Значнай падзеяй стала адкрыццё ў Маладзечне ў 1864 г. настаўніцкай семінарыі – адной з першых у Расійскай Імперыі сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых народных вучылішчаў. Над праектам стварэння такіх устаноў працаваў вядомы рускі педагог К. Д. Ушынскі. Многія палажэнні гэтага праекта ўпершыню рэалізаваліся ў Беларусі, дзе за даволі кароткі тэрмін было створана некалькі настаўніцкіх семінарый. Заснавальнікамі Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі лічацца папячыцель Віленскай навучальнай акругі князь А. П. Шырынскі-Шыхматаў, віленскі генерал-губернатар граф М. М. Мураўёў, вядомы дзеяч народнай адукацыі, археолаг і педагог М. П. Авенарыус. Гэта была адкрытая навучальная ўстанова з двухгадовым тэрмінам навучання, пасля 1907 г. ён павялічыўся да чатырох гадоў. Там маглі атрымліваць адукацыю юнакі з 17 гадоў – выхадцы з розных саслоўяў, але перавага аддавалася дзецям сялян. Семінарысты вывучалі Закон Божы, рускую і царкоўнаславянскую мовы, асновы педагогікі, арыфметыку, геаметрыю, каморніцтва, чарчэнне, рускую гісторыю, геаграфію, чыстапісанне, спевы. За кожны год яны здавалі пераводныя экзамены. У семінарыі строга сачылі за распарадкам дня і агульным рэжымам, які нагадваў армейскі: усё было разлічана па хвілінах. Навучэнцы самі апрацоўвалі зямлю пры семінарыі, былі садоўнікамі, нават царкоўнымі старастамі, працавалі ў сталярных майстэрнях. У 1870 г. пры семінарыі заснавана метэаралагічная станцыя, пазней пачалі працаваць бібліятэка і музей. Пачынаючы з 1905 г. тут дзейнічаў драматычны гурток, дзе ставіліся спектаклі па творах М. Гогаля, А. Чэхава, А. Астроўскага і інш. Семінарысты мелі магчымасць вучыцца ігры на скрыпцы, гітары, балалайцы. Нейкі час пры ўстанове працаваў створаны ўласнымі сіламі сімфанічны аркестр (капельмайстар К. Дандо), а хор, арганізаваны ў 1865 г. настаўнікам Ю. Ф. Крачкоўскім, лічыўся лепшым у Беларусі. Выхаванцы семінарыі займаліся зборам і вывучэннем фальклору, частка якога была змешчана ў кнізе «Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае» П. А. Гільтэбранта. Значнае месца ў падрыхтоўцы будучых настаўнікаў займала педагагічная практыка. Яе праходзілі ў пачатковай школе, што існавала пры семінарыі з 1865 г. Сярод педагогаў было шмат цікавых, апантаных сваёй справай людзей. Добрым знаўцам свайго прадмета з’яўляўся выкладчык арыфметыкі і геаметрыі А. С. Багдановіч, які лічыў, што кожны настаўнік павінен выпрацоўваць у вучня лагічнае мысленне, уменне рашаць задачы шляхам аналізу і сінтэзу. Сапраўдным эрудытам, чулым педагогам быў С. Д. Вігілёў. Яго ўрокі ператвараліся ў займальныя падарожжы па розных краінах свету. Так склалася, што выкладчыкамі навучальнай установы былі людзі, якія шмат зрабілі для беларускай культуры: беларускія этнографы, фалькларысты М. Я. Нікіфароўскі, Ю. Ф. Крачкоўскі, магчымы аўтар папулярнай ананімнай паэмы «Тарас на Парнасе» К. В. Вераніцын. У 1914 г. у Вільні выдадзена кніга «Молодечно и его учебные заведения: к пятидесятилетию Молодечненской учительской семинарии, 1864–1914», аўтарам якой з’яўляўся апошні дырэктар семінарыі А. В. Ярушэвіч. Яна з’яўляецца своеасаблівай крыніцай звестак па гісторыі Маладзечна і гісторыі народнай адукацыі Беларусі ХIХ ст. Дзейнасць настаўніцкай семінарыі спынілася ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны. У 1915 г. навучальная ўстанова была пераведзена ў Смаленск. За больш чым 50 гадоў існавання яе выпускнікамі сталі каля 2 тыс. чалавек. Сярод іх – вядомыя беларускія настаўнікі М. Д. Іванкевіч, І. К. Касяк, В. А. Самцэвіч, А. І. Зяновіч, М. М. Кокан, С. В. Валасковіч; военачальнікі П. М. Шаранговіч, І. А. Міхалёнак, Л. С. Калядка; грамадскія дзеячы С. А. Рак-Міхайлоўскі, П. В. Мятла, А. Р. Капуцкі, Ф. І. Валынец; пісьменнік М. Чарот, спявак К. В. Пуроўскі, драматург К. Вясёлы і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.