Дата пачатку: 06.1960
Кароткая даведка: штомесячны бібліяграфічны бюлетэнь Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Скарочаныя назвы: Новыя кнігі
Папярэднія назвы: Новыя кнігі Беларусі; Новыя кнігі БССР
Паўстагоддзя Нацыянальная бібліятэка Беларусі складае своеасаблівы бібліяграфічны летапіс жыцця краіны – бюлетэнь “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”. За гады свайго існавання паказальнік стаў папулярным бібліяграфічным выданнем не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Дапаможнік карыстаецца вялікім попытам сярод ведамстваў і арганізацый рэспублікі, а таксама індывідуальных спажыўцоў: штомесячны тыраж складае больш за 1100 экзэмпляраў, якія практычна ўсе заказваюцца па падпісцы. “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку” прадастаўляюць аператыўную інфармацыю аб найбольш значных навінках айчыннага друку. Па бюлетэні можна вывучаць гісторыю краіны: усе нумары дапаможніка за 50 гадоў (а іх каля 600) складаюць сапраўдную бібліяграфічную анталогію. Пра стварэнне паказальніка, удасканаленне яго структуры і зместу можна даведацца ў прапанаваным дадатку. Прадстаўленая інфармацыя будзе карысна работнікам бібліятэк, кнігазнаўцам, выкладчыкам і студэнтам, якія навучаюцца бібліятэчнай прафесіі. У дадзены матэрыял уключаны артыкулы з навуковых зборнікаў, перыядычных выданняў, у тым ліку і прафесійных, падручнікаў і метадычных рэкамендацый. Храналагічныя рамкі адабранай літаратуры шырокія: 1959–2010 гг., што дазваляе прасачыць шматгадовую гісторыю бюлетэня.
Вяртанне да вытокаў
Нацыянальная бібліятэка Беларусі як інфармацыйны навукова-метадычны і каардынацыйны цэнтр рэспублікі мае даўнія традыцыі ў рэкамендацыйнай бібліяграфіі. Аб тым, што дзейнасць у галіне спецыяльнай бібліяграфіі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў работы бібліятэкі, сведчыць той факт, што на працягу паўстагоддзя выходзіць бюлетэнь “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”. Яго гісторыя пачынаецца ў 1950-я гг., якія былі адзначаны павышэннем увагі да рэкамендацыйнай бібліяграфіі Беларусі, актывізацыяй работы па стварэнні рэспубліканскай сістэмы рэкамендацыйных бібліяграфічных дапаможнікаў і павышэнні іх эфектыўнасці ў кіраванні чытаннем і прапагандзе кнігі. У гэты час ЦК КП(б)Б, Савет Міністраў БССР і іншыя кіруючыя органы рэспублікі неаднаразова прымалі рашэнні аб мерах па карэнным удасканаленні рэкамендацыйнай бібліяграфіі. Так, у пастанове ЦК КП(б)Б “Аб паляпшэнні работы сельскіх і калгасных бібліятэк рэспублікі” (1951) была пастаўлена задача сістэматычнага выпуску і выкарыстання рэкамендацыйнай бібліяграфічнай прадукцыі. У мэтах паляпшэння камплектавання кніжных фондаў бібліятэк сельскай мясцовасці быў зацверджаны загад міністра культуры БССР ад 9 лютага 1954 г. «Аб выданні рэкамендацыйнага спіса “Новыя кнігі” Дзяржбібліятэкай БССР імя У. І. Леніна». У пастанове калегіі Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў пры Савеце Міністраў БССР ад 4 верасня 1950 г. “Аб стане і мерах па паляпшэнні работы Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна” загадвалася Дзяржаўнай бібліятэцы БССР (ДБ БССР) як рэспубліканскаму метадычнаму цэнтру ў галіне бібліяграфіі прыняць меры па павышэнні якасці рэкамендацыйнай бібліяграфічнай работы і ў гэтых мэтах рэарганізаваць даведачна-бібліяграфічны аддзел у навукова-бібліяграфічны (быў утвораны ў 1951 г.) з пашырэннем яго функцый як цэнтра рэкамендацыйнай бібліяграфіі.
