Першая палова XVIII ст. – гэта час, калі на беларускіх землях пачалі з’яўляцца мануфактуры – буйныя прадпрыемствы з наёмнымі работнікамі і шырокім выкарыстаннем падзелу працы. Дзякуючы магнатам Радзівілам у гэты перыяд былі заснаваны 24 прадпрыемствы такого тыпу, якія выраблялі габелены, сукно, шпалеры, мэблю, посуд, гадзіннікі, парасоны і інш. Адной з буйнейшых мануфактур, што вырабляла шкло на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з’яўлялася Налібоцкая шкляная мануфактура.
Шкларобнае прадпрыемства, па-іншаму – гута, было створана ў 1717 г. у невялікім вотчынным мястэчку Налібакі Віленскага ваяводства (цяпер вёска ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці) Ганнай Кацярынай Радзівіл (у дзявоцтве Сангушка). За ўзор была ўзята Дрэзданская мануфактура. Прадпрыемства размясцілася ў дзевяці драўляных будынках, дзе былі печы для выплаўкі шкла, кузня, цяслярня, слясарня, склады, шліфавальная і рысавальныя майстэрні, школа гутнікаў.
Для арганізацыі працы мануфактуры былі запрошаны высокакваліфікаваныя замежныя спецыялісты В. Ландграф, Ф. Фрэмель, Г. Хайнц, Ё. Рэпц, Г. Унгер, К. Дрэер і інш. У далейшым іх паступова замянілі мясцовыя майстры М. Русак, Ю. Фарботка, Я. Тарпановіч і інш. Сфарміраваліся дынастыі майстроў шкляной справы – Дубіцкія, Александровічы, Залескія, Галубовічы і інш. На прадпрыемстве працавала да 50 высокакваліфікаваных рабочых – шліфавальшчыкаў, рысавальшчыкаў, шкловыдзімальшчыкаў і іншых, а таксама шмат прыгонных сялян з навакольных вёсак. Умовы працы на заводзе былі вельмі цяжкія, а працоўны дзень працягваўся па 13 гадзін.
Прадпрыемства выпускала больш за 100 найменняў разнастайнай і высокаякаснай прадукцыі: рознай велічыні келіхі і кубкі, чаркі, шклянкі, талеркі, маслёнкі, салатніцы, посуд для аптэк, лабараторнае абсталяванне, шкло для гадзіннікаў і акуляраў, падсвечнікі і пясочныя гадзіннікі і інш. Мясцовыя майстры рабілі і адметныя па форме вырабы, напрыклад, куляўкі – келіхі, якія можна было паставіць на стол толькі ў перакуленым выглядзе, папярэдне выпіўшы з іх напой. Вырабы былі рознага колеру: цёмна-сіняга, блакітнага, зялёнага, жоўтага, чорнага, малочнага і інш. Тут варылі таксама рэдкае рубінавае шкло, якое афарбоўвалі калоідным золатам па нямецкай тэхналогіі XVII ст. Пасля ўдасканалення, праведзенага ў 1725 г., у вытворчым асартыменце мануфактуры акрамя шкляных вырабаў з’явіўся і хрустальны посуд. Адметнасцю налібоцкага шклянога і хрустальнага посуду з’яўляліся ўзоры ў выглядзе карон, кветак, птушак, звяроў, а таксама выявы радзівілаўскага герба, манаграм і французскіх надпісаў. Вырабы не ўступалі па якасці шклу з Германіі ці Англіі і карысталіся вялікім попытам не толькі ў магнатаў, але і ў сярэдняй шляхты. Яны экспартаваліся ў Санкт-Пецярбург, Смаленск, Кіеў, Чарнігаў, Гданьск, Кракаў.
Налібоцкая мануфактура прапрацавала больш за 140 гадоў. На жаль, у Беларусі засталося вельмі мала яе вырабаў. Асобныя экзэмпляры ёсць у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Любанскім музеі народнай славы, Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» і некаторых іншых. Шмат вырабаў зберагаецца ў Дзяржаўным Эрмітажы (Санкт-Пецярбург), Дзяржаўным гістарычным музеі (Масква), Музеі этнаграфіі і мастацкага промыслу (Львоў), Нацыянальных музеях у Кракаве і Варшаве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.