Дзівін – аграгарадок у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Дзівінскага сельсавета. Знаходзіцца за 33 км на паўднёвы ўсход ад Кобрына, 35 км ад чыгуначнай станцыі Кобрын, 78 км ад Брэста. Размешчаны каля возера Любань.
Упершыню ў гістарычных дакументах Дзівін упамінаецца ў 1466 г. У 1546 г. з’яўляўся мястэчкам, цэнтрам воласці Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1566 г. былі 184 двары. У 1629 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза сваім прывілеем дазволіў мясцовым жыхарам праводзіць штотыднёвы кірмаш. У 1642 г. Дзівін атрымаў магдэбургскае права. У 1682 г. тут існавалі ратуша, 2 уніяцкія царквы, касцёл, 2 вадзяныя млыны, карчма.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Дзівін далучаны да Расійскай імперыі, знаходзіўся ў складзе Кобрынскага павета Слонімскай, з 1797 г. – Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў. У 1862 г. у мястэчку адкрыта народнае вучылішча. Згодна з перапісам 1897 г. у Дзівіне налічваліся 873 двары, пражывала 3796 жыхароў, дзейнічалі 2 праваслаўныя царквы, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, валасное праўленне, лячэбніца, паштовае аддзяленне, 2 хлебазапасныя магазіны, маслабойня і інш. Праводзіліся 6 аднадзённых кірмашоў у год.
З 1915 г. Дзівін быў акупіраваны германскімі, з 1919 г. – польскімі войскамі. У 1921 г. паводле Рыжскага мірнага дагавора далучаны да Польшчы як цэнтр гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. У 1939 г. мястэчка ўвайшло ў БССР, з 15 студзеня 1940 г. стала вёскай, цэнтрам раёна ў складзе Брэсцкай вобласці. У 1940 г. у Дзівіне пражывала 4187 жыхароў, працавалі школа, народны дом, маслазавод, шавецкая і кавальская арцелі, хлебны і кніжны магазіны. Дзейнічалі бальніца з амбулаторыяй, ветэрынарны пункт, аптэка і інш. Побач з вёскай у сакавіку 1940 г. арганізавана машынна-трактарная станцыя.
У час Вялікай Айчыннай вайны 24 чэрвеня 1941 г. Дзівін захапілі нямецка-фашысцкія войскі, якія знішчылі ў вёсцы і раёне 2819 чалавек. У гады акупацыі барацьбу з ворагам вялі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады і асобныя атрады. 21 ліпеня 1944 г. вёску вызвалілі часці 61-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе правядзення Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі. Пасля вайны Дзівін быў паступова адбудаваны, адкрыліся прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы, наладжвалася мірнае жыццё. У 1945 г. аднавіла работу машынна-трактарная станцыя, у 1947 г. працавалі раённы клуб, бібліятэка. У 1949 г. у вёсцы створаны калгас “Зара”, з 1971 г. Дзівін – цэнтр калгаса “Новае жыццё”. З 8 жніўня 1959 г. Дзівін увайшоў у склад Кобрынскага раёна. У 2008 г. пераўтвораны ў аграгарадок.
У Дзівіне знаходзяцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, магіла ахвяр фашызму. Асноўнымі славутасцямі з’яўляюцца цэрквы Параскевы Пятніцы са званіцай (1740) і Прачысценская царква (1902). Храмы ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Захаваліся помнікі археалогіі: стаянкі эпох мезаліту і неаліту, паселішча бронзавага веку.
У цяперашні час у аграгарадку працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, Дом рамёслаў, публічная бібліятэка, бальніца. Паспяхова выступае народны хор “Дзівінскія напевы”. Дзейнічаюць сельскагаспадарчае прадпрыемства “Любань”, лясніцтва, адзін з найбуйнейшых вытворцаў тэкстылю ў Еўропе “Лангхайнрих Конфекцион Бел”, аддзяленне сувязі, ААТ “ААБ Беларусбанк” і інш.
У Дзівіне нарадзіліся вучоны ў галіне металургіі, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі М. А. Свідуновіч, дзеяч самадзейнага мастацтва, кампазітар, педагог, заслужаны работнік культуры БССР С. Ф. Любчук, вучоны-гісторык, доктар гістарычных наук М. У. Смяховіч, архітэктар, член-карэспандэнт Беларускай акадэміі архітэктуры У. В. Свідуновіч і іншыя вядомыя людзі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.