Карэлічы – гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці, цэнтр Карэліцкага раёна. Знаходзіцца за 185 км ад Гродна, у 42 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзеі на лініі Мінск – Баранавічы, на аўтадарозе Навагрудак – Мінск. Размешчаны на рацэ Руце.
Паводле пісьмовых крыніц паселішча ўпершыню згадваецца ў 1395 г. у сувязі з нападам крыжаносцаў. З XV ст. вядома як двор князёў Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства. З пачатку XVI ст. Карэлічы знаходзіліся ва ўласнасці князёў Чартарыйскіх, у 1594 г. атрымалі статус мястэчка. З другой чвэрці XVII ст. перайшлі ў валоданне магнатаў Радзівілаў. У 1655 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Карэлічы былі спалены войскамі князя Аляксея Трубяцкога, пасля адбудаваны. З другой паловы XVII да першай паловы ХІХ ст. у мястэчку працавала ткацкая мануфактура, дзе вырабляліся шпалеры. Асаблівага росквіту яна дасягнула ў сярэдзіне XVIII ст. У гэты перыяд найбольш вядома серыя высокамастацкіх вырабаў, выкананая ў 1740–1750-я гг. па загадзе Міхала Казіміра Радзівіла для праслаўлення свайго роду. Карэліцкія шпалеры ўпрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага замка – рэзідэнцыі Радзівілаў.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Карэлічы далучаны да Расійскай імперыі. У час вайны 1812 г. у наваколлі мястэчка вялі ар’ергардныя баі рускія войскі пад камандаваннем генерала Мацвея Платава. З 1828 г. Карэлічы належалі князям Вітгенштэйнам, з 1842 г. з’яўляліся цэнтрам Навагрудскага павета Мінскай губерні. У 1833–1862 гг. у мястэчку дзейнічала цукровая мануфактура (у 1850 г. на ёй працавалі 150 рабочых, выраблена 2,4 тыс. пудоў цукру). У 1862 г. у Карэлічах адкрыта царкоўнапрыходская школа, у 1866 г. пабудавана мураваная Петрапаўлаўская царква. Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку пражывала 2559 жыхароў, дзейнічалі валасное праўленне, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, хлебазапасны магазін, народнае вучылішча, аптэка і інш.
У Першую сусветную вайну Карэлічы былі моцна разбураны, больш за два гады непадалёку ад іх праходзіла лінія фронту. З кастрычніка 1915 да снежня 1918 г. мястэчка займалі германскія войскі. У 1921 г. пасля савецка-польскай вайны 1919–1920 гг. Карэлічы далучаны да Польшчы і сталі цэнтрам гміны Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства. З лістапада 1939 г. увайшлі ў склад БССР. 12 кастрычніка 1940 г. мястэчка пераведзена ў разрад вёскі, з 25 лістапада 1940 г. – атрымала статус цэнтра Карэліцкага раёна Баранавіцкай вобласці.
У час Вялікай Айчыннай вайны 26 чэрвеня 1941 г. Карэлічы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія загубілі ў вёсцы і раёне 3747 жыхароў. Летам 1941 г. гітлераўцы стварылі тут гета, адкуль у канцы 1942 г. вязняў вывезлі ў Навагрудак, дзе яны былі знішчаны. У гады акупацыі дзейнічалі Карэліцкія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Барацьбу з ворагам таксама вялі партызанскія брыгады і асобныя атрады. Вёска вызвалена 8 ліпеня 1944 г. воінамі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі.
8 студзеня 1954 г. Карэлічы сталі раённым цэнтрам Гродзенскай вобласці, 30 красавіка 1958 г. атрымалі статус гарадскога пасёлка.
У 2004 г. зацверджаны афіцыйны герб – у блакітным полі іспанскага шчыта выява двух паясоў залатога колеру, на якіх размешчаны сем блакітных кветак лёну.
У цяперашні час у Карэлічах працуюць 2 сярэднія школы, дзіцячая школа мастацтваў, 2 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, Цэнтр культуры і народнай творчасці, раённы краязнаўчы музей, цэнтральная раённая бібліятэка, гасцініца, бальніца, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Дзейнічаюць ААТ “Карэлічы-Лён”, КУП бытавога абслугоўвання насельніцтва, РУП жыллёва-камунальнай гаспадаркі і інш. Выпускаецца раённая газета “Полымя”. У пасёлку знаходзіцца мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Устаноўлены помнікі землякам, якія аддалі сваё жыццё ў гады Вялікай Айчыннай вайны і воінам-інтэрнацыяналістам. Захаваліся помнікі архітэктуры – Петрапаўлаўская царква (1866), касцёл Маці Божай Нястомнай дапамогі (1936–1938).
Карэлічы з’яўляюцца радзімай фізіка-тэарэтыка, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара А.А. Богуша, мастака В.С. Рамановіча.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.