У 1950-х гг. ДБ БССР у сваёй рабоце па рэкамендацыйнай бібліяграфіі выпрабавала розныя віды і формы выданняў. Бібліятэка імкнулася знайсці сярод іх найбольш эфектыўныя спосабы паляпшэння якасці адбору літаратуры для кіравання чытаннем і распаўсюджвання праз кнігу новых ведаў. На жаль, дапаможнікі, што выдавала ДБ БССР, не прадстаўлялі сабой арганізаваную сістэму выданняў, якія ўзаемна дапаўнялі б адзін аднаго. Гэтыя паказальнікі не маглі забяспечыць разнастайныя інфармацыйныя патрэбы спажыўцоў. На погляд першага дырэктара ДБ БССР І. Б. Сіманоўскага, у рэспубліканскай сістэме дапаможнікаў не хапала пастаяннага аператыўнага органа рэкамендацыйнай бібліяграфіі. Іосіф Бенцыянавіч уяўляў гэты паказальнік у якасці самастойнага перыядычнага выдання ці дадатку да іншых перыядычных органаў, напрыклад да рэспубліканскай літаратурнай газеты. У 1950-я гг. Дзяржаўнай бібліятэкай БССР неаднаразова рабіліся спробы наладзіць яго выданне. Так, у мэтах паляпшэння бягучага камплектавання бібліятэк рэспублікі ў 1951 г. па ініцыятыве І. Б. Сіманоўскага ДБ БССР сумесна з Белкнігагандлем пачала выпуск рэкамендацыйнага паказальніка “Новыя кнігі БССР”, які праіснаваў нядоўга: у свет выйшла толькі сем нумароў. У 1954 г. бібліятэка самастойна пачала выданне бюлетэня “Новыя кнігі БССР”, які ўключаў звесткі аб новых беларускіх кнігах і літаратуры цэнтральных выдавецтваў, неабходных раённым, сельскім і калгасным бібліятэкам. Паказальнік праіснаваў да 1956 г. Неабходнасць у ім адпала ў сувязі са з’яўленнем у 1955 г. аналагічнага дапаможніка Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У. І. Леніна і штотыднёвага бюлетэня “Новыя кнігі” Усесаюзнай кніжнай палаты. Выданне было адноўлена ў 1958 г. у якасці дадатку да “Летапісу друку БССР”. Бюлетэнь рассылаўся масавым бібліятэкам рэспублікі. Аднак па сваім змесце ён заставаўся дапаможнікам па камплектаванні, а не паўнавартасным рэспубліканскім органам рэкамендацыйнай бібліяграфіі, выпуск якога стаў магчымы толькі пасля прыняцця пастановы ЦК КПСС “Аб стане і мерах паляпшэння бібліятэчнай справы ў краіне” (1959 г.) і пастановы ЦК КПБ “Аб мерах па паляпшэнні работы бібліятэк рэспублікі” (1959 г.).
У чэрвені 1960 г. пад кіраўніцтвам І. Б. Сіманоўскага ўзнавілася выданне штомесячнага бібліяграфічнага бюлетэня “Новыя кнігі БССР” як самастойнага дапаможніка, стварэнне якога дазволіла ДБ БССР, абласным і масавым бібліятэкам рэспублікі адмовіцца ад выпуску малых форм рэкамендацыйнай бібліяграфіі – кароткіх спісаў літаратуры па актуальных тэмах. Галоўнай задачай паказальніка “Новыя кнігі БССР” з’яўлялася азнаямленне бібліятэчных і кнігагандлёвых работнікаў, а таксама шырокага кола чытачоў з навейшай літаратурай па ўсіх галінах ведаў. Акрамя таго, бюлетэнь павінен быў стаць метадычным дапаможнікам для бібліятэк рэспублікі ў арганізацыі інфармацыйна-бібліяграфічнай дзейнасці. Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі надаваў шмат увагі распрацоўцы структуры і зместу выдання, якому была адведзена значная роля ў комплексным адлюстраванні рэспубліканскага дакументапатоку. Структура і методыка складання матэрыялаў дазвалялі спалучаць у бюлетэні функцыі органа бягучай інфармацыі і рэкамендацыйнага бібліяграфічнага дапаможніка. Варта больш падрабязна звярнуцца да апісання структуры паказальніка 1960-х – 1970-х гг., каб асэнсаваць яе прадуманасць і каштоўнасць, таму што некаторыя прыёмы падачы інфармацыі захаваліся і сёння. Бюлетэнь “Новыя кнігі БССР” складаўся з наступных раздзелаў: “Кнігі за… (месяц)”, “Рыхтуюцца да выпуску”, “Беларуская ССР у друку СССР”, “Рэцэнзіі на новыя беларускія выданні, якія атрымалі станоўчую адзнаку”, “Памятныя даты”, “Хроніка”, “Парады бібліятэкару”. Акрамя