Многія памятаюць гэты гарадок зусім драўляным. Ціхія вуліцы з патанаючымі ў зеляніне садоў невялікімі домікамі, агароды, што цягнуцца ўздоўж правага берага прыгажуні Бярэзіны, якая і дала яму назву. Беразіно — адно з найбольш старажытных паселішчаў усходняй часткі Беларусі. Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1501 г. як мястэчка ў Любашанскім старостве Вялікага княства Літоўскага. З сярэдзіны XVI ст. яно належала Сапегам. Доўгі час адзінай выдатнасцю Беразіна з’яўляўся драўляны касцёл, пабудаваны Лявонам Сапегам у 1641 г. (згарэў у 1914 г.). З 1668 г. мястэчка мела прывілей караля Яна Казіміра на гандаль і штогадовы кірмаш. Праз тры гады яго ўладарамі сталі польскія магнаты Міхал-Уладзімір і Даратэя Тышкевічы. З 1793 г. Беразіно — у складзе Расіі як мястэчка Пагосцкай воласці Ігуменскага павета. Яно належыць магнатам Патоцкім. У першай палове ХІХ ст. тут дзейнічала суконная мануфактура, якая ў 1840 г. дала 7740 аршынаў сукна. Бярэзінскія купцы ў гэты час гандлявалі дрэвам, прадуктамі са смалы, пянькой, якія сплаўлялі ў парты Балтыйскага і Чорнага мораў. З местачковай прыстані адпраўлялася больш за 5500 тысяч пудоў тавараў, а прыбывала больш за 70 тысяч пудоў. Адмена прыгоннага права садзейнічала ператварэнню мястэчка ў прамыслова-гандлёвы цэнтр. З 1892 г. тут працавалі бровар, канатная фабрыка, млын, народнае вучылішча, школа, аптэка, паштова-тэлеграфная кантора. У лістападзе 1917 г. у Беразіно была ўстаноўлена Савецкая ўлада, і праз сем год (17 чэрвеня 1924 г.) горад стаў цэнтрам раёна Барысаўскай, а пазней і Мінскай акругі. Раённы цэнтр рос, будаваўся, развівалася яго прамысловасць. Былі арганізаваны суднабудаўнічая, калёсная, кравецкая, шавецкая арцелі, працаваў маслазавод, металічная і аўтамабільная майстэрні, сукнавальні, спіртзавод, райпрамкамбінат, леспрамгас, лясгас, сплаўучастак, малочна-жывёлагадоўчы саўгас “Беразіно”. У 1968 г. Беразіно атрымаў статус горада.
За апошнія гады ён вельмі змяніўся. Усё тут стала непазнавальным. Пры ўездзе з боку Мінска, на месцы былой пусткі, цяпер вырас цэлы мікрараён вышынных жылых будынкаў, з боку Магілёва — маляўнічы пасёлак дарожнікаў. Вышэй на Бярэзіне, праз Магілёўскую шашу, дзе раней стаяла толькі некалькі драўляных домікаў, з’явілася прыгожая вуліца, названая імем партызанкі Марыі Рамановіч. У гэтай частцы горада ў 1980 г. уступіў у строй буйнейшы ў вобласці сыраробны завод, прадукцыю якога ведаюць сёння жыхары многіх гарадоў і вёсак нашай краіны. Тут, на беразе ракі, размясціўся і сплаўны ўчастак Чэрвеньскага леспрамгаса, які забяспечвае будаўнічым лесам амаль усе буйныя прадпрыемствы Мінска. Шмат перамен адбылося і ў цэнтры Беразіна. Пабудаваны універмаг, прадуктовыя магазіны, Дом быту, кінатэатр, дзесяткі сучасных адміністрацыйных будынкаў, Дом культуры і інш. Цяжка пералічыць усе новабудоўлі апошніх гадоў.
Ціха нясе свае воды прыгажуня Бярэзіна. Многае пабачыла яна за сваё жыццё. Будаваліся і знікалі пасяленні на яе берагах, мяняліся пакаленні людзей, вось ужо пяць стагоддзяў назірае яна за буйнымі падзеямі і ўзрушэннямі, звязанымі з гісторыяй гарадка, што носіць яе імя, за нялёгкім лёсам яго жыхароў, якія заўсёды слаўна працавалі, дастойна абаранялі свой дом ад ворага. У часы Паўночнай вайны 1700—1721 гг. немалыя страты панеслі тут войскі шведаў, калі перапраўляліся цераз раку ля горада. Тэрыторыя Беразіно і яго наваколле сталі месцам канчатковага разгрому войскаў Напалеона ў 1812 г. Тысячы французскіх салдат пахавала рака ў сваіх водах у час іх адступлення. У гісторыю ўвайшлі бітвы на Бярэзіне 1920 г. у вайну з буржуазнай Польшчай. Тут былі разбіты асноўныя сілы групы армій “Цэнтр” фашысцкай Германіі ў перыяд Беларускай аперацыі 1944 г. Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў пануе на берагах Бярэзіны мірнае жыццё. І рацэ, і людзям, што жывуць тут, хочацца, каб такім яно было заўсёды. Каб ніколі ў цудоўных гэтых месцах не праліваліся кроў і слёзы, не было гора.