Дата пачатку: студзень 1935 Магілёў, г.
Кароткая даведка: установа культуры, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998)
Назвы на іншых мовах: Могилёвская областная библиотека имени В.И. Ленина (руская);
Папярэднія назвы: Магілёўская абласная аб'яднаная бібліятэка імя У.І. Леніна; Могилёвская областная библиотека им. В.И. Ленина; Могилёвский филиал Государственной библиотеки БССР им. В.И. Ленина
Магілёўская абласная бібліятэка імя У.I. Леніна заснавана ў пачатку 1935 г. як філіял Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.I. Леніна, а ў 1938 г. у сувязі з утварэннем абласцей пераўтворана ў абласную бібліятэку з захаваннем імя У.I. Леніна. Гэта буйнейшая дзяржаўная публічная бібліятэка рэгіёна, мэтай якой з’яўляецца падтрымка навуковай, адукацыйнай і іншых сфер дзейнасці насельніцтва Магілёўскай вобласці. У аснове яе функцыянавання знаходзяцца прынцыпы даступнасці і адкрытасці рэсурсаў і інфармацыі аб іх для карыстальнікаў, спалучэнне якасці і аператыўнасці ў прадастаўленні паслуг, камфортнасць абслугоўвання, інавацыйнае развіццё, рацыянальнае выкарыстанне кадравых, матэрыяльна-тэхнічных і фінансавых рэсурсаў. У цяперашні час бібліятэка абслугоўвае больш за 39 тыс. карыстальнікаў. Фонд налічвае амаль 800 тыс. адзінак дакументаў на традыцыйных і электронных носьбітах. Калекцыя краязнаўчай літаратуры і мясцовых выданняў налічвае звыш 4 тыс. адзінак захоўвання, фонд рэдкіх і каштоўных выданняў – звыш 5 тыс. Штогод бібліятэка набывае больш за 400 перыядычных выданняў. Установа ў ліку першых – у 1993 г. – на аснове рэгіянальных праграм стварэння і развіцця АБІС прыступіла да пераходу на аўтаматызаваны рэжым. На першапачатковым этапе фарміравання і развіцця АБІС “Абласная бібліятэка” была вырашана задача аўтаматызацыі асноўных бібліятэчных працэсаў. З 1997 г. пад кіраўніцтвам абласной бібліятэкі створаны аўтаматызаваныя працоўныя месцы ў раённых дзіцячых бібліятэках вобласці. За фарміраванне аўтаматызаваных інфармацыйных сетак “Абласная бiблiятэкa” і “Магілёўская вобласць” у намінацыі “Дасягненні ў эстэтычным і маральным выхаванні беларускага народа і прапаганда духоўных каштоўнасцей” у 1998 г. калектыву бібліятэкі прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Працэс камп’ютарызацыі бібліятэк вобласці – галоўны складальнік паспяховага ўключэння ў сусветны інфармацыйны рэсурс. На сённяшні дзень ім ахоплены не толькі абласная бібліятэка, але і цэнтральныя гарадскія і раённыя бібліятэкі, сельскія бібліятэкі аграгарадкоў. Выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій дазволіла аб’яднаць усе напрацаваныя рэсурсы ў адзіны чытацкі інфармацыйны рэсурс – электронны каталог, які змяшчае бібліяграфічную інфармацыю аб фондах бібліятэкі з 1993 г. і на цяперашні час налічвае 590,5 тыс. запісаў. Доступ да яго забяспечваецца як лакальным карыстальнікам, так і аддаленым. З 2010 г. дзяржаўная ўстанова выкарыстоўвае прыкладны праграмны пакет ALIS.WEB (распрацоўка НПФ “ІНЕАК”), з ужываннем фармату бібліяграфічных запісаў BELMARC, магчымасцю прымянення ў працэсах падрыхтоўкі інфармацыі рэсурсаў зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі і базы даных аўтарытэтных запісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Асабісты інфармацыйны сайт бібліятэкі дзейнічае з 1998 г. (http://www.library. mogilev.by; у сучаснай версіі з 2005 г.) і прадстаўляе развітую структуру з больш як 200 старонак у 38 раздзелах. Ён пастаянна