гэтых пастаянных раздзелаў у выданні і ў дадатках да яго публікаваліся рэкамендацыйныя спісы літаратуры па актуальных пытаннях. Раздзел “Кнігі за… (месяц)” змяшчаў пералік выданняў за мінулы месяц, які складаўся Кніжнай палатай БССР (у той час структурнае падраздзяленне ДБ БССР) на базе рэспубліканскага кантрольнага экзэмпляра. У раздзел уключаліся звесткі аб кнігах беларускіх выдавецтваў, акрамя падручнікаў, каталогаў выставак, праграм для сярэдняй школы, аўтарэфератаў дысертацый, вузкаведамасных і малатыражных выданняў. Важным крытэрыем адбору дакументаў з’яўляўся тыраж: уключаліся кнігі, тыраж якіх складаў больш за 1000 экз. У канцы кожнага бібліяграфічнага апісання было пазначана, якім тыпам бібліятэк (абласным, раённым, гарадскім, сельскім ці дзіцячым) прапануецца набыць кнігу. Звесткі аб дакументах былі дапоўнены індэксамі Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі (ББК), згодна з якой ажыццяўлялася сістэматызацыя матэрыялу, што дазваляла бібліятэкарам злучыць гэтую інфармацыю з сістэматычным каталогам і сістэматычнай картатэкай артыкулаў у мэтах бібліяграфічнага абслугоўвання. Раздзел “Рыхтуюцца да выпуску” інфармаваў аб кнігах, якія павінны былі выйсці ў свет у бліжэйшыя два-тры месяцы. Звесткі прыводзіліся ў адпаведнасці з тэмпланамі беларускіх выдавецтваў. У адрозненне ад папярэдняга раздзела бібліяграфічныя апісанні дапаўняліся анатацыямі. Групоўка бібліяграфічных запісаў ажыццяўлялася па аналогіі з першым раздзелам. Беларусазнаўчая інфармацыя была прадстаўлена ў раздзеле “Беларуская ССР у друку СССР”, дзе адлюстроўваліся каштоўныя па змесце кнігі пра Беларусь, выдадзеныя вялікім тыражом, ці напісаныя беларускімі аўтарамі. Уключаліся выданні цэнтральных і іншых выдавецтваў саюзных рэспублік, а таксама артыкулы з масавых цэнтральных часопісаў. У раздзеле “Рэцэнзіі на новыя беларускія выданні, што атрымалі станоўчую адзнаку” змяшчаліся артыкулы, апублікаваныя ў мінулым месяцы ў рэспубліканскім перыядычным друку. Уключаліся першыя крытычныя водгукі на кнігі, а таксама рэцэнзіі, што з’явіліся пазней. Шырока выкарыстоўваліся прыём цытавання і сістэма спасылак да папярэдніх нумароў бюлетэня, у якіх былі прадстаўлены звесткі аб першых крытычных ацэнках усіх надрукаваных выданняў. Сістэматызацыя бібліяграфічных запісаў ажыццяўлялася па галінах ведаў, што дапамагала спецыялістам у розных сферах арыентавацца ў новай літаратуры. З 1968 г. раздзел называўся “Рэцэнзіі на беларускія выданні”. Раздзел “Памятныя даты” ўяўляў сабой каляндар знамянальных і памятных дат рэспубліканскага значэння, дзе змяшчаліся матэрыялы да юбілеяў асоб, якія пакінулі значны след у гісторыі і культуры Беларусі. Адлюстроўвалася інфармацыя аб важнейшых гістарычных падзеях, асвятляліся падзеі палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця краіны. Да юбілейных і памятных дат беларусазнаўчага характару змяшчаліся кароткія спісы літаратуры, выдадзенай галоўным чынам беларускімі выдавецтвамі. Да дат міжнароднага і ўсесаюзнага значэння прапанавалася літаратура цэнтральных і рэспубліканскіх выдавецтваў, з 1965 г. – толькі беларускіх. Спісы літаратуры дапаўняліся даведкамі, часам – статыстычнымі данымі і цытатамі. Матэрыял публікаваўся за два-тры месяцы да юбілею, што давала магчымасць бібліятэкам своечасова падрыхтаваць масавыя мерапрыемствы. Акрамя бібліяграфічных матэрыялаў у бюлетэні пад назвай “Хроніка” змяшчалася інфармацыя аб новых з’явах і падзеях у бібліятэчным жыцці рэспублікі: рабоце па прапагандзе кнігі, найбольш цікавых масавых мерапрыемствах, семінарах бібліятэчных работнікаў і інш. У бюлетэні друкаваліся і метадычныя матэрыялы па розных пытаннях бібліятэчнай дзейнасці (“Парады