Касцюковічы, раённы цэнтр Магілёўскай вобласці, размешчаны на р. Жадунька (прыток р. Беседзь) у 160 км ад Магілёва і 350 км ад Мінска, недалёка ад мяжы Расійскай Федэрацыі. Побач знаходзіцца чыгуначная станцыя Камунары на лініі Крычаў – Унеча (Расія), вузел аўтамабільнай дарог на Клімавічы, Хоцімск, Краснаполле і Сураж (Расія).
Касцюковічы ўпамінаюцца ў гістарычных крыніцах у канцы XVI ст. як дзяржаўнае ўладанне ў Крычаўскім старостве Мсціслаўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Аднак аб ранейшым існаванні паселішча сведчыць знойдзены археолагамі за 2,5 км ад Касцюковічаў помнік – гарадзішча ранняга жалезнага веку. Першае пісьмовае ўпамінанне сустракаецца ў Літоўскай метрыцы і адносіцца да 1508 г., з якога вядома, што вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары выдаў даравальную грамату С. Мсціслаўцу на валоданне вёскай Касцюковічы. У 1739 г. Касцюковічы згадваюцца як прыватнаўласніцкае мястэчка мінскага гараднічага Ю. Іваноўскага. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) увайшлі ў Расійскую Імперыю. З 1777 г. у Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні.
Касцюковічы доўгі час заставаліся невялікім правінцыйным мястэчкам. Толькі ў 1864 г. там з'явілася першае прамысловае прадпрыемства – вінакурны завод. У 1880 г. сталі цэнтрам воласці. На той час там налічвалася 327 двароў, 2148 жыхароў, былі царква, сінагога, 3 малітоўныя дамы, працавалі народнае вучылішча, аптэка, млын, паштовая станцыя, 7 гарбарняў, два разы ў год праводзіліся кірмашы. Калі Касцюковічы набылі прадстаўнікі роду Цеханавецкіх, там быў пабудаваны ў 1872 г. на правым беразе р. Жадунька маёнтак Новыя Касцюковічы (пазней вёска Слабада, якая цяпер уваходзіць у межы горада). Затым Цеханавецкія заснавалі суконную фабрыку – адну з буйнейшых у Магілёўскай губерні, якая выпускала сукно некалькіх гатункаў, і бровар (зараз на яго месцы працуе спіртзавод).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. і ўстанаўлення савецкай улады Касцюковічы 26 красавіка 1919г. увайшлі ў склад Гомельскай губерні РСФСР, з 3 сакавіка 1924 г. у БССР. 17 ліпеня 1924 г. сталі цэнтрам раёна Калінінскай акругі, потым Магілёўскай (з 9 чэрвеня 1927 г. да 26 ліпеня 1930 г.). У 1931 г. у Касцюковічах пачаў працваць ільнопеньказавод, друкарня, электрастанцыя, у 1933 г. выраблялі гонту, існавалі таксама іншыя традыцыйныя рамёствы. Стала выходзіць раённая газета і пачаў працаваць радыёвузел. У 1934 г. быў створаны леспрамгас. У 1938 г. Касцюковічы атрымалі статус горада. У Вялікую Айчынную вайну з 14 жніўня 1941 г. да 28 верасня 1943 г. горад быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў Касцюковічах і раёне больш за 800 чалавек, разбурылі ўсе прадпрыемствы. Адразу пасля вызвалення аднаўляліся тэлеграфная і тэлефонная станцыі сувязі, восенню 1943 г. запрацавала раённая бібліятэка, у 1954 г. адкрылася дзіцячая. У 1944 г. пачала даваць ток электрастанцыя прамкамбіната. Затым уступілі ў строй шэраг прадпрыемстваў, у тым ліку спіртзавод, лясгас, быткамбінат, хлебазавод, ільнозавод, маслазавод. Працавала школа малодшых ветфельчараў Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. У 1973 г. быў адкрыты раённы краязнаўчы музей.
Касцюковічы сёння – гэта горад, які дынамічна развіваецца. На 1 студзеня 2017 г. там пражывала 15 тысяч 855 чалавек. Асновай эканомікі з'яўляецца прамысловасць, прадстаўленая прадпрыемствамі з рознай фармай уласнасці. Сярод іх – ТАА «Беларускі цэментны завод», цэх РУП «Магілёўдругмет», хлебазавод, спіртзавод, друкарня, леспрамгас, лясгас, райплемстанцыя, райаграсэрвіс, гідраметэастанцыя, будаўнічыя, рамонтныя, гандлёвыя, дарожныя арганізацыі і інш. У горадзе працуюць некалькі дзіцячых садоў і сярэдніх школ, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, раённы цэнтр культуры, Дом народнай творчасці, раённы Дом рамёстваў, клуб вольнага часу, кінатэатр, 2 бібліятэкі, бальніца.
Генеральны план забудовы горада быў распрацаваны ў 1973 г. Мінскім філіялам ЦНДІП горадабудаўніцтва, у 1974 г. праект дэталёвай планіроўкі. У выніку сфарміравалася цэнтральная плошча Касцюковічаў (на перакрыжаванні вуліц Ленінскай і Камсамольскай). Капітальная жылая забудова (2–5павярховыя дамы) сканцэнтравана ў цэнтры. Зона адпачынку сфарміравана на р. Крупня ва ўсходняй частцы горада. Паводле генеральнага плана 2000 г. Касцюковічы развіваюцца ў паўднёвым напрамку, дзе з'явіўся мікрараён Маладзёжны. У 2000-я гг. узведзены будынкі бальніцы, Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, ААТ «ААБ Беларусбанк», раённага аддзела ўнутраных спраў, 2 гандлёвыя цэнтры, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, гасцініца «Касцюковічы», Крыжаўзвіжанская царква.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.