Кароткая даведка:
адкрытае акцыянернае таварыства, сумеснае прадпрыемства ў складзе канцэрна "Белдзяржхарчпрам", адзін з буйнейшых вытворцаў кандытарскіх вырабаў у Беларусі, лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2013, 2018, 2022)
Назвы на іншых мовах:
Confectionery factory «Spartak» (англійская); Кондитерская фабрика "Спартак" (руская);
Папярэднія назвы:
Гомельскі кандытарскі камбінат "Спартак"; Кандытарскае прадпрыемства "Прасвет"; Кондитерская фабрика "Просвет"
4524 сімвалы
Даведка
Гомельская кандытарская фабрыка «Спартак» з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў кандытарскіх вырабаў у Беларусі.
Прадпрыемства створана 4 чэрвеня 1924 г. і называлася «Прасвет». Першапачаткова фабрыка мела складаную структуру. У яе ўваходзілі тры самастойныя прадпрыемствы: кандытарская фабрыка «Прасвет», фабрыка імя К. Цэткін, арандаваны завод безалкагольных напіткаў. Разам з цукеркамі вырабляліся скрынкі, кулькі, канверты, сшыткі, канторскія кнігі, безалкагольныя напіткі і інш. Да канца 1924 г. фабрыка выпускала карамель, цукеркі, ірыс, мармелад, з 1925 г. – халву. У 1926 г. быў пушчаны цэх выпрацоўкі пернікаў і тым самым пакладзены пачатак бісквітнай вытворчасці. Адкрыліся фірменныя крамы для збыту вырабаў у Мінску, Чарнігаве, Бабруйску, Бранску і іншых гарадах. У гэты перыяд была праведзена рэарганізацыя кандытарскай вытворчасці. У цэхах усталявалі першыя машыны і механізмы. У кастрычніку 1927 г. фабрыцы прысвоілі імя 10-годдзя Кастрычніка. Прадпрыемства перайшло ў ведамства Гомельскага трэста харчовай прамысловасці. Сучасную назву фабрыка атрымала 8 лістапада 1931 г. У пачатку 1930-х гг. былі ўсталяваны дзве агнявыя печы з рухомымі подамі, арыгінальная машына для замесу і фармоўкі печэння механічным спосабам. Паступова вырасталі аб'ёмы вытворчасці. У 1931 г. выраблялася толькі 27 відаў вырабаў, а ў 1938 г. ужо 82 віды. У гады Вялікай Айчыннай вайны будынкі прадпрыемства былі знішчаны, аднак частка абсталявання была эвакуіравана. У 1944 г. дзейнасць фабрыкі была адноўлена. Цэхі пачалі аснашчацца аўтаматамі і паўаўтаматычнымі агрэгатамі, механізаванымі і паточнымі лініямі. У 1963 г. пачалася эксплуатацыя найноўшага абсталявання па вырабе шакаладных паўфабрыкатаў і пліткавага шакаладу. Мадэрнізацыя абсталявання і ўдасканаленне тэхналогіі вяліся бесперапынна. Вялікая ўвага надавалася якасці прадукцыі, стварэнню новых гатункаў прадукцыі. Тэхнолагі распрацоўвалі ўсё новыя і новыя рэцэпты цукерак і карамелі, вафель, пячэння, шакаладу. Кандытарскія вырабы з фірменнай маркай гомельскага «Спартака» карысталіся павышаным попытам. Іх пачалі дэманстраваць на ВДНГ СССР і міжнародных кірмашах. У 1994 г. было праведзена акцыянаванне кандытарскай фабрыкі, а ў 1998 г. створана сумеснае беларуска-амерыканскае прадпрыемства.
Сёння асноўнай дзейнасцю фабрыкі з'яўляецца вытворчасць і рэалізацыя кандытарскіх вырабаў: шакаладу і шакаладных батончыкаў, цукерак, скрынак і набораў цукерак, карамелі, вафляў і вафельных батончыкаў, пячэння, тартоў. Уся прадукцыя вырабляецца на высокатэхналагічным абсталяванні. Каб стварыць смачны і карысны прадукт, прыкладаецца нямала намаганняў для пошуку надзейных пастаўшчыкоў высакаякаснай сыравіны, што дастаўляецца з далёкага і блізкага замежжа. Пастаянная работа спецыялістаў прадпрыемства па паляпшэнні і распрацоўцы новых рэцэптур дазваляе ствараць прысмакі, здольныя задавальняць самыя розныя густы спажыўцоў. Акрамя гэтага, фабрыка перыядычна звяртаецца да сапраўдных гуру – стваральнікаў новых густаў з сусветным імем для атрымання прынцыпова новых і эксклюзіўных прысмакаў. Натуральная сыравіна, сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне і жаданне стварыць смачны і карысны прадукт дапамагаюць атрымаць вырабы, якія выгадна адрозніваюцца высокай якасцю, цудоўным смакам і неардынарнасцю выканання. Пастаянна асвойваецца вытворчасць новага асартыменту. Неабходнасць стварэння новага прадукту або ўдасканаленне дызайну вызначаюцца па выніках маркетынгавых даследаванняў і папярэдніх дэгустацый спажыўцамі. Штатныя дызайнеры, студыі дызайну з Літвы, Турцыі, Германіі і іншых краін пастаянна працуюць для таго, каб знешні выгляд упакоўкі адпавядаў высакакласнаму начынню. Строгі кантроль сыравіны, паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі ажыццяўляецца за кошт сеткі цэхавых і цэнтральных лабараторый, аснашчаных сучасным абсталяваннем. Патрабаванні да якасці вызначаны тэхнічнымі ўмовамі і ДАСТамі. Вырабы прадпрыемства сертыфікаваны па міжнароднай сістэме стандартаў. Каля 100 найменняў прадукцыі прайшлі выпрабаванні на паказчыкі бяспекі ў ЗША і атрымалі станоўчыя рэзультаты, што дазваляе зрабіць вывады аб высокай канкурэнтаздольнасці на рынку далёкага замежжа і стабільнай якасці прадукцыі на працягу апошніх гадоў. Фабрыка паспяхова прадстаўляе сваю прадукцыю на розных рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках кандытарскіх вырабаў. Асноўным экспартнымі рынкамі СП ААТ «Спартак» з'яўляюцца Расія, Азербайджан, Манголія, Малдова, Украіна, Чэхія, Абхазія, Арменія, Літва, Латвія, ЗША, Германія, Італія, Балгарыя, Казахстан і інш.