Нароўля – горад у Гомельскай вобласці, цэнтр Нараўлянскага раёна. Размешчаны на правым беразе ракі Прыпяць, праз горад цячэ яе прыток р. Нараўлянка. Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Ельскам, Аляксандраўкай.
Па пісьмовых крыніцах вядома як мястэчка ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, з 1764 г. належала шляхецкаму роду Аскеркаў.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Нароўля далучана да Расійскай імперыі як цэнтр воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1795 г. тут было 37 двароў, пражывала 139 жыхароў. У 1811 г. мястэчка знаходзілася ў валоданні Гольста, затым належала дваранскаму роду Горватаў. У сярэдзіне XIX ст. пабудаваны сядзібна-паркавы ансамбль, у склад якога ўваходзіў двухпавярховы цагляны палац, парк з малымі архітэктурнымі формамі, альтанка-маяк, фантан, гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы. У 1850-х гг. у Нароўлі пачала працаваць вінакурня, у 1864 г. адкрылася народнае вучылішча. У канцы XIX ст. была пракладзена вузкакалейка, якая звязвала Нароўлю з вёскай Красноўка. Па чыгунцы вывозіўся лес, які затым сплаўляўся па Прыпяці. На беразе ракі былі пабудаваны майстэрні і баракі для жылля, працавалі конскі завод Горватаў, аптэка. Частка сялян займалася бандарным промыслам.
Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку налічвалася 160 двароў, пражывала 1205 жыхароў, дзейнічалі сінагога, 7 малітоўных школ, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, паромная пераправа, 2 майстэрні па апрацоўцы скур, карчма, працавалі царкоўнапрыходская школа, прыёмны пакой, прыстань на рацэ Прыпяць, хлебазапасны магазін, царква. У 1913 г. адкрылася цукерачная фабрыка, з 1914 г. дзейнічала бібліятэка.
У студзені 1918 г. у Нароўлі створаны валасны Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. У хуткім часе мястэчка было занята германскімі войскамі і далучана да Украіны. З 1 студзеня 1919 г. Нароўля ўвайшла ў БССР, з 26 красавіка 1919 г. знаходзілася ў Гомельскай губерні РСФСР, з ліпеня 1924 г. зноў у складзе БССР. У 1926 г. дзейнічала рамеснае таварыства, арганізавана сельскагаспадарчая арцель “Чырвоны маяк”. У 1930-я гг. пачалі працаваць кандытарская фабрыка “Чырвоны мазыранін”, шпаларэзны завод, кузня, друкарня, нафтавы млын, суднабудаўнічая майстэрня, хлебапякарня, крупадзёрка. З 1934 г. дзейнічала машына-трактарная станцыя. 27 верасня 1938 г. Нароўля стала гарадскім пасёлкам у Палескай вобласці.
27 жніўня 1941 г. была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў пасёлку і раёне 600 чалавек. У гады акупацыі дзейнічалі падпольныя патрыятычныя групы і партызанскія атрады. У жніўні 1943 г. у Нароўлі партызаны разграмілі варожы гарнізон. Пасёлак быў вызвалены 30 лістапада 1943 г. у выніку Нараўлянскай аперацыі воінамі 61-й арміі Беларускага фронту сумесна з партызанамі 27-й Нараўлянскай брыгады імя С. М. Кірава.
У 1954 г. Нароўля ўключана ў склад Гомельскай вобласці, з 25 снежня 1962 г. і да студзеня 1965 г. уваходзіла ў Ельскі раён. З 6 студзеня 1965 г. стала цэнтрам Нараўлянскага раёна. 3 лістапада 1971 г. пасёлак атрымаў статус горада раённага падпарадкавання.
У 1967 і 1978 гг. былі распрацаваны генеральныя планы Нароўлі. У 1981 г. створаны праект дэталёвай планіроўкі цэнтра. Рака Нараўлянка падзяляе горад на два жылыя раёны – паўночна-заходні і паўднёва-ўсходні, прамысловыя зоны ў асноўным размешчаны на паўднёва-ўсходніх ускраінах, на перакрыжаванні вуліц Кастрычніцкая і Леніна сфарміравалася плошча – адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. У 2000-я гг. былі пашыраны грамадскі цэнтр горада, зоны для адпачынку і спорту, праведзена добраўпарадкаванне вуліц.
У 1986 г. пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС горад значна пацярпеў ад радыяцыйнага забруджвання, частка насельніцтва была пераселена, праведзена дэзактывацыя.
У 2001 г. Нароўля атрымала афіцыйны герб – у блакітным полі выява сярэбранай падковы з залатым крыжам над ёй.
У цяперашні час тут працуюць дрэваапрацоўчы камбінат, кандытарская фабрыка “Чырвоны мазыранін”, завод гідраапаратуры, лясгас, камбінат бытавога абслугоўвання і інш. Дзейнічаюць раённая бібліятэка, дзіцячая школа мастацтваў, 2 сярэднія школы, каледж, гімназія, Дом культуры, раённы цэнтр рамёстваў, гісторыка-этнаграфічны музей, кінатэатр, гасцініца, бальніца. Выдаецца раённая газета “Прыпяцкая праўда”. У горадзе знаходзяцца касцёл Святога Крыжа (пабудаваны ў 1998 г.), брацкія магілы савецкіх воінаў, партызан і жыхароў, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну. Галоўнай славутасцю з’яўляецца Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль – помнік палацава-паркавай архітэктуры другой паловы XIX ст. (унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.