Дата пачатку: пад 862 Полацкі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка: горад, цэнтр Полацкага раёна Віцебскай вобласці, культурная сталіца Беларусі 2010 г.
Назвы на іншых мовах: Pallteskiuborg (не вызначана); Palteskia (не вызначана); Pattes juborg (не вызначана); Полоцк (руская);
Папярэднія назвы: Полотеск; Полотьск; Полтеск
Полацк называюць Горадам гарадоў беларускіх, беларускай Меккай, духоўнай калыскай і першай сталіцай беларусаў. Гэтыя вызначэнні невыпадковы. З Полацка сапраўды пачынаецца Беларусь, тут вытокі яе дзяржаўнасці і культуры. Усяслаў Чарадзей і Рагнеда, святая Ефрасіння і Лазар Богша, Францыск Скарына і Сімяон Полацкі... Усе гэтыя імёны, якія ззяюць у нашай гісторыі, загарэліся сваім яркім святлом у Полацку – найстаражытнейшым горадзе краіны, калісьці цэнтры магутнага княства, што канкурыравала з іншымі дзяржавамі Еўропы.
Полацк – самы старажытны горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усходніх славян. Больш чым 11 стагоддзяў назад непадалёку ад месца, дзе між невысокіх пагоркаў выгінастая Палата аддае свае воды Заходняй Дзвіне, крывічы заснавалі горад і назвалі яго ад імя ракі. Датай заснавання Полацка лічыцца першае ўпамінанне аб ім у старажытным славянскім летапісе «Аповесць мінулых гадоў» пад 862 г. Тагачасны Полацк – дзяцінец, абнесены драўлянымі сценамі, абведзены землянымі валамі і ровам.
У апошняй чвэрці Х ст. у Полацку княжыў Рагвалод – першы летапісны полацкі князь. У той час Полацкае княства было моцнай дзяржавай, ад якой залежала перавага ў спрэчках паміж Ноўгарадам і Кіевам. Наўгародскі князь Уладзімір, дамагаючыся ўлады на Кіеўскім прастоле, шукаў ваеннай падтрымкі полацкага князя. Падзеі выглядалі як сватанне Уладзіміра да дачкі Рагвалода Рагнеды. Атрымаўшы адказ, у 980 г. (паводле іншых звестак у 970 г. ці ў 975 г.) Уладзімір напаў на Полацк. Князь Рагвалод быў забіты, Рагнеда стала жонкай князя Уладзіміра. Полацк увайшоў у склад Кіеўскай Русі.
З 988 г. у Полацку княжыў сын Рагнеды і Уладзіміра Ізяслаў Уладзіміравіч, з 1003 г. – Брачыслаў Ізяславіч. Палітычнага росквіту Полацкае княства дасягнула пры Усяславе Брачыславічу, які ўвайшоў у гісторыю як выдатны палітычны дзеяч, якому людзі далі мянушку Чарадзей. У гэты час з дапамогай візантыйскіх майстроў узводзіцца велічны Сафійскі сабор (1044–1066), будуюцца першыя гарадскія ўмацаванні.
У ХІІ ст. Полацк дасягае эканамічнага росквіту. Горадам па чарзе кіруюць дзеці і ўнукі Усяслава Брачыславіча. З'яўляецца шэраг мураваных цэркваў, пабудаваных у самабытнай манеры полацкай школы дойлідства: Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Полацк становіцца цэнтрам асветы. Унучка Усяслава Чарадзея, знакамітая асветніца Еўфрасіння Полацкая, усё жыццё несла духоўнасць хрысціянскага веравучэння Полацкай зямлі. Без гэтага імені нельга ўявіць сабе панараму духоўнага жыцця Полацка XII ст. У тыя часы назіраецца росквіт мастацтва, рамяства, гандлю: тут працуюць майстар-ювелір Лазар Богша і дойлід Іаан, якія ствараюць сапраўдныя шэдэўры.
