Дата пачатку: 12.03.1794
Дата заканчэння: 16.11.1794
Кароткая даведка: нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве за аднаўленне незалежнасці і суверэнітэту Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сойма 1788–1792 гг.
Варыянты назвы: Касцюшкі паўстанне 1794 г.; Польскае паўстанне 1794 г.
Назвы на іншых мовах: Восстание 1794 г. (руская); Костюшки восстание 1794 г. (руская); Польское восстание 1794 г. (руская);
Паўстанне 1794 г. – буйная сацыяльна-палітычная з'ява ў гісторыі Беларусі, Польшчы і Літвы. Яно з'явілася адказам перадавой часткі грамадства на інтэрвенцыю Расіі і Прусіі ў Рэч Паспалітую, у выніку чаго быў ажыццёўлены ў 1793 г. яе другі падзел. Аднак прычыны паўстання больш глыбокія. Сярод іх – уплыў Французскай рэвалюцыі канца XVIII ст.; барацьба з феадальнымі ўстоямі і супраць рэакцыйнага магнацтва, якое захапіла ўладу ў Рэчы Паспалітай у выніку Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 г.; імкненне да больш справядлівага грамадства на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791 г. і рэформ, пачатых чатырохгадовым сеймам 1788–1792 гг. У палітычных адносінах усеагульным стала патрабаванне аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.
Паўстанне было падрыхтавана тайнымі патрыятычнымі арганізацыямі, што аб'ядноўвалі прагрэсіўныя колы шляхты і мяшчанства, а таксама эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Лейпцыг, Дрэздэн), у склад якога ўваходзілі Г. Калантай, І., С. і Я. Патоцкія, С. Малахоўскі, К. Сапега і інш. У Варшаве кіраўніком паўстання быў прызначаны генерал-маёр І. Дзялынскі, у Вільні – палкоўнік Я. Ясінскі. Галоўнакамандуючым нацыянальнымі ўзброенымі сіламі выбраны генерал-лейтэнант Т. Касцюшка. Усе ўдзельнікі падзяляліся на дзве групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788–1792 гг. і радыкалаў («якабінцаў»), якія імкнуліся падняць усенароднае паўстанне і правесці рэформы на ўзор Вялікай французскай рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося на поўдні Польшчы 12 сакавіка 1794 г., калі брыгадзір польскага войска А. Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў. Там 24 сакавіка Т. Касцюшка абвясціў Акт паўстання і яго пачатак. У гэты ж час быў створаны рэвалюцыйны ўрад – Найвышэйшая нацыянальная рада, а таксама мясцовыя органы ўлады – парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 красавіка пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі дзве калоны расійскага войска. У бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі). Паўстанне хутка распаўсюдзілася на многія ваяводствы Польшчы (Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае), ахапіла Холмскую зямлю. 17–18 красавіка яно перамагло ў Варшаве.
Пачаўшыся ў Польшчы, паўстанне перакінулася на тэрыторыю Беларусі і Літвы. 16 красавіка ў Шаўлях да яго далучылася літоўскае войска. У ноч на 23 красавіка адбылося ў Вільні, дзе праз дзень быў прыняты і абвешчаны Акт паўстання, створаны рэвалюцыйны ўрад – Найвышэйшая літоўская рада на чале з Я. Ясінскім, якая 24 красавіка выпусціла Маніфест аб далучэнні да польскага руху. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, заклікала змагацца за свабоду і грамадзянскае раўнапраўе. У пачатку паўстанне мела поспех. Яно было падтрымана сялянамі, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Я. Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. У красавіку–маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Расійскія войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 г. – да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літоўская рада прызначыла Я. Ясінскага галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і прысвоіла званне генерал-лейтэнанта. На беларускай тэрыторыі адбылося некалькі бітваў пад яго кіраўніцтвам. 7 мая 1794 г. было нанесена паражэнне расійскаму войску каля в. Паляны (непадалёку ад Ашмян). У бітве ўдзельнічала каля 5 тыс. сялян з сякерамі, віламі, косамі. У другой палавіне мая Я. Ясінскі кіраваў баямі пад Ліпнішкамі (каля Іўя), 26 чэрвеня каля мястэчка Солы. Характэрнай рысай паўстання на тэрыторыі Беларусі было выкарыстанне дыверсійных і партызанскіх формаў барацьбы, ажыццяўленне рэйдаў у цэнтральныя раёны краіны. Найбольш значныя з іх былі арганізаваны на Віцебшчыну, Міншчыну, Магілёўшчыну. Атрад М. Агінскага, вядомага кампазітара, дайшоў да Браслаўшчыны; пад кіраўніцтвам С. Грабоўскага дасягнуў Бабруйска і на кароткі час захапіў горад. Актыўнымі дзеяннямі вызначаліся атрады Т. Гарадзенскага, братоў Зяньковічаў і інш. Паўстанцы прымянялі конніцу, артылерыю, пяхотныя фарміраванні. Аднак у баявых дзеяннях значна ўступалі добра ўзброеным урадавым расійскім войскам.
