Ашмянах налічвалася 7,1 тыс. жыхароў. У горадзе дзейнічала 10 прадпрыемстваў, сярод якіх – гарбарныя мануфактуры, медаварня, прадпрыемства па разліву мінеральнай вады, тытунёвая фабрыка.
У гады Першай сусветнай вайны Ашмяны былі акупіраваны германскімі войскамі. 1 студзеня 1919 г. горад увайшоў у склад БССР, пазней – Літоўска-Беларускай ССР. З красавіка 1919 г. па ліпень 1920 г. знаходзіўся пад акупацыяй Польшчы. Паводле дагавору паміж РСФСР і Літвой ад 12 ліпеня 1920 г. прадугледжвалася перадача Ашмян Літве, аднак яна не адбылася, таму што 2 кастрычніка 1920 г. горад занялі часткі генерала Жалігоўскага. У кастрычніку 1920 – сакавіку 1922 г. Ашмяны ўваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, а з 1922 і да верасня 1939 г. горад быў цэнтрам павета Віленскага ваяводства ў складзе Польшчы. З 1940 г. Ашмяны сталі цэнтрам раёна Вілейскай вобласці БССР.
У гады Вялікай Айчыннай вайны горад знаходзіўся пад уладай нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля вызвалення войскамі Чырвонай Арміі ў 1944 г. горад увайшоў у склад Маладзечанскай вобласці.
У пасляваенныя гады Ашмяны былі хутка адноўлены: пабудаваны прадпрыемствы харчовай прамысловасці, адкрыты сельскагаспадарчы тэхнікум і прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча, пачалі дзейнічаць гандлёвыя і бытавыя, медыцынскія і культурныя ўстановы.
У 1960 г. Ашмяны сталі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай Гродзенскай вобласці.
Сучасныя Ашмяны ўяўляюць сабой горад, раздзелены ракой Ашмянкай на дзве часткі. Левабярэжная частка – гістарычны цэнтр горада, правабярэжная – раён з малапавярховымі забудовамі. Цэнтр горада прадстаўлены сістэмай плошчаў і жылымі комплексамі, якія арыентаваны на паркавую зону ўздоўж ракі. Горад знаходзіцца за 220 км ад Гродна, у 17 км ад чыгуначнай станцыі Ашмяны па лініі Маладзечна–Вільнюс.
У Ашмянах дзейнічаюць прамысловыя прадпрыемствы: мясакамбінат, хлебакамбінат, сыраробчы завод, дражджавы камбінат, прадпрыемства па вырошчванні і пераапрацоўцы льну, прадпрыемствы па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Працуюць тыпаграфія, лясніцтва, метэаралагічная станцыя «Ашмяны», гандлёвыя, будаўнічыя, транспартныя арганізацыі.
Адукацыйная сфера прадстаўлена аграрна-эканамічным каледжам, прафесійным ліцэем сельскагаспадарчай вытворчасці, гімназіяй і трыма сярэднімі школамі, спартыўнымі, мастацкімі і музычнымі школамі для дзяцей і юнацтва, дашкольнымі ўстановамі, школай-інтэрнатам і цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Сярод культурных устаноў горада Цэнтральная раённая, гарадскія і дзіцячая бібліятэкі, раённы Дом культуры, раённы метадычны цэнтр народнай творчасці, цэнтр пазашкольнай работы, цэнтр турызму і краязнаўства. З 1955 г. у Ашмянах адкрыты краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча. У горадзе працуе Цэнтральная раённая бальніца, дзве паліклінікі, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аптэкі, гасцініца, стадыёны і комплексныя спартыўныя пляцоўкі. Захаваліся і гістарычныя помнікі: царква другой паловы XIX ст., будынак карчмы канца XIX ст.
У Ашмянах ушаноўваецца памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, узведзены помнікі ў гонар З. Касмадзям'янскай, А. Кашавога. Выдаецца раённая газета «Ашмянскі веснік».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.