Любань – горад у Мінскай вобласці, цэнтр Любанскага раёна. Знаходзіцца за 152 км на поўдзень ад Мінска, у 25 км ад чыгуначнай станцыі Урэчча на лініі Баранавічы – Асіповічы. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Жыткавічамі, Чырвонай Слабадой, Салігорскам, Слуцкам. Размешчаны на правым беразе ракі Арэсы.
Паселішча ўпершыню згадваецца ў XVI ст. як мястэчка ў Слуцкім княстве і ўласнасць князёў Алелькавічаў. З 1617 г. належала магнацкаму роду Радзівілаў. У 1661 г. прывілеем князя Багуслава Радзівіла Любань атрымала магдэбургскае права. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. далучана да Расійскай імперыі ў склад Забалоцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. У час паўстання 1794 г. каля Любані адбыўся бой паміж атрадам паўстанцаў на чале са Стэфанам Грабоўскім і рускімі войскамі пад камандаваннем генерала Паўла Цыцыянава. У выніку атрад быў разгромлены, у палон трапілі 250 чалавек.
У першай палове ХІХ ст. мястэчка знаходзілася ў складзе буйнога маёнтка Ярэмічы, належала Дамініку Радзівілу, потым князю Льву Вітгенштэйну. У 1839 г. у Любані адкрыта царкоўнапрыходская школа, у 1863 г. пабудавана Спаса-Праабражэнская царква. Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку пражываў 941 жыхар, працавалі 2 млыны, крупадзёрка, заезны дом, 6 крам, царква, сінагога, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы і інш. У 1919 г. Любань увайшла ў склад БССР. У жніўні 1919 г. у час савецка-польскай вайны (1919–1920) была занята польскімі войскамі, вызвалена Чырвонай арміяй у ліпені 1920 г. 17 ліпеня 1924 г. стала цэнтрам Любанскага раёна Слуцкай, з 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 г. – Бабруйскай, з 21 чэрвеня 1935 г. – зноў Слуцкай акруг. 20 лютага 1938 г. Любань уключана ў склад Мінскай вобласці, 27 верасня 1938 г. атрымала статус гарадскога пасёлка. У 1939 г. тут пражывала 3048 жыхароў, дзейнічалі калгас “Ударнік”, машына-трактарная станцыя, пяньковы і крухмальны заводы, школа, Дом культуры, раённая амбулаторыя, паштова-тэлеграфнае аддзяленне і інш.
28 чэрвеня (па іншых звестках 28 ліпеня) 1941 г. Любань была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ў створаным тут лагеры ваеннапалонных загубілі 1610 чалавек. У гады акупацыі ў Любані дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, падпольная камсамольска-маладзёжная група, партызанскія атрады. 7 лістапада 1941 г. партызаны разграмілі ў пасёлку варожы гарнізон, знішчылі 37 фашыстаў і паліцаяў. Любань вызвалена 30 чэрвеня 1944 г. войскамі 1-га Беларускага фронту сумесна з 125-й Капаткевіцкай партызанскай брыгадай (камандзір Н.Д. Куранаў).
7 сакавіка 1968 г. пасёлак атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. У 1972 і 2013 гг. былі распрацаваны генеральныя планы яго развіцця. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтры сфарміраваліся на вуліцы Першамайскай і створанай на ёй плошчы. Жылая забудова пераважна двух- і трохпавярховая, а таксама аднапавярховая сядзібнага тыпу. Прамысловая зона размешчана ў паўночна-ўсходніх і паўднёва-заходніх частках горада.
У 1996 г. быў зацверджаны сучасны герб Любані – у верхнім блакітным полі варажскага шчыта выява залатой стылізаванай кветкі, на лісці якой дзве птушкі з паднятымі крыламі.
У цяперашні час у Любані працуюць сельскагаспадарчы ліцэй, гімназія, дзіцячая школа мастацтваў, раённая цэнтральная бібліятэка, Цэнтр культуры, музей народнай славы, бальніца. Дзейнічаюць РУП “Любанскае ЖКХ”, раённы камбінат бытавога абслугоўвання, лясгас і інш. Выдаецца масава-палітычная раённая газета “Голас Любаншчыны”. У горадзе знаходзяцца мемарыяльны комплекс, прысвечаны савецкім актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам, Алея славы, магіла ахвяр фашызму. Устаноўлены помнікі А. Ф. Брагіну – аднаму з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Мінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, камсамольцы-падпольшчыцы Ф. Г. Конанавай, Герою Савецкага Саюза А.М. Матросаву, вызваліцелям горада.
Любань з’яўляецца радзімай беларускага заолага, доктара біялагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі БССР І. М. Сяржаніна, беларускай пісьменніцы, празаіка Н. В. Маеўскай, беларускага дырыжора, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі М. С. Калядкі, Героя Сацыялістычнай Працы У. Ц. Астрэйкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.