абнаўляецца, папаўняецца новымі раздзеламі і праектамі – “Под Чернобыльским пеплом” (2011), “Гісторыя адной карціны” (2012), “Музейны пакой гісторыі кнігі і бібліятэкі” (2012). Пра новыя цікавыя артыкулы з перыядычных выданняў паведамляюць рубрыкі сайта “Библиотекарь рекомендует”, “Интересно жить читая”, “Выбирай и читай”. Штогод яго наведвае больш за 200 тыс. карыстальнікаў. Як дапаможны рэсурс да афіцыйнага сайта ў 2012 г. сфарміраваны бібліятэчны блог “LIBRARIUM”, наведвальнікі якога ў нефармальнай абстаноўцы абмяркоўваюць актуальныя бібліятэчныя падзеі, добрыя кнігі, цікавыя фільмы і інтэрнэт-рэсурсы, пакідаюць свае заўвагі і прапановы. У 2013 г. пры тэхнічнай падтрымцы абласной бібліятэкі створаны інфармацыйны сайт вядомага магілёўскага гісторыка і пісьменніка М.С. Барысенкі. Установай ініцыявана і падтрымліваецца фарміраванне сайтаў бібліятэчных сетак вобласці. З мэтай аказання кансультацыйнай і практычнай дапамогі для спецыялістаў раённых бібліятэк у гэтым кірунку сістэматычна праводзяцца навучальныя мерапрыемствы, распрацаваны метадычныя рэкамендацыі. У цяперашні час з 23 бібліятэчных сетак у 12 створаны і функцыянуюць сайты – Асіповіцкай, Быхаўскай, Бялыніцкай, Дрыбінскай, Касцюковіцкай, Клімавіцкай, Круглянскай, Крычаўскай, Хоцімскай, Шклоўскай, Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Бабруйска, Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва.
У якасці метадычнага цэнтра для бібліятэк вобласці і цэнтра па краязнаўстве абласная бібліятэка фарміруе рэгіянальную бібліятэчную палітыку, інтэгруе перадавыя бібліятэчна-інфармацыйныя тэхналогіі, аказвае метадычную дапамогу ў арганізацыі бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання публічных бібліятэк вобласці, павышае прафесійны ўзровень работнікаў бібліятэк. З мэтай вывучэння рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, пошуку і збору матэрыялаў пра славутых ураджэнцаў краю абласной бібліятэкай быў ініцыяваны сярод бібліятэк вобласці конкурс “Край мой – Магілёўшчына” (2002–2008). Па яго выніках створаны краязнаўчыя базы даных, якія прадстаўлены на сайце ўстановы (http://library.mogilev.by/kray/) і на сайтах бібліятэчных сетак вобласці. Да іх актыўна звяртаюцца віртуальныя наведвальнікі. У мэтах забеспячэння чытачоў прававой інфармацыяй у абласной бібліятэцы працуе Публічны цэнтр прававой інфармацыі (з 2000 г.), які гарантуе бясплатны доступ да аўтаматызаванага эталоннага банка даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь “Эталон 6.6”. Кожны мае магчымасць пазнаёміцца з прававымі дакументамі ў банках даных “Заканадаўства Рэспублікі Бeлapycь”, “Міжнародныя дагаворы”, “Рашэнні органаў мясцовага ўпраўлення і самаўпраўлення”, “Правоприменительная практика”. З 2008 г. установа мае доступ да віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, што забяспечыла доступ карыстальнікам да рэсурсаў сусветных вытворцаў. Каб прывабіць чытачоў у бібліятэку, выкарыстоўваюцца разнастайныя сучасныя формы, развіваюцца партнёрскія сувязі. Пачынаючы з 2010 г. праходзяць Пысінскія чытанні, прысвечаныя знакамітаму ўраджэнцу Магілёўшчыны А.В. Пысіну, заслужанаму дзеячу культуры БССР, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы за кнігу вершаў “Твае далоні”. Супрацоўнікі бібліятэкі штогод аддаюць даніну памяці паэту – рыхтуюць комплекс цікавых літаратурна-музычных вечарын, сустрэч паэтаў, пісьменнікаў, сваякоў Аляксея Васільевіча з моладдзю, падчас якіх гучыць шмат вершаў.