бібліятэкару”): па выкарыстанні бюлетэня “Новыя кнігі БССР”, выдання Усесаюзнай кніжнай палаты “Новые книги”, анатаваных картак пры камплектаванні кніжных фондаў масавых бібліятэк, па методыцы работы з рэкамендацыйнымі спісамі літаратуры па асновах палітычных ведаў і г. д. У дапаможніку друкаваліся адказы на запыты і пытанні бібліятэкараў па падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў у бібліятэках розных тыпаў. Дадзеныя метадычныя парады дапаўняліся спісамі літаратуры па тэме. На старонках паказальніка і ў дадатках да яго публікаваліся рэкамендацыйныя бібліяграфічныя спісы па актуальных пытаннях, але ў першыя гады выдання бюлетэня яны былі кароткімі і неанатаванымі. У іх уключаліся навукова-папулярныя кнігі, грамадска значныя артыкулы з цэнтральнага і рэспубліканскага перыядычнага друку. З 1962 г. большасць бібліяграфічных спісаў сталі анатаванымі. У 1964–1965 гг. тэматыка дадаткаў стала больш разнастайнай: у бібліяграфічных спісах знайшлі адлюстраванне выданні па прыродазнаўстве, тэхніцы, мастацкай літаратуры і мастацтве. У якасці дадаткаў публікаваліся таксама анатаваныя спісы новых метадычных і бібліяграфічных дапаможнікаў, гутаркі аб асобных найбольш цікавых і карысных новых кнігах. З 1964 г. у дадатках змяшчаліся бібліяграфічныя агляды, у тым ліку агляды твораў беларускай мастацкай літаратуры. У мэтах аказання дапамогі масавым бібліятэкам у планаванні работы публікаваліся план дадаткаў і пералік асноўных дат беларускага календара на наступны год. У дванаццатым нумары паказальніка друкаваўся спіс «Матэрыялы, апублікаваныя ў бюлетэні “Новыя кнігі БССР” у… годзе», дзе адлюстроўваліся дадаткі да выдання, кароткія спісы літаратуры і матэрыялы да памятных дат.
Згодна з Палажэннем аб каардынацыі дзейнасці бібліятэк Беларускай ССР у галіне рэкамендацыйнай і навукова-інфармацыйнай бібліяграфіі і даведачна-бібліяграфічнай работы (1962), пастановай Міністэрства культуры БССР “Аб далейшым развіцці і выкарыстанні рэкамендацыйнай бібліяграфіі ў рэспубліцы” (1964), Палажэннем аб сістэме дапаможнікаў рэкамендацыйнай бібліяграфіі (1971), Палажэннем аб удзеле бібліятэк Беларускай ССР у стварэнні сістэмы дапаможнікаў рэкамендацыйнай бібліяграфіі (1974), якое было зацверджана Міністэрствам культуры БССР і адобрана Міжведамаснай камісіяй па каардынацыі дзейнасці спецыяльных, навуковых і тэхнічных бібліятэк пры Дзяржплане БССР, ДБ БССР была прызначана каардынацыйным і метадычным цэнтрам у галіне рэкамендацыйнай бібліяграфіі ў БССР. У яе абавязкі ўваходзілі не толькі планаванне і распрацоўка прапаноў па ўдасканаленні сістэмы бібліяграфічных дапаможнікаў у рэспубліцы, вывучэнне і абагульненне лепшага вопыту работы бібліятэк у галіне рэкамендацыйнай бібліяграфіі, але і выданне дапаможніка “Новыя кнігі БССР”. Бібліятэцы было даручана пашырэнне публікацыі ў бюлетэні рэкамендацыйных бібліяграфічных матэрыялаў па найбольш актуальных пытаннях. У мэтах каардынацыі дзейнасці бібліятэк Беларусі на рэспубліканскай нарадзе па бібліяграфіі (26–27 лістапада 1969 г.) абласным бібліятэкам было прапанавана з 1971 г. прыняць актыўны ўдзел у складанні матэрыялаў да памятных і юбілейных дат рэгіянальнага значэння для бюлетэня “Новыя кнігі БССР”. Пры падрыхтоўцы рэкамендацыйных бібліяграфічных матэрыялаў па актуальных пытаннях для дапаможніка Дзяржаўнай бібліятэкай БССР здзяйснялася кааперацыя з Кніжнай палатай і бібліятэкамі Беларусі незалежна ад значэння, прызначэння і зместу бібліятэчных фондаў. У розныя гады ДБ БССР метадам анкетнага апытання вывучала выкарыстанне бюлетэня “Новыя кнігі БССР” у бібліятэках розных тыпаў. У выніку даследаванняў было выяўлена, што ўжо ў першыя гады свайго існавання ён стаў неабходным дапаможнікам