Пасля паспяховых ваенных дзеянняў у пачатку паўстання з лета 1794 г. пачаўся спад. Паражэнне ў Польшчы пад Шчакацінамі (6 чэрвеня) ад аб'яднанай расійска-прускай арміі і ў іншых месцах, захоп прускімі войскамі Кракава прымусілі Т. Касцюшку канцэнтраваць сілы пад Варшавай. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі. Пад націскам кансерватыўных колаў Т. Касцюшка 4 чэрвеня адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем Я. Ясінскага і прызначыў галоўнакамандуючым генерал-лейтэнанта М. Вяльгорскага. 10 чэрвеня была распушчана Найвышэйшая літоўская рада і створана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ. Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем на тэрыторыях Беларусі і Літвы. Стаўка на нерашучых кіраўнікоў, якія баяліся вызваляць і ўзбройваць сялян, аслабіла сілы паўстанцаў, і расійскія войскі пачалі цясніць іх з усходу. 12 жніўня была занята Вільня. Рашаючую ролю ў разгроме паўстання адыграў корпус пад камандаваннем А. Суворава. 17 верасня пад Крупчыцамі (каля Кобрына), ён нанёс паражэнне паўстанцкім войскам, якія ўзначальваў генерал-маёр К. Серакоўскі. З абодвух бакоў у бітве ўдзельнічалі каля 20 тыс. чалавек, у тым ліку 2 тыс. беларускіх сялян-касінераў, якія панеслі асабліва цяжкія страты. 19 верасня войскі А. Суворава пад Цярэспалем канчаткова разбілі корпус К. Серакоўскага і атрад генерал-маёра К. Князевіча. Пасля гэтых падзей пад кантролем паўстанцаў заставалася толькі Гродна, куды пераехала Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ. 29 верасня 1794 г. у Гродна на адзін дзень прыехаў Т. Касцюшка разам са сваім сакратаром Ю. Нямцэвічам для азнакамлення з сітуацыяй. Ён пераканаўся, што горад утрымаць не ўдасца, і аддаў загад пакінуць яго. Усе сілы былі накіраваны на абарону Варшавы. Дзеля гэтага Т. Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К. Серакоўскага, два палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, два эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 салдат і афіцэраў пры 21 гармаце). 9 кастрычніка войска Т. Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу генерал-лейтэнанта І. Ферзена, які рухаўся насустрач А. Сувораву. 10 кастрычніка, каля в. Мацяёвіцы (недалёка ад Варшавы) яно было разбіта. Цяжка паранены Т. Касцюшка разам з некалькімі генераламі трапіў у палон і быў перавезены ў Санкт-Пецярбург у Петрапаўлаўскую крэпасць. Начальнікам узброеных сіл паўстання прызначылі польскага генерал-лейтэнанта Т. Ваўжэцкага. 4 лістапада войскі пад камандаваннем А. Суворава авалодалі ўмацаваным прадмесцем Варшавы – Прагай. Толькі пасля гэтага было прынята рашэнне аб капітуляцыі горада. У час штурму загінулі тысячы мірных жыхароў, каля 10 тыс. паўстанцаў, сярод іх генерал-лейтэнант Я. Ясінскі. Рэшткі войск Т. Ваўжэцкага адступілі на поўдзень, дзе 16 лістапада былі рассеяны расійскімі войскамі. Паўстанне працягвалася восем месяцаў, а на беларускіх землях каля паўгода. У ім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польскага, беларускага і літоўскага грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс. чалавек, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі і Літвы 30–40 тыс.). Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.