Дата пачатку: 29.11.1871
Кароткая даведка: цэнтр раёна Брэсцкай вобласці
Назвы на іншых мовах: Барановичи (руская);
На поўначы Брэсцкай вобласці паміж рэчкамі Шчара і Мышанка раскінуўся горад Баранавічы. З вышыні птушынага палёту добра бачны веер стальных рэек, якія злучаюць два вакзалы і дэпо – лакаматыўнае і вагоннае – і разбягаюцца ва ўсе бакі. Менавіта з чыгункай звязана ўзнікненне горада Баранавічы. Таму на гербе горада красуецца паравоз.
Сваю назву Баранавічы атрымалі ад аднайменнай вёскі, якая існавала задоўга да будаўніцтва на гэтых землях чыгункі і была ўключана ў склад горада толькі 27 лютага 1978 г.
Менавіта 29 лістапада 1871 г. адбылася падзея, якая паклала пачатак узнікненню Баранавічаў-горада. Быў уведзены ў эксплуатацыю ўчастак чыгуначнай веткі Смаленск–Брэст і пабудавана станцыя Баранавічы: першы драўляны будынак станцыйнага вакзала, нешматлікія дамы для чыгуначнікаў, іншыя станцыйныя пабудовы, паравозныя майстэрні, якія пазней пераўтварыліся ў дэпо. Пачалося актыўнае засяленне мясцовасці, што прымыкала да чыгуначнай станцыі. Граф Развадоўскі паклапаціўся пра наданне станцыйнаму пасёлку статуса мястэчка, распрацаваў план яго забудовы. Планіроўка захавалася і па сённяшні дзень (стары цэнтр Баранавічаў). Развадоўскі таксама прапанаваў надаць мястэчку новую назву паводле свайго прозвішча – Развадова. З цягам часу пасёлак Развадова атрымаў неафіцыйную назву – Старыя Баранавічы.
У 1884 г. за 2 км на ўсход ад станцыі Баранавічы Маскоўска-Брэсцкай чыгункі быў здадзены ў эксплуатацыю ўчастак Віленска-Ровенскага напрамку Палескай чыгункі, які злучыў гэту мясцовасць з Прыбалтыкай і Украінай. Узнікла яшчэ адна станцыя – Баранавічы–Палескія (Баранавічы ІІ). Побач са станцыяй былі пабудаваны свірны, млыны, сухарны завод, харчовы пункт, склады. У Баранавічы былі пераведзены некалькі батальёнаў чыгуначнай брыгады і два батальёны пяхотнага палка. Узнікла новае пасяленне, якое атрымала назву Новыя Баранавічы. У тым жа 1884 г. абедзве баранавіцкія станцыі былі злучаны чыгуначнай веткай. У 1886 г. завяршылася будаўніцтва яшчэ адной чыгункі, якая злучыла Баранавічы з Беластокам. Пачала дзейнічаць новая станцыя Палескай чыгункі – Баранавічы ІІІ. Баранавічы сталі чыгуначным вузлом, які звязаў эканамічныя цэнтры Расійскай Імперыі.
Развіццё чыгуначных станцый дало штуршок прытоку насельніцтва і росту гандлёва-прамысловай дзейнасці. У 1890-я гг. два пасёлкі – Развадова і Новыя Баранавічы – зліліся ў адзін населены пункт Баранавічы–Развадова. У 1895 г. тут было адкрыта вучылішча для дзяцей работнікаў Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. У 1897 г. у мястэчку налічвалася ўжо 5135 жыхароў, 4 прадпрыемствы, дзве школы, крамы, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка. У 1908 г. было завершана будаўніцтва першага храма, адкрыты летні тэатр. У 1909 г. адкрыўся першы кінатэатр «Эдэм», створана гарадское вучылішча. 1 жніўня 1911 г. пачала дзейнічаць тэлефонная сетка. У 1912 г. жыхары мястэчка сталі сведкамі аўтапрабегу па маршруце Пецярбург – Вільна – Баранавічы – Мінск – Масква.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Баранавічах пражывала ўжо больш за 30 тыс. чалавек, дзейнічалі цагельны, маслабойны, лесапільны, чыгуначны, сухарны і іншыя заводы, чыгуначныя майстэрні, 2 млыны. Баранавічы з’яўляліся буйным гандлёвым цэнтрам. У 1912–1913 гг. тут выдавалася інфармацыйна-даведачная газета «Баранавіцкі лісток аб’яў», якая паклала пачатак мясцоваму друку. Напачатку Першай сусветнай вайны ў Баранавічах размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскай арміі, якую некалькі разоў наведаў Мікалай ІІ. З восені 1915 г. да студзеня 1919 г. Баранавічы былі акупіраваны германскімі і аўстра-венгерскімі войскамі і значна разбураны.
