З’яўленне батанічнага саду ў Гродна звязана з імем выдатнага французскага вучонага-натураліста і ўрача XVIII ст. Жана Эмануэля Жылібера. У 1775 г. ён атрымаў ад падскарбія Вялікага Княства Літоўскага А. Тызенгаўза прапанову аб арганізацыі ў горадзе медыцынскай школы.
Накіроўваючыся ў Гродна, прафесар анатоміі, хірургіі і натуральнай гісторыі Ліёнскага медыцынскага каледжа Ж. Э. Жылібер, узяў з сабой багаты гербарый з 300 раслін і добрую бібліятэку. Па дарозе спыняўся ў сваіх калег у Швейцарыі, Германіі і Аўстрыі, дзе працягваў папаўняць свой багаж неабходнымі для далейшай працы рэчамі. Прыбыўшы ў Гродна, вучоны з вялікай энергіяй і настойлівасцю ўзяўся за новую справу і вельмі адказна аднёсся да ўласных абавязкаў. Перш за ўсё ён пачаў ствараць батанічны сад, які ўжо праз некалькі гадоў быў прылічаны разам з Лонданскім і Пецярбургскім да найлепшых у Еўропе і атрымаў пачэсную назву “Каралеўскі”. Насенне і саджанцы сюды дасылаліся з Англіі, Аўстрыі, Расіі. У 1778 г. калекцыя саду налічвала ўжо каля 2000 айчынных і экзатычных відаў раслін (у тым ліку з Паўднёвай Амерыкі). Звыш 500 з высаджаных мясцовых раслін мелі практычнае прызначэнне: з іх вырабляліся разнастайныя лекі для шпіталя і аптэкі пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі.
У 1781 г. Ж. Э. Жылібер пакінуў горад над Нёманам і перабраўся разам са сваімі вучнямі ў Вільню. З сабой ён вывез калекцыю мінералаў, бібліятэку ў 3000 тамоў, хірургічныя інструменты, астранамічныя і фізічныя прылады, большасць каштоўных раслін батанічнага саду. У Вільні працягваў сваю навуковую працу, узначаліў кафедру натуральнай гісторыі і батанікі на факультэце медыцыны пры Віленскім універсітэце, дзе выкладаў батаніку, заалогію, медыцыну і мінералогію. За кароткі час залажыў яшчэ адзін батанічны сад, узяўшы за аснову расліны, прывезеныя з Гродна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.