З сярэдзіны ХІІІ ст. цэнтр палітычнага жыцця перамясціўся ў Наваградак – сталіцу новай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. З 1307 г. Полацкая зямля знаходзілася ў складзе ВКЛ. Галоўная пагроза зыходзіла ў той час з боку крыжакоў. У 1410 г. полацкая харугва ўдзельнічала ў разгроме Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. У ХІV–ХVІ стст. Полацк з'яўляўся самым вялікім горадам у ВКЛ і меў асобыя прывілеі. У 1498 г. атрымаў права на самакіраванне, у ХVІ ст. – уласны герб: у блакітным полі трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі на срэбнай вадзе. Каля 1490 г. у Полацку нарадзіўся асветнік і першадрукар Францыск Скарына.
У сярэдзіне ХVІ ст. Маскоўская дзяржава пачала Лівонскую вайну, якая працягвалася 25 гадоў. Зімой 1563 г. Полацк быў захоплены і разрабаваны войскамі Івана ІV Грознага: 11 тыс. жыхароў трапілі ў палон, была разрабавана старэйшая на Беларусі бібліятэка Сафійскага сабора, 300 падвод з золатам, срэбрам і каштоўнасцямі былі накіраваны ў Маскву. Падзеі Лівонскай вайны прывялі Полацк да разбурэння і эканамічнага заняпаду, наблізілі Люблінскую унію 1569 г. і ўтварэнне новай дзяржавы – Рэчы Паспалітай.
Пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. быў пакладзены пачатак грэка-каталіцкай (уніяцкай) царкве. Полацк з яго кафедральным Сафійскім саборам стаў сталіцай і месцам паломніцтва ўніятаў. Акрамя таго тут дзейнічалі праваслаўныя і каталіцкія манастыры. У апошняй чвэрці ХVІ ст. Полацкі манаскі ордэн езуітаў заснаваў калегіум (у 1812–1820 гг. Полацкая езуіцкая акадэмія). У другой палове ХVІІ ст. у брацкай школе Богаяўленскага манастыра працаваў выкладчыкам Сімяон Полацкі. Апошняя чвэрць ХVІІІ ст. адзначана будаўніцтвам вялікай колькасці мураваных храмаў, што звязана з дзейнасцю езуітаў і іншых каталіцкіх ордэнаў.
Паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) правабярэжная частка Полацка ўключана ў склад Расійскай Імперыі. У 1776 г. створана Полацкая губерня, якая ў 1778 г. стала намесніцтвам. З 1793 г. (другі падзел Рэчы Паспалітай) у склад Расійскай Імперыі ўвайшла левабярэжная частка горада. У выніку аб'яднання Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў (1796) была ўтворана Беларуская губерня з цэнтрам у Віцебску. З таго часу Полацк стаў павятовым горадам Беларускай губерні, а з 1802 г. – Віцебскай.
Падчас Айчыннай вайны 1812 г. адбыліся Клясціцкія баі (першая перамога рускіх войск над большымі сіламі праціўніка) і Полацкія бітвы. У выніку 1-й Полацкай бітвы французы адмовіліся ад наступлення на Наўгародска-Пецярбургскім напрамку, вынікам 2-й бітвы стала вызваленне Полацка. Пра падзеі вайны ў Полацку нагадвае Чырвоны мост і Помнік героям Айчыннай вайны 1812 г. (адкрыты ў 1850 г., знесены ў 1932 г., адноўлены ў снежні 2009 г.).
З 1835 г. да 1918 г. існаваў Полацкі кадэцкі корпус, які скончылі такія ваенныя дзеячы як герой Руска-Японскай вайны Раман Кандраценка, прафесар, генерал-лейтэнант Казімір Лявіцкі, браты Міхаіл і Нічыпар Кайгародавы. У кадэцкім корпусе вучыўся і расійскі прыродазнавец, фенолаг, арнітолаг, адзін з заснавальнікаў Рускага таварыства аматараў светазнаўства Дзмітрый Кайгародаў.