для масавых бібліятэк. Выданне ўжывалася пры камплектаванні і дакамплектаванні фондаў, планаванні работы, правядзенні масавых мерапрыемстваў, кіраўніцтве чытаннем, у даведачнай і інфармацыйнай дзейнасці. Вялікім попытам карысталіся рэкамендацыйныя бібліяграфічныя спісы ў дадатках да бюлетэня і раздзел “Памятныя даты”. Аб папулярнасці паказальніка сведчыла пастаяннае павелічэнне тыражу і рост падпіскі. У адказах на пытанні анкет бібліятэкары называлі бюлетэнь “каштоўным дапаможнікам”, “самым патрэбным з рэспубліканскіх выданняў, якое аказвае дзейсную практычную дапамогу” і г. д. Структура і змест паказальніка, а таксама методыка складання матэрыялаў пастаянна ўдасканальваліся ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Павышалася якасць анатацый, павялічвалася колькасць беларусазнаўчага матэрыялу ў календары памятных дат, публікавалася інфармацыя аб новых беларускіх і саюзных бібліяграфічных дапаможніках, у раздзеле “Кнігі за... (месяц)” удасканальвалася сістэматызацыя літаратуры. У 1965 г. у паказальнік быў уведзены новы раздзел “Па старонках беларускіх часопісаў”, дзе адлюстроўваліся артыкулы беларусазнаўчага характару, а таксама па актуальных пытаннях. Ён шырока выкарыстоўваўся масавымі бібліятэкамі пры вядзенні краязнаўчых і бягучых тэматычных картатэк. Некаторы час у бюлетэні друкаваліся матэрыялы па гісторыі бібліятэк Беларусі пад рубрыкай “Ветэраны бібліятэчнай справы”. Як бы не змянялася структура дапаможніка, у ім заўсёды адлюстроўвалася новая літаратура і станоўчыя рэцэнзіі на беларускія выданні.
На працягу трыццаці гадоў змест “Новых кніг БССР” заставаўся амаль без змяненняў, але пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай Рэспублікі Беларусь тэматыка бюлетэня змянілася. У пачатку 1990-х гг. яго складальнікі звярнуліся да беларусазнаўчай тэматыкі. На старонках выдання рабілася спроба бібліяграфічнымі сродкамі зазірнуць у мінулае краіны, асэнсаваць гісторыю і культуру беларускага народа. У гэты час была апрабавана методыка спалучэння бібліяграфічнай і фактаграфічнай інфармацыі. Згодна з патрабаваннямі часу адбыліся змены ў структуры бюлетэня, якія былі нацэлены на больш поўнае задавальненне інфармацыйных патрэб карыстальнікаў і аказанне дапамогі масавым бібліятэкам па асноўных напрамках іх дзейнасці. У 1991 г. раздзел “Кнігі за… (месяц)” быў перайменаваны ў “Навінкі беларускага друку”, раздзел “Рэцэнзіі на беларускія выданні” – у “У полі зроку рэцэнзента”. У першы раздзел былі ўведзены новыя падраздзелы: “Пра Беларусь і беларусаў” (у 1992 г. стаў называцца “Пра Беларусь і яе жыхароў”), “Папулярна аб усім”, “Мастацкая літаратура”, “Кнігі – дзецям”, “У дапамогу прафесійнаму чытанню”. Унутры падраздзелаў былі выдзелены актуальныя рубрыкі. З рэарганізацыяй раздзела “Навінкі беларускага друку” змяніўся і яго змест: у ім знайшлі адлюстраванне не толькі найбольш значныя кнігі, але і артыкулы з рэспубліканскіх часопісаў і газет, што было ацэнена даследчыцамі С. В. Зыгмантовіч і В. І. Саітавай як удалае метадычнае рашэнне. У гэтым раздзеле не адлюстроўваліся кнігі для вузкіх спецыялістаў. У 1991 г. даведачны апарат бюлетэня пашырыўся за кошт уключэння ў яго склад дапаможных паказальнікаў да раздзела “Навінкі беларускага друку” – персанальнага, геаграфічнага і прадметна-тэматычнага (пазней стаў называцца прадметным), што палепшыла пошукавыя якасці выдання. Змены ў структуры, змесце і методыцы бібліяграфавання матэрыялаў пераўтварылі дапаможнік у каштоўную беларусазнаўчую крыніцу. Назва бюлетэня неаднаразова змянялася: з 1992 г. ён называўся “Новыя кнігі Беларусі”, а з дзевятага нумара 1995 г. і да сённяшняга дня – “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”.
