Дата пачатку:
21.12.1946 Барысаў, г., Мінская вобласць
Кароткая даведка:
дзяржаўная ўстанова
Назвы на іншых мовах:
Barysau State United Museum (англійская); Борисовский объединённый музей (руская);
Папярэднія назвы:
Барысаўскі дзяржаўны аб'яднаны музей; Барысаўскі краязнаўчы музей; Борисовский государственный объединённый музей; Борисовский краеведческий музей
1912 сімвалы
Даведка
Барысаў – горад з багатымі культурнымі традыцыямі, які захоўвае ўнікальную гістарычную і культурную спадчыну. Неад’емнай часткай культурнага жыцця з’яўляюцца ўстановы культуры.
Раскрыць самыя цікавыя і значныя падзеі Барысаўшчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ ст. дапамагае Барысаўскі аб’яднаны музей, што збірае і захоўвае гістарычныя і культурныя скарбы з усяго раёна. Заснаваны ён у 1946 г. як краязнаўчы музей. Адкрыты для наведвальнікаў 17 снежня 1950 г. З 1988 г. меў назву Барысаўскі дзяржаўны аб’яднаны музей, з 2002 г. – сучасная назва. Асноўны фонд налічвае больш за 57 тыс. адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – каля 10 тыс. адзінак. Экспазіцыя размешчана ў шасці залах (плошча 171,4 кв. м). Яе адкрывае раздзел «Старажытныя паселішчы ў краі», дзе прадстаўлены каменныя сякеры, долата, прадметы побыту і інш. У экспазіцыі, прысвечанай сярэдневяковай гісторыі горада, – фотакопія гравюры з выявай старадаўняга замка, дакументы часоў Вялікага Княства Літоўскага. У экспазіцыі аб падзеях вайны 1812 г. змешчаны знаходкі з палёў бітваў. Дэманструюцца ўзоры амуніцыі і рыштунку рускай арміі. Асаблівае месца займае калекцыя І. Х. Каладзеева. Ён сабраў бібліятэку па гісторыі вайны 1812 г., якая налічвала каля 15 тыс. кніг, а таксама ўключала рукапісы, часопісы, партрэты афіцэраў, генералаў і 7 тыс. прадметаў. Адзін з раздзелаў экспазіцыі адлюстроўвае побыт гараджаніна пачатку ХХ ст., расказвае пра горад напярэдадні Першай сусветнай вайны. Значнае месца адведзена лёсу Барысава ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод экспанатаў – узнагароды, дакументы байцоў, іх фотаздымкі, асабістыя рэчы. Матэрыялы экспазіцыі расказваюць пра подзвіг воінаў і партызан, якія сталі Героямі Савецкага Саюза. Прадстаўлены матэрыялы і фотадакументы пра аднаўленне і развіццё пасляваеннага горада, а таксама творы скульптараў і мастакоў, народных майстроў – ураджэнцаў Барысаўшчыны.