Жлобін – адзін з самых прыгожых гарадоў Беларусі, што размясціўся на высокім беразе Дняпра на паўднёвы захад ад Гомеля. Горад металургаў і чыгуначнікаў, сталіца беларускай мяккай цацкі знаходзіцца на перасячэнні чыгуначных і аўтамабільных магістраляў, мае сваю прыстань. Па рэках Дняпро і Бярэзіна ажыццяўляюцца грузавыя і пасажырскія перавозкі.
Ранняя гісторыя Жлобіна застаецца маладаследаванай. Вучоныя лічаць, што старажытнае паселішча дрыгавічоў існавала тут на гістарычным гандлёвым шляху “з варагаў у грэкі” намнога раней першага ўпамінання аб ім.
Лічыцца, што Жлобін вядзе сваю гісторыю з канца ХІV ст. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што ў ХV–ХVІІ стст. ля месца ўпадзення ручая Чорначка ў Дняпро існаваў Жлобінскі замак і сярэдневяковае паселішча, якое належала магнацкаму роду Хадкевічаў. Паселішча знаходзілася ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства і ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У час руска-польскай вайны 1654–1667 гг. казацкія палкі гетмана Івана Залатарэнкі спалілі Жлобін, аб чым ён паведамляў цару Аляксею Міхайлавічу ў лісце ад 15 ліпеня 1654 г. Сярод даследчыкаў існуе меркаванне, што гэта першае пісьмовае ўпамінанне аб горадзе.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Жлобін адышоў да Расіі. У 1818 г. атрымаў афіцыйны статус мястэчка. У сярэдзіне ХІХ ст. тут налічвалася больш за 1576 жыхароў, 263 дамы, дзейнічала царква, паштовая станцыя, прыстань, пераправа цераз Дняпро. Жлобін славіўся сваімі кірмашамі. Росту горада спрыяла будаўніцтва Лібава-Роменскай (1873) і Пецярбургска-Адэскай (1902–1916) чыгунак. Тут пабудавалі станцыю з вакзалам і дэпо на 9 цягнікоў, на чыгунцы працавала каля 500 работнікаў. Жлобін стаў буйным транспартным вузлом на перакрыжаванні чыгункі і воднага шляху.
У лістападзе 1917 г. у Жлобіне была ўстаноўлена савецкая ўлада. З 1 студзеня 1919 г. горад увайшоў у склад абвешчанай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, затым у лютым 1919 г. – у склад Расійскай Федэрацыі, а ў сакавіку 1924 г. быў вернуты ў склад БССР. 3 17 чэрвеня 1924 г. Жлобін з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Жлобінскага раёна, праз год, 7 чэрвеня 1925 г., яму быў прысвоены статус горада.
У давенны час горад хутка рос і развіваўся. Стваралася прамысловасць, камунальная гаспадарка, будавалася жыллё, адчыняліся школы.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны 4 ліпеня 1941 г. Жлобін быў захоплены нямецка-фашысцкімі войскамі. А 13 ліпеня байцы 63-га стралковага корпуса пад камандаваннем генерала Л.Р. Пятроўскага правялі контрнаступленне, вызвалілі Жлобін, Рагачоў і адкінулі праціўніка на 20-30 км. Гэта была першая ў Вялікай Айчыннай вайне перамога над войскамі вермахта. Больш месяца чырвонаармейцы трымалі абарону. На барацьбу з “чорным корпусам”, як называлі яго гітлераўцы, нямецкае камандаванне кінула 7 дывізій. У памяць аб тых падзеях у Жлобіне ўстаноўлены помнік воінам-вызваліцелям першага году вайны.
Падчас акупацыі ў горадзе дзейнічалі падпольныя групы, якія налічвалі больш за 200 чалавек. Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю і медыкаменты для партызан, выводзілі са строю паравозы, рабілі дыверсіі.
У лютым 1944 г. часткі Чырвонай Арміі выйшлі да Дняпра. Горад 4 месяцы знаходзіўся на лініі фронту і быў вызвалены 26 чэрвеня 1944 г. у ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён”. За час акупацыі ён быў амаль цалкам разбураны, шмат жыхароў загінула. Да пачатку вайны у Жлобіне пражывала звыш 19 тысяч чалавек, то пасля вызвалення налічвалася каля чатырох тысяч. Толькі ў 1959 г. колькасць насельніцтва дасягнула даваеннага ўзроўню.
Сучасны Жлобін – буйны прамысловы горад абласнога падпарадкавання, трэці па колькасці насельніцтва ў Гомельскай вобласці. Забудова яго квартальная, пераважна мураваная, шматпавярховая. Чыгунка падзяляе горад на 2 часткі. Прамысловыя прадпрыемствы размешчаны ў яго паўночнай і паўднёвай частках. Тут дзейнічаюць металугічны і рамонтна-механічны заводы, мясакамбінат, хлебазавод, заводы па перапрацоўц малака і гародніны, малочны, мэблевая і швейная фабрыкі, фабрыка штучнага футра, шэраг малых прадпрыемстваў. Сфера адукацыі прадстаўлены сеткай агульнаадукацыйных школ, вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы садок – школа”, школай-інтэрнатам для дзяцей-сірот. У горадзе адкрыты два каледжы, філіял Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта. У вольны час жыхары могуць наведаць гісторыка-краязнаўчы музей, кінатэатр, Палац культуры, бібліятэку. У горадзе маецца Лядовы палац, аквапарк, стадыён, больш за 70 спартыўных залаў. Дзейнічаюць царква і каталіцкі касцёл.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.