Важным перыядам у гісторыі Беларусі, насельніцтва якой да канца Х ст. заставалася язычніцкім, было прыняцце хрысціянства. Пачатак яго масавага распаўсюджвання звязаны з дзейнасцю вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, які ў 988 г. пачаў хрысціць Русь. Адным з галоўных цэнтраў праваслаўнай веры стала Тураўскае княства. З 980 па 1015 г. ім валодаў Святаполк (старэйшы сын Уладзіміра). Станаўленне хрысціянства ў Тураве суправаджалася сутыкненнямі першых вернікаў і язычнікаў. У сувязі з гэтым прыгадваецца імя прапаведніка Дзіянісія, які быў забіты язычнікамі. Мясцовае паданне расказвае пра каменныя крыжы, што прыплылі да горада па Прыпяці і сталі сімвалам веры і прадметам культавага пакланення. Па меры зацвярджэння хрысціянства на тэрыторыі епархіі ўзводзіліся праваслаўныя храмы і манастыры. Яны станавіліся цэнтрамі царкоўнага жыцця ўсходніх славян. У 1005 г. была заснавана Тураўская праваслаўная епархія (як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Кіеўскай мітраполіі) – другая па старажытнасці на тэрыторыі Беларусі. Аб яе адкрыцці паведамляецца ў статутнай грамаце, што змешчана ў Кіеўскім пацерыку ў рэдакцыі архімандрыта Іосіфа (Трызны) пад назвай “Аб стварэнні Тураўскай епіскапіі”. Наступны ўспамін сустракаецца ў “Слове пра Марціна мніха Тураўскага” (помнік канца XII ст.). У ім называюцца імёны Сімяона і Ігната, якія займалі кафедру ў Тураве ў першай палове XII ст. У 1146 г., паводле Іпацьеўскага летапісу, тураўскiм епiскапам стаў Іаакім, які ў 1147 г. прыняў удзел у выбранні на Кіеўскую мітраполію Клімента Смаляціча. Першапачаткова епархія ахоплівала тэрыторыю басейна р. Прыпяці і на поўнач ад яе, уключала таксама гарады Пінск, Навагрудак, Мінск, Барысаў і інш. Тураўскія епіскапы прызначаліся на кафедру кіеўскімі мітрапалітамі. У XII ст. на тэрыторыі епархіі жылі святыя, пазней кананізаваныя Рускай праваслаўнай царквой. Найбольш вядомыя – свяціцелі Кірыла Тураўскі і Лаўрэнцій, а таксама пустэльнік прападобны Марцін. Пасля разбурэння Турава (сярэдзіна ХІІІ ст.) епіскапская кафедра была перанесена ў Пінск, і епархія стала называцца Турава-Пінская (або Пінска-Тураўская).
У 1992 г. паводле распараджэння Сінода Беларускай праваслаўнай царквы Тураўская епархія была адноўлена як самастойная епархія Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы. Уключае тэрыторыю 10 адміністрацыйных раёнаў Гомельскай вобласці: Акцябрскага, Брагінскага, Ельскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Мазырскага, Нараўлянскага, Петрыкаўскага, Хойніцкага. У епархіі дзейнічаюць два манастыры: мужчынскі ў в. Юравічы (Калінкавіцкі раён) і жаночы ў г. Хойнікі. Епархіяльнае ўпраўленне знаходзіцца ў Мазыры. Выдаецца газета “Искра Православия”. Кафедральны сабор у імя Архістратыга Міхаіла знаходзіцца ў Мазыры. На працягу 2010–2012 гг. у Тураве быў пабудаваны новы галоўны сабор. Епархію ўзначальвае праасвяшчэнны Леанід, епіскап Тураўскі і Мазырскі.