Неад’емнай часткай культурнага жыцця Бабруйска з’яўляецца прафесійны тэатр. Незабыўныя ўражанні застануцца ад наведвання Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Створаны ён у 1970 г. з выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута і акцёраў іншых тэатраў (часткова Магілёўскага абласнога тэатра музычнай камедыі). Першы спектакль «Разгром» паводле А. Фадзеева быў пастаўлены 5 лістапада 1970 г. У пачатку сваёй дзейнасці тэатр распрацоўваў героіка-патрыятычную тэматыку, дзе асэнсоўваліся падзеі грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў («Трыбунал» А. Макаёнка, «Хлопец з нашага горада» К. Сіманава, «А досвіткі тут ціхія» паводле Б. Васільева, «Драматычная песня» Б. Равенскіх і А. Анчарава паводле М. Астроўскага, «Абеліскі» А. Саннікава). Паступова асноўнае месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку («Адны без анёлаў» Л. Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І. Друцэ, «Вясёлы тракт» Б. Васільева, «Шэсць старых дзевак» А. Іаселіяні, «Падобны на льва» Р. Ібрагімбекава, «Чатыры кроплі» В. Розава, «Саламяная вартоўня» Ю. Эдліса, «Палын» М. Варфаламеева і інш.). Акцэнт рабіўся на творы маральна-этычнай праблематыкі. Спектаклі не вызначаліся жанравай разнастайнасцю, пераважалі камедыі і псіхалагічныя драмы. Такі падыход да рэпертуару дыктаваўся не толькі мастацкімі прынцыпамі, але і ўмовамі, у якіх існаваў тэатр (не меў свайго памяшкання). Адсюль абмежаваныя магчымасці ў пошуках тэм, асабліва ў стасунках з класічнай спадчынай. У 1977 г. тэатру прысвоена імя славутага дзеяча нацыянальнай культуры В.І. Дуніна-Марцінкевіча. У 1978 г. ён пераехаў у новы будынак і адкрыў свой тэатральны сезон спектаклем «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча. Традыцыйнымі сталі пастаноўкі рускай і замежнай класікі («Ідыёт» паводле Ф. Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі – паладзім» А. Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я. Райніса, «Утаймаванне свавольніцтва» У. Шэкспіра і інш.). Плённым быў зварот і да сучаснай замежнай драматургіі. Сцэнічныя творы «Сола для гадзінніка з боем» А. Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю. О’Ніла, «Эмігранты» С. Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж. Патрыка вызначаліся дакладным раскрыццём аўтарскай задумы, паглыбленымі характарамі. Асаблівая ўвага аддавалася падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю В. Дуніна-Марцінкевіча. Спектакль «Правілы гонару» В. Бабровіча расказваў пра дзекабрысцкі рух у Расіі 1825 г. і яго сувязь з Беларуссю. Сцэнічны твор «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнай надзеі» А. Асташонка прысвечаны жыццю і дзейнасці В. Дуніна-Марцінкевіча. У рэпертуары тэатра з’явілася шмат спектакляў на беларускай мове («Янка і Ружа» У. Ягоўдзіка, «Мікітаў лапаць» М. Чарота, «Беларускія жарты» М. Гарэцкага і Л. Родзевіча, «Вечары ў Люцынцы» паводле В. Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У апошнія гады ўвага надаецца дзіцячай тэматыцы, а таксама музычным пастаноўкам і тэатралізаваным канцэртам. У спектаклях выкарыстоўваюцца выступленні гарадскіх музычных гуртоў. Створана шмат музычных пастановак пры ўдзеле бабруйскіх кампазітараў В. Сажына («Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Чырвоная Шапачка» Я. Шварца, «Мэры Попінс» паводле П. Трэверс), Я. Гіршына («Пігмаліён» Б. Шоу, «Па шчупаковым загадзе» В. Чэрапавай). На сучасным этапе тэатр працягвае арыентавацца на творы беларускіх аўтараў. Створаны спектаклі па п’есах А. Карэліна («Хачу быць хамячком»), А. Дударава («Не пакідай мяне», «Нерон»), Ю. Сохара («Страцім-лебедзь»), В. Аляксеева («Сярэбраныя крылы»), У. Рудава («Камедыя»), Я. Купалы («Прымакі») і інш.
У розны перыяд галоўнымі рэжысёрамі былі В. Каралько, Ф. Пуховіч, М. Кавальчык, В. Мухін, Г. Несцер, С. Палешчанкоў, В. Ласоўскі, Т. Дарагабед, М. Сохар. Галоўнымі мастакамі працавалі І. Чумакоў, А. Лешчанка, В. Казлоўскі, У. Матросаў, С. Антонаў, В. Навакоўскі, П. Анашчанка і інш. Свае пастаноўкі ў тэатры ажыццяўлялі рэжысёры А. Каменская, В. Утораў, У. Унукаў, В. Смяян, В. Баркоўскі, У. Савіцкі, Л. Бархатава, Я. Натапаў, Р. Таліпаў, Л. Манакова і інш. Выдатныя вобразы стварылі на сцэне акцёры А. Парфяновіч, Б. Баеў, Т. Бандарчык, Н. Калаптур, П. Масцераў, Ю. Саевіч, Ж. Зарэмба, В. Філатаў, Л. Федчанка і інш.
Калектыў з’яўляецца адным з арганізатараў Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Тэатр прымаў удзел у Міжнародным тэатральным фестывалі «Класіка сёння» (Украіна), Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме «М.art.кантакт» (Магілёў), Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг» (Расія). Выязджаў на гастролі ў Смаленск, Бранск і Калугу. У 2014 г. прадстаўляў свой спектакль «Лес» паводле А. Астроўскага ў горадзе-пабраціме Пухаве (Славакія). Наладжаны цёплыя творчыя сувязі з іншымі тэатрамі Беларусі. Калектыў імкнецца ўразіць сваімі пастаноўкамі сучаснай беларускай драматургіі, папулярызаваць родную мову і літаратуру, адкрываць новыя імёны айчынных аўтараў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.