Дата пачатку:
студзень 1965 Барысаў, г., Мінская вобласць
Кароткая даведка:
адкрытае акцыянернае таварыства ў складзе холдынга "Белфармпрам", лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2011, 2016, 2019)
Скарочаныя назвы:
"BZMP"; "БЗМП"
Назвы на іншых мовах:
Borisovskiy Zavod Medicinskikh Preparatov (англійская); Борисовский завод медицинских препаратов (руская);
Гісторыя завода медыцынскіх прэпаратаў у Барысаве (Мінская вобласць) пачалася ў 1965 г. са стварэння тут невялікай фармацэўтычнай фабрыкі па выпуску абмежаванага асартыменту вадкіх фітахімічных, спіртавых і алейных лекавых сродкаў, мазяў і геляў. Працоўны калектыў налічваў у гэты час 257 чалавек. У хуткім часе прадпрыемства пашырыла асартымент прадукцыі да 70 найменняў і было пераўтворана ў Барысаўскі хіміка-фармацэўтычны завод саюзнага значэння. У далейшым вялося планамернае пашырэнне вытворчасці: уведзены ў эксплуатацыю новы таблетачны корпус (1985), цэх па выпуску раствораў для ін'екцый у ампулах (1991), участак парашкоў-антыбіётыкаў для ін'екцый у флаконах (1995) і інш. У 2009–2011 гг. праведзена буйнамаштабная мадэрнізацыя з укараненнем сучасных тэхналогій, усе асноўныя і дапаможныя стадыі тэхналагічнага працэсу былі максімальна механізаваны і аўтаматызаваны.
У цяперашні час адкрытае акцыянернае таварыства «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў» уваходзіць у склад холдынга «Белфармпрам». На ім працуе каля 3 тыс. чалавек. Прадпрыемства мае пяць асноўных цэхаў (ампульны, галена-фасовачны, таблетавання і фасоўкі, цвёрдых лекавых форм і друкарска-кардонны). Кантроль якасці на ўсіх этапах вытворчасці ажыццяўляецца спецыяльным структурным падраздзяленнем, у складзе якога дзейнічаюць аналітычная і мікрабіялагічная лабараторыі. Завод вырабляе больш за 300 найменняў лекавых сродкаў 12 фармакатэрапеўтычных груп – джэнэрыкаў: ін’екцыйныя растворы ў ампулах, таблеткі, капсулы, парашкі, вадкія фітахімічныя, спіртавыя і алейныя лекавыя сродкі. Вытворчыя магутнасці забяспечваюць гадавы выпуск 15 млн туб мазяў і геляў, 16 млн флаконаў настоек і спіртавых раствораў.
Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў з’яўляецца лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2011, 2016, 2019), пераможцам у І Рэспубліканскім конкурсе на саісканне прэміі за дасягненні ў галіне развіцця прамысловых тэхналогій «Лідары прамысловасці Рэспублікі Беларусь – 2023», дыпламантам конкурсаў «Народная марка Беларусі» і «Лепшы экспарцёр».