У 2011 г. пры ўстанове адкрыты Музейны пакой гісторыі кнігі і бібліятэкі, які створаны з мэтай захавання гісторыі бібліятэкі і бібліятэчнай справы вобласці, раскрыцця ролі кнігі ў духоўнай сферы чалавека, прадастаўлення сучаснікам доступу да рэдкіх выданняў і захавання іх для наступных пакаленняў, павышэння цікавасці да кнігі і чытання. У аснове экспазіцый – унікальныя матэрыялы, знойдзеныя ў выніку пошукавай і навуковай дзейнасці. Музейны пакой з’яўляецца культурна-адукацыйным цэнтрам, дзе праводзяцца метадычныя семінары для бібліятэкараў вобласці, экскурсіі, музейныя ўрокі для студэнтаў, якія абралі бібліятэчную прафесію, культурна-асветніцкіх і іншых навучальных устаноў. У бібліятэцы працуюць клубы і аматарскія аб’яднанні “Спадчына”, “Муза”, “Натхненне”. Іх паспяховая дзейнасць забяспечваецца даўнімі партнёрскімі сувязямі і сяброўскімі адносінамі з адукацыйнымі і грамадскімі ўстановамі горада, пастаяннымі карыстальнікамі бібліятэкі, а таксама дзякуючы распрацаваным праектам і праграмам “Кнігі для вечнасці”, “Бібліятэка і маральнае выхаванне ў кантэксце праваслаўных традыцый”, “Узыходжанне па прыступках права”, “Памятае сэрца, дзе карані родныя”, “Для вас, ветэраны!”, “Экалогія. Чалавек. Грамадства”, “Бібліятэчная плошча мастацтваў”, “Бібліятэка як інфармацыйна-пошукавая сістэма”.
Установа забяспечана высокакваліфікаванымі спецыялістамі, якія з’яўляюцца аналітыкамі, здольнымі знаходзіць аптымальныя шляхі і формы пошуку, абагульнення, сістэматызацыі інфармацыі і прадастаўлення яе насельніцтву ў зручнай форме. З 88 бібліятэчных работнікаў спецыяльную адукацыю маюць 85, з іх вышэйшую – 64. Кожнае мерапрыемства суправаджаецца мультымедыйнымі прэзентацыямі і відэаролікамі, створанымі супрацоўнікамі. Штогод выдаецца каля 50 выпускаў штоквартальных і штомесячных паказальнікаў, аглядаў, хронік, метадычных распрацовак. З 2003 г. выходзіць інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь “Веснік бібліятэк” – выданне бібліятэкараў Магілёўскай вобласці, якое садзейнічае павышэнню прэстыжу бібліятэкі і бібліятэкараў, іх ролі ў адукацыйным працэсе, паляпшэнню ўзаемаадносін з грамадскасцю.
Усё пералічанае – на карысць наведвальнікаў бібліятэкі, якім акрамя асноўных паслуг установа прадастаўляе 50 найменняў дадатковых (платных) паслуг. У перспектыве развіццё бібліятэкі прадстаўляецца арыентаваным на карыстальніка, які набывае веды. Бібліятэка павінна будзе забяспечыць інфармацыйныя патрабаванні на базе перадавога тэхналагічнага і тэхнічнага аснашчэння. Гэтаму паспрыяе выкананне ў поўным аб’ёме асноўных паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011–2015 гг., накіраванай на забеспячэнне свабоднага і роўнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў і бібліятэчных фондаў для розных груп насельніцтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.