6 лютага 1919 г. Баранавічам быў нададзены статус павятовага горада Мінскай губерні. Паводле Рыжскага мірнага дагавора (сакавік 1921 г.) горад увайшоў у склад Польшчы як цэнтр павета Навагрудскага ваяводства. У 1929 г. тут адкрыўся павятовы музей, а вясной 1936 г. – цэнтр культуры.
У 1939 г. пасля ўваходу ў склад БССР Баранавічы сталі цэнтрам вобласці. Напярэдадні вайны тут пражывала ўжо каля 45 тыс. жыхароў. Да канца 1939 г. у гарадской бібліятэцы налічвалася больш за 12 тыс. кніг, працавалі музычная школа, карцінная галерэя, музей выяўленчага мастацтва, абласны драматычны тэатр.
У перыяд Другой сусветнай вайны з 27 чэрвеня 1941 г. Баранавічы былі акупіраваны войскамі Германіі (вызвалены 8 ліпеня 1944 г.). Горад стаў моцным вузлом нямецкай абароны. Захопнікамі было разбурана 80% усіх пабудоў, не падлягалі аднаўленню прадпрыемствы, былі выведзены са строю паравознае і вагоннае дэпо, разбураны вакзалы, чыгуначныя пуці. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў канцлагерах і гета загінула больш за 100 тысяч чалавек.
Пасля вызвалення горад ляжаў у руінах і папялішчах, у жывых засталося нямногім больш за чатыры тысячы жыхароў. У цяжкіх умовах пасляваеннай разрухі адбудоўвалі людзі свой горад, наладжвалі мірнае жыццё. У верасні 1944 г. аднавіла працу музычная школа, да канца года адкрыліся дзве бібліятэкі, Дом народнай творчасці. У лютым 1945 г. у Баранавічах прайшоў абласны агляд мастацкай самадзейнасці. Ужо ў канцы 1940-х горад быў пераўтвораны ў адзін з буйнейшых прамысловых, транспартных і культурных цэнтраў краіны.
Другая палова ХХ ст. адзначана развіццём машынабудавання, лёгкай і харчовай галін прамысловасці. У 1970–1980-я гг. жыхары Баранавіч маглі ганарыцца вынікамі сваёй працы: у горадзе дзейнічала больш за 60 прамысловых, будаўнічых і транспартных прадпрыемстваў і арганізацый, 9 устаноў для атрымання сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 21 сярэдняя агульнаадукацыйная школа, мноства ўстаноў культуры, установы аховы здароўя, спартыўныя аб'екты і, самае галоўнае, новыя добраўпарадкаваныя жылыя кварталы. Прадукцыя баранавіцкіх прадпрыемстваў – баваўняныя тканіны, аўтаматычныя лініі, тэхналагічнае абсталяванне для металаапрацоўчых станкоў і многае іншае – была вядома далёка за межамі СССР.
Сёння Баранавічы – горад з выгадным геаграфічным становішчам, буйны вузел чыгуначных і шасейных дарог, які размешчаны на перакрыжаванні папулярных турыстычных маршрутаў на Мір, Нясвіж, Навагрудак, Слонім, Гродна, Ліду. Тут дзейнічаюць буйныя прадпрыемствы: Баранавіцкі станкабудаўнічы завод ЗАТ «Атлант», ААТ «558 авіяцыйны рамонтны завод», вытворчае баваўнянае прадпрыемства, завод аўтаматычных ліній Беларускай чыгункі, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод рэспубліканскага аб’яднання «МАЗ».
Функцыяніруе Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, шэраг устаноў для атрымання прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Працуе краязнаўчы музей – старэйшая ўстанова культуры Баранавіч (дзейнічае з кастрычніка 1929 г.). У 1999 г. створаны першы ў краіне Музей чыгуначнай тэхнікі. З 1997 г. тут праводзяцца рэспубліканскія фестывалі духавой музыкі «Беларускія фанфары», традыцыйным стала свята горада «Баранавіцкая вясна», конкурс бальнага танца «Фіеста запальвае агні».
У снежні 2009 г. у Баранавічах пабудаваны Лядовы палац для заняткаў хакеем і фігурным катаннем, лядовую арэну якога можна трансфарміраваць у спартыўную пляцоўку для спаборніцтваў па баскетболу, валейболу, гандболу, спартыўным танцам ці ў канцэртную залу.
У Баранавічаў ёсць 21 горад-пабрацім, сярод якіх фінскі Хейнала, аўстрыйскі Штакерау, польскія Бяла-Падляска і Гдыня, кітайскі Чыбі, італьянскі Ферара, латвійская Елгава і іншыя. У горадзе, які займае восьмае месца ў рэспубліцы па колькасці насельніцтва, жыве каля 170 тысяч чалавек.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.