Некалькі пакаленняў бібліёграфаў ДБ БССР унеслі вялікі ўклад у развіццё рэкамендацыйнай бібліяграфіі, удасканаленне структуры, зместу і методыкі складання дапаможніка. Матэрыялы для паказальніка складаліся супрацоўнікамі розных структурных падраздзяленняў бібліятэкі: навукова-метадычнага і рэдакцыйна-выдавецкага аддзелаў, аддзела беларускай літаратуры і бібліяграфіі. Працу над “Новымі кнігамі…” узначальваў навукова-бібліяграфічны аддзел (сёння навукова-даследчы аддзел бібліяграфіі), у складзе якога ў 1961 г. была ўтворана група рэкамендацыйнай бібліяграфіі. Заслугоўваюць слоў шчырай падзякі складальнікі і рэдактары бюлетэня, без руплівасці і творчага гарэння якіх кожны яго нумар не быў бы такі знакавы і адметны. Ля вытокаў “Новых кніг…” стаялі Н. В. Каляда і заслужаны дзеяч культуры Беларусі А. П. Дземчанкава, якія здзяйснялі агульную рэдакцыю паказальніка. У першыя гады існавання дапаможніка складаннем бібліяграфічных матэрыялаў займаліся Ф. І. Мільчына, В. Н. Дышыневіч, Т. І. Грынкевіч, Р. І. Кулагіна і інш. Больш за трыццаць гадоў прысвяцілі бюлетэню выдатныя бібліёграфы: А. В. Мураўёва (узнагароджана медалём Францыска Скарыны), М. А. Каваленка, А. І. Леў, Т. К. Лазарук, Т. Я. Мамедава, К. Дз. Варанько, І. В. Нарчук і інш. Каля дваццаці гадоў складаннем і рэдагаваннем матэрыялаў для бюлетэня займалася З. Л. Елісавецкая, больш за дзесяць гадоў над дапаможнікам працавалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны В. М. Сіленка, а таксама Г. І. Антонава, Г. В. Брага, В. У. Ліхімовіч і інш. Дзякуючы плённай працы гэтых высокакваліфікаваных спецыялістаў “Новыя кнігі…” набылі папулярнасць і аўтарытэт сярод беларускіх карыстальнікаў. Бюлетэню прысвечаны публікацыі вучоных у галіне бібліяграфазнаўства, супрацоўнікаў ДБ БССР, а таксама работнікаў бібліятэк Беларусі, якія актыўна выкарыстоўвалі дапаможнік у сваёй працы.
