Дата пачатку: 1433 Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка: горад, цэнтр Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці
Назвы на іншых мовах: Пружаны (руская);
Папярэднія назвы: Дабучын; Добучин (рус.)
На маляўнічай раўніне на зліцці рачулак Муха і Вец, якія даюць пачатак апетаму ў легендах Мухаўцу (з гэтай нагоды тут устаноўлены памятны знак), за 89 км на паўночны ўсход ад Брэста размясціліся Пружаны – невялікі, прыгожы і ўтульны горад з багатай гісторыяй і прыкметным выглядам.
Засяленне зямель Пружаншчыны першабытнымі людзьмі пачалося яшчэ ў 7–6 тыс. да н.э. У канцы 1-га тыс. н.э. яе тэрыторыя ўваходзіла ў склад Тураўскага княства, а з канца ХІІІ–першай паловы XIV стст. – у склад Вялікага Княства Літоўскага. З 1276 г. на гэтых землях пачалі з’яўляцца балцкія плямёны прусаў, якія заснавалі на месцы сучасных Пружан сваё пасяленне пад назвай Прусаны ці Прусіяны. Ад гэтага слова і пайшла назва “Прушанская воласць”, якая ўпершыню была названа ў 1433 г. у лісце Вялікага Князя Літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча да Караля Польшчы Уладзіслава ІІ. Год упамінання Прушанскай воласці стаў кропкай адліку і ў афіцыйнай гісторыі Пружан.
Некаторы час у адносінах да паселішча ўжывалася назва “Дабучын” (ад назвы Дабучынскай воласці, якая існавала поруч з Прушанскай). У пасяленні знаходзіліся княжацкі двор і псярня, у 1473 г. заснавана першая праваслаўная царква. У 1532 г. землі Кобрынскага староства разам з Пружанамі перайшлі ва ўласнасць Боны Сфорцы – Вялікай Княгіні Літоўскай і Каралевы Польскай. Гэта акалічнасць ужо ў сярэдзіне XVI ст. зрабіла Пружаны значным населеным пунктам: тут развівалася ганчарнае рамяство і гандаль, існавалі царква і касцёл, быў пабудаваны Каралеўскі двор з млынам і садам, а насельніцтва складала ўжо каля 1250 чалавек. З 1588 г. Пружаны, дзякуючы Вялікай Княгіні Ганне Ягелонцы, сталі горадам са сваёй пячаткай і гербам, а праз год атрымалі пацвярджэнне магдэбургскага права ад Вялікага Князя Літоўскага Жыгімонта ІІІ.
Знаходжанне на перакрыжаванні важнейшых гандлёвых і ваенна-транспартных шляхоў, што злучалі Заходнюю Еўропу з Масковіяй, Прыбалтыку з Украінай, давала жыхарам пружанскіх зямель шмат пераваг і, у той жа час, прыносіла шмат бедстваў. Пружаны былі моцна разбураны падчас войнаў сярэдзіны XVII–першай паловы XVIII ст. (уцалела толькі пятая частка ўсіх пабудоў). Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Пружаны ўвайшлі ў склад Расійскай Імперыі ў статусе горада і сталі цэнтрам Пружанскага павета Слонімскай (потым – Літоўскай і Гродзенскай) губерні. У вайну 1812 г. былі моцна разбураны французскімі войскамі (з жыхароў засталося ўсяго толькі 824 чалавекі). На працягу ХІХ ст. горад паступова аднавіўся: у 1857 г. тут пражывала ўжо 5665 жыхароў, працавалі гарбарны, мукамольны, цукровы, тытунёвы і іншыя заводы, пазней быў пабудаваны сабор Аляксандра Неўскага і гандлёвыя рады, адкрыліся прыходскае і павятовае вучылішчы, існавалі 6 бальніц, касцёл і сінагога, штогод праводзілася па 5 кірмашоў. У гэтыя часы Пружаны славіліся сваёй ганчарнай вытворчасцю: вырабы мясцовых умельцаў вызначаліся мастацкай вытанчанасцю і карысталіся вялікім попытам у пакупнікоў.
У жніўні 1915 г. Пружаны былі акупіраваны германскімі войскамі, а ў 1919 г. – польскімі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) горад апынуўся пад уладай Польшчы і стаў цэнтрам павета ў Палескім ваяводстве. У 1939 г. Пружаны ўвайшлі ў склад БССР. У Вялікую Айчынную вайну горад акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі, якія адразу ператварылі яго ў месца жорсткіх баёў. За час акупацыі ў створаным у горадзе гета ўтрымлівалася больш за 10 тыс. чалавек, сярод жыхароў горада загінула больш за 4 тыс. чалавек, большая частка пабудоў знішчана. Пружаны былі вызвалены савецкімі войскамі 17 ліпеня 1944 г.
Пасляваеннае жыццё і ўзнаўленне патрабавала ад жыхароў Пружан шмат намаганняў і цяжкай працы. Горад забудоўваўся паводле схемы планіроўкі, распрацаванай у 1959 г. У І974 г. распрацаваны генеральны план, а ў 1977 г. – праект дэталёвай планіроўкі цэнтра горада. Цэнтральная частка Пружан і цэнтр усходняга раёна забудаваны 4–5-павярховымі дамамі. Створаны новыя мікрараёны з 5–9-павярховымі дамамі, узводзяцца будынкі сядзібнага тыпу. Паводле генеральнага плана з 1998 г. на ўскраінах горада вядзецца катэджавае будаўніцтва.
Сённяшнія Пружаны – сучасны горад еўрапейскага ўзроўню, добраўпарадкаваны і “зялёны”. Як і шмат стагоддзяў таму, тут сыходзяцца дарогі – зараз гэта аўтамабільныя дарогі на Брэст, Высокае, Кобрын і Слонім. Пражывае тут больш за 18 тыс. чалавек. 3 прамысловых прадпрыемстваў працуюць заводы радыёдэталей, кансервавы, масласырзавод, ільнозавод, камбінат будаўнічых матэрыялаў, плодакансервавы завод, друкарня. Дзейнічаюць аграрна-тэхнічны каледж, 5 сярэдніх школ, юнацка-спартыўная школа і школа мастацтваў; Лядовы і Водны палацы, Палац культуры, Дом рамёстваў, 3 бібліятэкі; выдаецца газета “Раённыя будні”. Пры аграрна-тэхнічным каледжы створаны музей краязнаўства, а ў школе мастацтваў – музей Р. Шырмы. Сярод помнікаў архітэктуры ў горадзе цікавасць выклікаюць сабор Аляксандра Неўскага (1866), гандлёвыя рады (канец ХІХ ст.), Міхайлаўскі касцёл (1883) і помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ХІХ ст., так званая гарадская сядзіба з пейзажным паркам, у якой зараз працуе музей-сядзіба “Пружанскі палацык”.
Матэрыял падрыхтаваны Пружанскай раённай бібліятэкай імя М. Засіма ў 2011 г.
