Дата пачатку:
1078 Чашніцкі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка:
старажытны горад Полацкай зямлі X–XІІІ ст., цяпер аграгарадок
Назвы на іншых мовах:
Лукомль (руская);
Папярэднія назвы:
Лукамля
4028 сімвалаў
Даведка
Паселішча на месцы сучаснага аг. Лукомль у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці мае багатую гісторыю. Упершыню яно ўпамінаецца ў 1078 г. у «Павучанні Уладзіміра Манамаха» пры апісанні паходу князя кіеўскага Усяслава Брачыславіча на князя полацкага. Аднак, дзякуючы археалагічным даследаванням, якія праводзілі Е.Р. Раманаў, Л.В. Аляксееў А.З. Каваленя, Г.В. Штыхаў, В.Л. Насевіч і іншыя вучоныя, вядома, што паселішча ўзнікла намнога раней.
Археалагічныя матэрыялы, знойдзеныя ў Лукомлі, маюць найважнейшае значэнне для вывучэння гісторыі засялення Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі. Яны выявілі, што ў VI–VIII стст., у час існавання банцараўскай археалагічнай культуры, гэта тэрыторыя ўжо была заселена славянамі. Знаходкі дазваляюць сцвярджаць, што ў ІХ ст. Лукомль з'яўляўся адным з буйнейшых населеных пунктаў на беларускай тэрыторыі. Ён быў размешчаны на абодвух берагах р. Лукомкі і складаўся з умацаванага дзядзінца (плошчай каля 0,25 га) і двух пасадаў (агульнай плошчай каля 10–13 га). Выгаднае геаграфічнае становішча Лукомля, які быў размешчаны на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў, рабіла яго важным гандлёвым цэнтрам. Праз Лукомль праходзіў шлях на Оршу, а потым па Дняпры на поўдзень. Паблізу знаходзіліся Віцебск – выхад на поўнач – і Полацк, уладары якога мелі цесныя сувязі з Кіевам. У Х ст. Лукомль быў уключаны ў Полацкае княства. Некаторыя вучоныя лічаць, што горад з ХІІ ст. з'яўляўся цэнтрам удзельнага Лукомскага княства, якім валодаў адзін са шматлікіх праўнукаў Усяслава Полацкага, аднак у гістарычных крыніцах гэта княства не згадваецца. У ХІV ст. Лукомль увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага (далей ВКЛ). У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», складзеным прыкладна ў 1390-я гг., ён упамінаецца ў ліку літоўскіх гарадоў. У хроніках Я. Длугаша і М. Стрыйкоўскага Лукомль згадваецца ў сувязі з падзеямі 1386 г., у час канфлікту паміж вялікім князем ВКЛ і каралём Польшчы Ягайлам і князем полацкім, пскоўскім і трубчэўскім Андрэем Альгердавічам, які з дапамогай Тэўтонскага ордэна захапіў замак. Пра будаўніцтва ў горадзе храма Святога Мікалая і заснаванне там праваслаўнага манастыра ў 1397 г. манахамі з Валыні, апісваецца ў царкоўным творы, які захаваўся ў рукапісе XVI ст. Вялікая роля належала гораду ў ходзе барацьбы паміж князямі ВКЛ Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам у 1430-я гг. У канцы XIV ст. Лукомль стаў адміністрацыйным цэнтрам з умацаваным замкам. Гісторыкі лічаць, што менавіта ў гэты час ён з'яўляўся рэзідэнцыяй князёў Лукомскіх. У Лівонскую вайну 1558–1583 гг. замак у Лукомлі быў разбураны войскамі цара Івана ІV Грознага. Наступныя войны, што адбываліся ў XVІ ст., прывялі горад у поўны заняпад. У XVІІ–XVІІІ стст. Лукомль стаў мястэчкам у Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай Імперыі. Увайшоў у Сенненскі павет Магілёўскай губерні. У 1886 г. там налічвалася 536 жыхароў, 87 двароў, былі царква, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, школа, некалькі крам, праходзілі кірмашы. З 26.04.1919 г. Лукомль знаходзіўся ў складзе Гомельскай губерні РСФСР, з 3.03.1924 г. у БССР. З 17.07.1924 г. у Чарэйскім раёне. З 20.08.1924 г. вёска, цэнтр Лукомскага сельскага савета. Да 9.06.1927 г. у Барысаўскай, потым у Аршанскай акругах (да 26.07.1930 г.). З 8.07.1931 г. у Чашніцкім раёне. З 20.02.1938 г. у Віцебскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з 5 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 г. Лукомль быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія некалькі разоў праводзілі там карныя аперацыі. Яны спалілі 32 двары, забілі 180 жыхароў. Пасля вайны вёска была адбудавана. З 25.12.1962 г. увайшла ў Бешанковіцкі, з 6.01.1965 г. у Чашніцкі раён. З 2008 г. з'яўляецца аграгарадком. У Лукомлі працуе дзіцячы сад, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазіны. На яго тэрыторыі знаходзіцца комплекс археалагічных помнікаў – гарадзішча, селішча, курганны могільнік, курган.