“Новыя кнігі: па старонках беларускага друку” сёння
Пяцьдзесят гадоў бюлетэнь выконвае функцыі добрага дарадчыка і незаменнага памочніка для бібліятэкараў, настаўнікаў, выкладчыкаў, спецыялістаў у розных галінах, навучэнцаў, абітурыентаў і студэнтаў. Выданне дапамагае арыентавацца ў патоку новых беларускіх кніг і публікацый у перыядычным друку, знаёміць з бібліяграфічнымі спісамі па грамадска значных і актуальных тэмах, датамі беларускага календара. Структура і методыка складання матэрыялаў дазваляюць спалучаць у дапаможніку як бягучую, так і рэтраспектыўную універсальную, праблемна-тэматычную і персанальную інфармацыю. Паказальнік складаецца з пастаянных раздзелаў “Навінкі беларускага друку” і “У полі зроку рэцэнзента”. Першы з іх інфармуе аб найбольш значных навінках беларускага друку на беларускай і рускай мовах. У раздзел уключаюцца кнігі беларускіх выдавецтваў, якія паступілі ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама артыкулы з рэспубліканскіх часопісаў і газет “Літаратура і Мастацтва” і “Культура”. Інфармацыя прадстаўлена ў шасці падраздзелах. У падраздзеле “Што чытаць пра Беларусь” (да 2003 г. называўся “Пра Беларусь і яе жыхароў”) адлюстроўваюцца матэрыялы, прысвечаныя гісторыі, культуры, прыродзе Беларусі, роднай мове, спорту, а таксама знакамітым ураджэнцам і дзеячам краіны. Спецыялістам у розных галінах прызначаны падраздзел “У дапамогу прафесійнаму чытанню”. Добрым навігатарам па навучальнай і даведачнай літаратуры з’яўляецца рубрыка “У дапамогу абітурыенту”. Падраздзел “Папулярная літаратура і літаратура для самаадукацыі” прапануе літаратуру па ўсіх галінах ведаў. Падраздзел “Мастацкая літаратура” ўключае звесткі пра кнігі і часопісныя публікацыі раманаў, аповесцей, п’ес, паэм. Аб лепшых новых выданнях дзіцячай мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры інфармуе падраздзел “Кнігі і публікацыі – дзецям”. Бібліяграфічныя запісы ў раздзеле “Навінкі беларускага друку” складаюцца ў адпаведнасці з ДАСТамі 7.1-2003 “Библиографическая запись. Библиографическое описание. Общие требования и правила составления”, 7.80-2000 “Библиографическая запись. Заголовок. Общие требования и правила составления”, 7.12-93 “Библиографическая запись. Сокращение слов на русском языке. Общие требования и правила”, СТБ 7.12-2001 “Бібліяграфічны запіс. Скарачэнне слоў і словазлучэнняў на беларускай мове. Агульныя патрабаванні і правілы”. У выпадку неінфарматыўнасці назвы бібліяграфічныя звесткі аб крыніцах інфармацыі дапаўняюцца ўдакладняючымі анатацыямі, у якіх раскрываюцца геаграфічныя назвы, прозвішчы, даты, што дазваляе карыстальніку арыентавацца ў мностве прапанаваных матэрыялаў. Групоўка бібліяграфічных запісаў у раздзеле “Навінкі беларускага друку” ажыццяўляецца згодна са схемай класіфікацыі ББК. Унутры дзяленняў класіфікацыйнай схемы вылучаюцца тэматычныя рубрыкі. У межах апошніх дзяленняў запісы размяшчаюцца ў храналагічнай, лагічнай ці алфавітнай паслядоўнасці. Шырока выкарыстоўваецца сістэма адсылак. Раздзел “У полі зроку рэцэнзента” паведамляе пра рэцэнзіі з беларускага перыядычнага друку на выданні, уключаныя ў “Навінкі беларускага друку” ў розныя гады. Эфектыўны даведачны апарат робіць бюлетэнь каштоўнай крыніцай бібліяграфічнага пошуку. Пры выяўленні беларусазнаўчых і краязнаўчых матэрыялаў выкарыстоўваецца геаграфічны дапаможны паказальнік, пры пошуку інфармацыі аб знакамітых асобах – персанальны. Навігатарам па літаратуры па розных галінах ведаў з’яўляецца прадметны паказальнік. Акрамя дапаможных паказальнікаў у кожным дванаццатым нумары змяшчаецца раздзел «Матэрыялы, апублікаваныя ў “Новых кнігах” у... годзе».
Значна дапаўняюць бюлетэнь дадаткі, што выходзяць пад адной вокладкай з выданнем. Яны могуць быць выкарыстаны як самастойныя бібліяграфічныя дапаможнікі. Большасць матэрыялаў, апублікаваных у дадатках, дапамагаюць зазірнуць у мінулае Беларусі, асэнсаваць гісторыю і сучаснасць, здабыткі культуры, асвятляюць актуальныя пытанні. На старонках бюлетэня арганічна спалучаецца бібліяграфічная і фактаграфічная інфармацыя: асобныя нумары дадаткаў змяшчаюць “Беларускі каляндар, ...год”, які ўяўляе сабой пералік найбольш значных юбілейных і памятных дат, што будуць адзначацца ў наступным годзе. Спіс фарміруецца на аснове універсальнай беларусазнаўчай базы даных “Беларусь у асобах і падзеях”. У якасці дадаткаў у бюлетэні сістэматычна друкуюцца “Даты беларускага календара”, у якіх змяшчаюцца матэрыялы, прысвечаныя грамадска значным падзеям культурнага жыцця рэспублікі, юбілеям знакамітых дзеячаў Беларусі. Памятныя даты складаюцца з біяграфічных ці гістарычных даведак, а таксама са спіса літаратуры. План дадаткаў на наступны год публікуецца ў дванаццатым нумары бюлетэня.
