Магілёўскі музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі – філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі – быў адкрыты 24 снежня 1982 г. Гэта першы ў рэспубліцы мемарыяльны музей, прысвечаны жыццю і творчасці майстра выяўленчага мастацтва.
Бялыніцкі-Біруля – беларускі і рускі жывапісец-пейзажыст, удзельнік Таварыства перасоўных мастацкіх выставак, народны мастак БССР і РСФСР, акадэмік жывапісу, правадзейны член Акадэміі мастацтваў СССР – нарадзіўся ў былой сядзібе Крынкі Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Вучыўся ён у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў С. Каровіна, М. Неўрава, В. Паленава, І. Пранішнікава. У дарэвалюцыйны час пісаў пераважна лірычныя пейзажы. У савецкае мастацтва Бялыніцкі-Біруля прыйшоў сталым майстрам, прадстаўніком лепшых традыцый рускага пейзажнага жывапісу ХІХ–пачатку ХХ ст.
Да адкрыцця філіяла Дзяржаўны мастацкі музей БССР ужо меў у сваіх фондах жывапісныя палотны, эцюды, эскізы Бялыніцкага-Бірулі. Усе яны, рупліва сабраныя А.В. Аладавай, уяўляюць вялікую каштоўнасць як па мастацкаму ўзроўню, так і па паўнаце збору твораў мастака. Разам з творамі ў музеі знаходзяцца ўласныя рэчы, фотаздымкі, дакументы Бялыніцкага-Бірулі. Сярод іх ёсць такія, што маюць самастойную мастацкую каштоўнасць. Гэта вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мэбля, створаная ў Абрамцаўскай майстэрні. Вялікі і багаты па зместу дакументальны матэрыял, звязаны з найбольш важнымі перыядамі жыцця мастака, дазволіў стварыць шырокі мемарыяльны раздзел музея, які займае ўвесь першы паверх. Сярод экспанатаў захоўваюцца работы майстроў – блізкіх сяброў Бялыніцкага-Бірулі: партрэты мастака ў выкананні А. Моравава, М. Зайцава, Ф. Мадорава, карціна М. Багданава-Бельскага “На паляванні”, партрэт маці мастака А.Р. Чарноцкай, напісаны М. Ульянавым. Ёсць у экспазіцыі і ўнікальныя рэчы, якія расказваюць пра сувязі Бялыніцкага-Бірулі з дзеячамі культуры. Гэта пісьмы І. Рэпіна, аўтографы і падарункі пісьменніцы Т. Шчэпкінай-Купернік, скульптура А. Галубкінай.
На другім паверсе музея размешчана галерэя карцін мастака. Больш за сто выдатных пейзажаў Бялыніцкага-Бірулі экспануецца ў яе залах. Гэта найбольш вядомыя з ранніх работ: “З ваколіц Пяцігорска” (1892), “Вясна ідзе” (1899), “У час цішыні” (1909, залаты медаль у Мюнхене), “Перад вясной” (1919, бронзавы медаль у Барселоне”) і іншыя; пейзажы 1920–30-х гг.: “Лясная рэчка зімой”, “Лёд пайшоў”, “Пачатак восені”, “Бэз цвіце” і іншыя; да 1940–50-х гг. адносяцца такія карціны, як “Лотаць зацвіла”, “Май зазелянеў”, “Блакітнай вясной” і інш. Значнае месца ў музеі займаюць пейзажы мясцін, дзе бывалі Л. Талстой (“Ясная Паляна. Від на сяло і сядзібу”, 1928), А.С. Пушкін (“Міхайлаўскае. Домік няні”, “Святагорскі манастыр”, “Трыгорскае”, усе 1935–36 гг.; “Асеннія дні. Алея Керн”, 1952). У гады Айчыннай вайны мастак стварыў палотны патрыятычнага гучання: “Чырвоная Армія ў лясах Карэліі”, “Па слядах фашысцкіх варвараў”. Асабліва плённым у творчасці Бялыніцкага-Бірулі быў пасляваенны 1947 г. У той час ён жыў пад Мінскам, дзе і напісаў цыкл карцін, якія адлюстроўваюць своеасаблівасць прыроды беларускай зямлі: “Зазелянелі беларускія бярозкі”, “Зялёны май”, “Беларусь. Пачатак лета”. У музеі экспануецца адна з лепшых карцін мастака “Беларусь. Зноў зацвіла вясна” – палатно глыбокага філасофскага роздуму, урачыстасці жыцця, высокага антываеннага гучання. Шматлікія пейзажы, упершыню паказаныя ў музеі разам, набылі асаблівы сэнс, выявілі раней невядомыя якасці, замацавалі ўзаемасувязь аднаго з другім.
Пастаянная экспазіцыя твораў Бялыніцкага-Бірулі дае магчымасць кожны раз па-новаму спалучаць і ацэньваць яго творчасць, поўна і глыбока пазнаць яго, як чалавека і вялікага майстра пейзажнага жывапісу.
Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі займаецца рознай культурна-асветніцкай працай. За часы існавання ў ім былі арганізаваны выставы: “Жаночы партрэт першай паловы ХІХ ст.”, “Рускі жывапіс другой паловы ХІХ ст.”; выстаўляліся жывапісныя творы В.М. Максімава, Лі Шы-Мао, работы заходнееўрапейскіх мастакоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2002 г.