У ХІХ ст. Полацк – правінцыяльны павятовы горад з рамеснай вытворчасцю і шэрагам дробных прадпрыемстваў. Развіццю горада спрыяла пабудова ў 1866 г. Рыга-Арлоўскай чыгункі.
У часы Першай сусветнай вайны Полацк быў прыфрантавым горадам. У 1917 г. палачане актыўна падтрымалі рэвалюцыйныя падзеі, што прывяло да ўсталявання ў горадзе савецкай улады. З 1924 г. горад – у складзе БССР, цэнтр Полацкага павета Віцебскай губерні, акругі. Пачалося прамысловае і культурнае развіццё: напачатку 1940 г. налічвалася 90 прадпрыемстваў, дзейнічалі краязнаўчы музей і калгасна-саўгасны тэатр, працавалі агульнаадукацыйныя школы, тэхнікумы, рабфак сельскагаспадарчага інстытута.
27 чэрвеня 1941 г. пачалася гераічная абарона Полацка: на працягу трох тыдняў абаронцы горада стрымлівалі гітлераўцаў. Аднак з 16 ліпеня 1941 г. і да раніцы 4 ліпеня 1944 г. горад быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З першых дзён акупацыі ворагі прыступілі да масавага знішчэння ваеннапалонных і мірных жыхароў. За тры гады гітлераўскай няволі было знішчана 150 тыс. чалавек. Нягледзячы на жорсткі акупацыйны рэжым у Полацку дзейнічала патрыятычнае падполле, палачане змагаліся на франтах вайны, у партызанскіх атрадах. Добра вядома імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, якая вынесла з поля бою 128 параненых байцоў, аднак сама ў выніку цяжкага ранення засталася без рук і ног. Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены палачане: лётчык Аляксандр Гаравец, партызанка-разведчыца Таццяна Марыненка, танкіст Іван Аляксееў, ганаровы салдат унутраных войск Сцяпан Пашкевіч.
На захадзе яшчэ грукатала вайна, а палачане ўжо пачалі адбудоўваць свой горад: у канцы 1947 г. працавалі 22 прадпрыемствы, у 1950 г. дзейнічалі ўсе даваенныя заводы і фабрыкі, вялося будаўніцтва грамадскіх, адміністрацыйных будынкаў, культурна-асветных устаноў. Значны штуршок развіццю горада дало ўзвядзенне аўтарамонтнага завода і завода шкловалакна.
Сучасны Полацк – буйны прамысловы цэнтр. Тут жыве каля 84 тыс. жыхароў. Гаспадарчы комплекс Полацка складаецца з шэрагу буйных прадпрыемстваў хімічнай і нафтахімічнай, металаапрацоўчай і машынабудаўнічай, лёгкай, паліграфічнай і харчовай галін прамысловасці. Адно з буйнейшых прадпрыемстваў горада ААТ «Полацк-Шкловалакно» пастаўляе сваю прадукцыю ў 45 краін свету. У горадзе працуюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Праммашрамонт» (адно з буйнейшых аўтарамонтных прадпрыемстваў Беларусі), «Тэхналіт Полацк» (вырабляе абсталяванне для жывёлагадоўлі), «Мона» (выраб адзення), паліграфічнае прадпрыемства «Спадчына Ф. Скарыны».
У Полацку размешчаны гісторыка-філалагічны факультэт і факультэт інфармацыйных тэхнлогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дзейнічаюць гандлёва-тэхналагічны каледж Белкаапсаюза, лясны каледж, аграрна-эканамічны каледж, педагагічны каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, прафесійныя ліцэі хімікаў і будаўнікоў, шэраг агульнаадукацыйных школ, 2 гімназіі.
