Кароткая даведка:
закрытае акцыянернае таварыства па вытворчасці і рамонце вагонаў розных тыпаў
Скарочаныя назвы:
Гомельскі ВБЗ
Назвы на іншых мовах:
Gomel Carriage Works (англійская); Гомельский вагоностроительный завод (руская);
Папярэднія назвы:
Гомельскі вагонарамонтны завод; Гомельскі паравозавагонарамононы завод; Гомельскія галоўныя майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі
3244 сімвалы
Даведка
Адным са старэйшых прамысловых прадпрыемстаў Беларусі з’яўляецца Гомельскі вагонабудаўнічы завод. Сваю дзейнасць ён пачаў у лютым 1874 г. як майстэрні, створаныя пры Лібава-Роменскай чыгунцы для рамонту рухомага саставу, тармазоў, спецыяльнага абсталявання і іншай чыгуначнай маёмасці. На той момант майстэрні з’яўляліся самай буйной вытворчасцю ў Гомелі. Тут меліся паравозазборачны, вагонны, кавальскі, чыгуналіцейны, колавы, такарна-інструментальны і дрэваапрацоўчы цэхі, працавалі больш за 600 чалавек. У 1902 г. для забеспячэння майстэрань электрычнасцю ўзведзена паракацельня з электрастанцыяй.
Палітычныя перамены і ваенныя дзеянні ў першай чвэрці ХХ ст. прывялі да парушэння работы майстэрань. Абсталяванне некалькі разоў эвакуіравалася, рабочыя пакідалі працоўныя месцы, многія чыгуначныя лініі цалкам выйшлі са строю, каля чвэрці ўсіх вагонаў і больш за палову паравозаў былі няспраўнымі. Аднаўленне майстэрань пачалося ў 1924 г. Паступова праведзена рэканструкцыя і пашырэнне цэхаў, уведзена новае абсталяванне, павялічана магутнасць электрастанцыі, вытворчыя аб’ёмы дасягнулі даваеннага ўзроўню. У 1929 г. майстэрні перайменаваны ў Гомельскі паравозавагонарамонтны завод імя Ланцуцкага. У наступнае дзесяцігоддзе гэта буйное, добра абсталяванае прадпрыемства з больш чым 3 тыс. работнікамі штогод рамантавала каля 200 паравозаў і 600 пасажырскіх вагонаў, вырабляла 9 тыс. т запасных частак.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ўсё яго абсталяванне і маёмасць эвакуіраваны на Уфімскі паравозарамонтны завод, а будынкі амаль цалкам разбураны. Адразу пасля вызвалення горада пачалося аднаўленне і ў ліпені 1944 г. тэрмінова запушчана вытворчасць. Прадпрыемства было перайменавана ў Гомельскі вагонарамонтны завод і стала спецыялізавацца на рамонце вагонаў. У наступныя гады мадэрнізаваны тэхналагічныя працэсы: уведзена машынная зборка, бесперапынная заліўка і падводная паліроўка, створаны травільнае і эмаліровачнае аддзяленні, устаноўлены станкі з лічбавым праграмным кіраваннем. Пачаўся выраб мэблі, метызаў, дэталей для сельскагаспадарчых машын, асвойвалася пераабсталяванне пасажырскіх вагонаў пад мостадаследчыя, флюараграфічныя, радыёстанцыйныя і іншыя віды спецыяльнага прызначэння. За выдатныя паказчыкі заводу ў 1967 г. прысвоілі імя М. І. Калініна, узнагародзілі памятным Чырвоным Сцягам (1960) і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974).
Ва ўмовах рыначнай эканомікі прадпрыемства пачало прымаць шэраг мер па ўдасканальванні і ўвядзенні іншых відаў вытворчасці. З 2000 г. сумесна з Крукоўскім вагонабудаўнічым заводам (Украіна) асвоена зборка купэйнага, спальнага і цвёрда-адкрытага плацкартнага пасажырскіх вагонаў, выраб і рамонт спецыялізаванай самаходнай тэхнікі. У 2011 г. адбылася рэарганізацыя ў закрытае акцыянернае таварыства “Гомельскі вагонабудаўнічы завод”. У цяперашні час тут працуюць вагоназборачны, разборачна-камплектовачны, колава-цялежкавы, кавальска-механічны, дрэваапрацоўчы, чыгуналіцейны, энергасілавы, транспартны і інструментальны цэхі. Асноўнымі відамі дзейнасці з’яўляюцца рамонт вагонаў рознага прызначэння (больш за 150 тыпаў) і вытворчасць запасных частак для рухомага саставу, прамысловых вырабаў, абсталявання і аснасткі з чыгуна і сталі (каля 5 тыс. найменняў).