Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі быў створаны ў 1965 г. на базе аддзела генетыкі і цыталогіі АН БССР. Неабходнасць стварэння спецыялізаванай установы была выклікана развіццём генетыкі як навукі. У пачатку сваёй дзейнасці інстытут займаўся распрацоўкай фундаментальных і прыкладных даследаванняў генетыкі, асабліва такіх кірункаў, як гетэрозіс, поліплаідыя, мутагенез, нехрамасомная спадчыннасць, генетыка рака і інш. Новыя веды дазволілі развіць народную гаспадарку краіны, правесці селекцыю шэрага сельскагаспадарчых раслін (кукурузы, трыцікале, пшаніцы, азімага жыта, цукровых буракоў і інш.). Інстытут паспяхова ўкараняў у айчынную навуку сусветныя адкрыцці ў галіне малекулярнай генетыкі. Атрымалі развіццё малекулярна-генетычныя метады даследаванняў, дзякуючы чаму ў рэспубліцы атрымаў развіццё новы кірунак генетыкі ‒ геноміка, якая вывучае структуру і функцыі генаў. Праводзіліся работы па распрацоўцы геномных біятэхналогій для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, спорту і аховы навакольнага асяроддзя, выкарыстанні ДНК-тэхналогій і генетычнай інжэнерыі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі і інш. У 2000 г. інстытут атрымаў статус навуковай установы з сучаснай назвай.
Цяпер Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі – сучасны цэнтр вывучэння генетычных праблем. У яго структуру ўваходзяць навукова-даследчыя лабараторыі (экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі, прыкладной генетыкі, цытагеномікі раслін, генетыкі жывёл, малекулярнай генетыкі, генетыкі чалавека, малекулярных асноў стабільнасці геному, нехрамасомнай спадчыннасці); Рэспубліканскі цэнтр па генетычным маркіраванні і пашпартызацыі раслін, жывёл, мікраарганізмаў і чалавека; Рэспубліканскі банк ДНК чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў; Цэнтр калектыўнага карыстання «Геном»; Вопытнае поле для выпрабавання трансгенных раслін; генетыка-селекцыйны комплекс з палямі і цяпліцамі. Галоўныя кірункі дзейнасці інстытута ‒ вывучэнне структуры і функцый геномаў раслін, жывёл, мікраарганізмаў і людзей; распрацоўка праблем генетычнай і клетачнай інжынерыі; развіццё геномных біятэхналогій для сельскай гаспадаркі, медыцыны, спорту, аховы навакольнага асяроддзя; забеспячэнне біябяспекі, захаванне генетычных рэсурсаў і генафонду рэспублікі, маніторынг іх аптымальнага выкарыстання; вывучэнне ўзаемадзеяння геному і мікрабіёма; біяінфарматыка. Інстытут выконвае функцыі Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра біябяспекі і Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра па пытаннях доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання выгад.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.