У 1967 г. у горадзе створаны і плённа працуе Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, які ўключае ў сябе 11 музеяў: Музей беларускага кнігадрукавання, Дзіцячы музей, Краязнаўчы музей, Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Музей баявой славы, мастацкую галерэю, стацыянарную выстаўку «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай», Музей-кватэру Героя Савецкага Саюза З.М. Тусналобавай-Марчанка, Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, Прыродна-экалагічны музей.
Горад з’ўляецца сапраўднай скарбніцай беларускай зямлі, што захоўвае незлічоныя гістарычныя помнікі – маўклівыя сведкі слаўнага мінулага Полацка і ўсёй Беларусі. У ім налічваецца 150 гісторыка-культурных каштоўнасцей, сярод якіх – Сафійскі сабор, Спаса-Праабражэнская царква, якая ўваходзіць у ансамбль Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Богаяўленскі сабор, Крыжаўзвіжанская царква, корпус езуіцкага калегіума, што захаваўся да нашых дзён, лютэранская кірха, Барысаў камень, помнік эпіграфікі XII ст. і інш. На тэрыторыі горада знаходзяцца 39 помнікаў археалогіі, гісторыі, горадабудаўніцтва і архітэктуры, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Цэнтр Полацка з яго будынкамі і пабудовамі, планіровачнай структурай, ландшафтамі і культурным слоем з’яўляецца ўнікальнай гістарычнай тэрыторыяй.
У кожным куточку горада, які паступова паўстае ва ўсёй сваёй велічы, з’яўляюцца новыя адметнасці часу. Палачане першымі ўшанавалі памяць Францыска Скарыны ў бронзе. Аўтары помніка, устаноўленага ў 1974 г., атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР 1976 (скульптары А. Глебаў, І. Глебаў, А. Заспіцкі, архітэктар В. Марокін). У цэнтры горада ў 2000 г. быў адкрыты бронзавы помнік Ефрасінні Полацкай (скульптар І. Голубеў, архітэктар В. Ягадніцкі). Аўтар паказаў прападобную Ефрасінню як асветніцу Полацкай зямлі. Яна апранута па-манаску, у правай прыўзнятай руцэ трымае шасціканцовы крыж, быццам бы ахінае ім горад, а ў левай, апушчанай уніз, – пацеркі. У 2001 г. устаноўлены помнік продкам-крывічам, якія заснавалі Полацк на месцы балцкага паселішча. Вядомы беларускі скульптар А. Шатэрнік стварыў скульптурную кампазіцыю ў стылі мадэрн: у ладдзі, што сімвалізуе стыхію вады, злева – фігуры княгіні з сынам, а справа – дружыннікі-ваяры. 31 мая 2008 г. у горадзе ўсталяваны памятны знак “Геаграфічны цэнтр Еўропы”. Цяпер кожны, хто наведае Полацк, зможа атрымаць памятны сертыфікат аб тым, што ён пабываў у самым сэрцы Еўропы.
Полаччыну нездарма называюць прыдзвінскай літаратурнай і мастацкай калыскай. Полацк – радзіма знакамітага мастака Івана Хруцкага; мастачкі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, ганаровай грамадзянкі Полацка Нінэлі Шчаснай; беларускага кінарэжысёра, сцэнарыста, драматурга, аднаго з заснавальнікаў беларускага кіно Юрыя Тарыча. Тут нарадзіліся пісьменнік, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі Уладзімір Арлоў; паэт, публіцыст, радыёжурналіст Навум Гальпяровіч.
Сёння Полацк займае дастойнае месца сярод вядучых гарадоў краіны, Еўропы і свету. У 2010 г. Полацк першым атрымаў статус культурнай сталіцы Беларусі. ЮНЕСКА ўключыла дату першага ўпамінання горада ў каляндар міжнародных памятных дат 2012–2013 гг. З кожным годам старажытны Полацк становіцца яшчэ больш утульным і прывабным, расце і маладзее.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г., актуалізаваны ў 2012 г.