Частка дадаткаў – вялікія па аб’ёме анатаваныя бібліяграфічныя спісы і агляды літаратуры, якія маюць вызначаную структуру, дапаўняюцца ўступным словам, невялікімі ўводнымі тэкстамі да асноўных раздзелаў. У мэтах папулярызацыі нацыянальнай культурнай і гістарычнай спадчыны ў дадатках да бюлетэня змяшчаюцца матэрыялы беларусазнаўчага характару. Так, у паказальніку былі апублікаваны наступныя бібліяграфічныя спісы па актуальных тэмах: “Да 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа” (2007, № 4), “Новыя творы беларускай мастацкай літаратуры” (2008, № 9), “Беларускае мастацтва на старонках выданняў XXI ст.” (2007, № 11), “Да 940-годдзя з часу першага летапіснага ўпамінання Мінска” (2007, № 7), “Свяшчэннай памяццю авеяныя гады: да 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” (2010, № 3), “Праз полымя вайны: да 65-годдзя вызвалення Беларусі” (2009, № 4), “Да 20-годдзя чарнобыльскай катастрофы” (2006, № 3), “Цуд некранутай прыроды” (2009, № 9), “Беларусь туристическая” (2009, № 11), “Беларусь спортивная” (2006, № 10), “Будущее страны строить молодым. Дети и молодежь Беларуси” (2008, № 3), “Современное белорусское село” (2006, № 11), “ООН и Беларусь: вчера, сегодня, завтра” (2005, № 9, 11) і інш. У бібліяграфічным спісе “Нацыянальная бібліятэка Беларусі на шляху развіцця: да адкрыцця новага будынка” (2005, № 8) паказана яе гісторыя, асноўныя напрамкі дзейнасці, характарыстыка унікальнага будынка – брыліянта ведаў. Гістарычная даведка дапоўнена спісам друкаваных і электронных выданняў бібліятэкі.
У складанні матэрыялаў да памятных дат і тэматычных бібліяграфічных спісаў прымаюць удзел рэспубліканскія, абласныя бібліятэкі. Так, да дадатку пад назвай “Бібліятэкі – юбіляры 2010 года” (2010, № 6) буйнейшыя бібліятэкі Беларусі падрыхтавалі спісы літаратуры і цікавыя гістарычныя даведкі. Сярод пастаянных аўтараў дадаткаў да бюлетэня трэба адзначыць Навукова-педагагічную бібліятэку, якая штогод публікуе бібліяграфічныя спісы, прызначаныя для выкладчыкаў, настаўнікаў, дзіцячых псіхолагаў і ўсіх тых, хто займаецца адукацыяй і выхаваннем маладога пакалення: “Псіхалагічныя веды – педагогу” (2000, № 7), “Одаренные дети: их особенности и организация работы с ними” (2008, № 4), “Метадычная літаратура – настаўніку-прадметніку” (2009, № 3), “Інавацыйная дзейнасць ва ўстановах адукацыі” (2007, № 3), “Профільнае навучанне ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі” (2006, № 4) і інш.
Пры складанні бібліяграфічных матэрыялаў выкарыстоўваецца інавацыйны падыход: некаторыя спісы дапаўняюцца спасылкамі на афіцыйныя аўтарытэтныя інтэрнэт-рэсурсы.
Аналіз структуры і зместу “Новых кніг: па старонках беларускага друку” сведчыць аб тым, што выданне ўключае ў сябе дапаможнікі разнастайных форм, жанраў, рознага функцыянальна-мэтавага прызначэння. Дзякуючы комплекснасці прадстаўленага матэрыялу, універсальнасці яго зместу бюлетэнем карыстаюцца ўсе катэгорыі спажыўцоў, незалежна ад узроўню інфармацыйнай культуры, узросту, адукацыі, прафесійных і асабістых інтарэсаў. Паказальнік паспяхова прымяняецца ў прафесійнай, вытворчай, адукацыйнай і самаадукацыйнай дзейнасці. Аператыўны выхад у свет, наяўнасць цікавых рубрык, даведачна-пошукавага апарату, актуальнасць тэм дадаткаў надаюць выданню статус каштоўнай беларусазнаўчай крыніцы інфармацыі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.