Поразава – гарадскі пасёлак у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці, цэнтр Поразаўскага сельскага савета. Знаходзіцца за 112 км ад Гродна, у 25 км ад чыгуначнай станцыі Свіслач на лініі Свіслач – Ваўкавыск. Размешчаны на рацэ Рось (прыток ракі Нёман).
Паселішча вядома з XV ст. як велікакняжацкае ўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ). З 1507 г. стала цэнтрам Поразаўскай воласці Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1523 г. Поразава атрымала магдэбургскае права. Правы і вольнасці жыхароў некалькі разоў пацвярджаліся прывілеямі вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх у 1639, 1652 і 1679 гг. У 1616 г. мястэчка атрымала герб – барочны шчыт, у блакітным полі якога на залатым паўмесяцы выява Дзевы Марыі з дзіцём Ісусам на руках.
У выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Поразава ўвайшло ў склад Расійскай імперыі як мястэчка Ваўкавыскага павета Слонімскай, з 1797 г. – Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў. У 1847 г. у Поразаве адкрылася народнае вучылішча, з 1861 г. мястэчка стала цэнтрам воласці. У XIX – пачатку XX ст. Поразава з’яўлялася адным з вядомых цэнтраў ганчарнага промыслу. Тут вырабляўся чорнаглянцавы посуд (гаршкі, талеркі, збаны і інш.), вырабы буйных памераў з суцэльна глянцаваным пакрыццём, з выціснутым хвалістым ці зубчастым узорам. Калекцыя такога посуду экспанавалася на саматужніцка-прамысловай выстаўцы ў Вільні ў 1913 г.
Паводле перапісу 1897 г. у Поразаве налічвалася 592 двары, пражывала 1979 жыхароў, працавалі 2 праваслаўныя царквы, яўрэйскі малітоўны дом, народнае вучылішча, збожжазапасны магазін, вадзяны млын, медаварнае прадпрыемства, завод па вырабе газаванай вады, 6 піцейных дамоў, штогод праводзіліся 7 кірмашоў.
З восені 1915 г. мястэчка было занята германскімі войскамі, з 1 студзеня 1919 г. увайшло ў склад БССР, з лютага 1919 г. знаходзілася ў Літоўска-Беларускай ССР, з красавіка 1919 г. акупіравана польскімі войскамі. У сакавіку 1921 г. Поразава далучана да Польшчы і стала цэнтрам гміны ў складзе Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства, з лістапада 1939 г. – зноў у БССР, з 4 снежня 1939 г. – у складзе Брэсцкай вобласці. 15 студзеня 1940 г. Поразава стала вёскай, цэнтрам Поразаўскага раёна. У 1940 г. тут працавалі 2 паравыя млыны, кравецкая, шавецкая і сталярная арцелі, каўбасная майстэрня, 2 пякарні, ганчарная вытворчасць з чорнай гліны. Дзейнічалі 2 няпоўныя сярэднія школы, бальніца, раённае аддзяленне сувязі, Дом сацыялістычнай культуры, ветэрынарная лячэбніца.
У канцы чэрвеня 1941 г. Поразава было акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія за час акупацыі знішчылі 354 мірных жыхары. Вёска была вызвалена 15 ліпеня 1944 г. у ходзе Беластоцкай аперацыі.
20 верасня 1944 г. Поразава ўвайшло ў склад Гродзенскай вобласці. 30 красавіка 1958 г. атрымала статус гарадскога пасёлка і з 20 студзеня 1960 г. знаходзіцца ў складзе Свіслацкага раёна.
У цяперашні час у Поразаве працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху, філіял Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў, Дом культуры, бібліятэка–цэнтр краязнаўства, амбулаторыя. Дзейнічаюць вытворчы ўчастак “Свіслацкая фабрыка лазовай мэблі” ААТ “Гроднапрамбуд”, лясгас і інш. У пасёлку знаходзяцца дзве брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Помнікамі архітэктуры з’яўляюцца Міхайлаўскі касцёл (1825–1828), Троіцкая царква (1872), сінагога (канец XIX ст.), будынак плябаніі (1907). Захавалася Поразаўская сядзіба – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны XIX ст., у склад якой уваходзяць сядзібны дом і парк. Міхайлаўскі касцёл і сядзібны комплекс унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.