Дата пачатку:
1737 Урэчча, г. п., Любанскі раён, Мінская вобласць
Дата заканчэння:
1846
Кароткая даведка:
адна з першых мануфактур у Беларусі, прадукцыя якой вызначалася высокімі мастацкімі якасцямі
Варыянты назвы:
Урэцкая люстраная мануфактура
Назвы на іншых мовах:
Уречская стекольная мануфактура (руская);
4679 сімвалаў
Даведка
Сярод помнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі XVIII ст. адметнае месца займаюць вырабы Урэцкай шкляной мануфактуры.
Дакладную дату пачатку вытворчасці шкла ў мястэчку Урэчча Бабруйскага павета (цяпер гарадскі пасёлак у Любанскім раёне Мінскай вобласці) устанавіць не ўдалося. Маюцца звесткі, што ў 1635 г. у гэтай мясцовасці дзейнічала гута, якая спачатку належала князям Алелькавічам, а пасля перайшла ва ўладанне Радзівілаў. Месца яе размяшчэння было выбрана вельмі ўдала: тут меліся запасы кварцавага пяску і мелу, прыдатныя для стварэння празрыстага шкла, а таксама гліны для шклаварных гаршчкоў. У ваколіцах раслі вялікія лясныя масівы, драўніна якіх ішла на паліва і прыгатаванне паташу. Выраблялася тут у той час аконнае шкло і посуд.
У сучаснай беларускай гістарыяграфіі датай заснавання Урэцкай шкляной мануфактуры лічыцца 1737 г., калі ўладальніца мястэчка Ганна Кацярына Радзівіл (у дзявоцтве Сангушка) вырашыла арганізаваць тут выпуск люстэркаў. Яна запрасіла спецыялістаў з Дрэздэнскай фабрыкі Сэнффтэнберг, якія прывезлі з сабою тэхналогіі Саксонскай каралеўскай мануфактуры. Сярод прыбыўшых былі прафесіяналы выключна па люстраной справе – гутны майстар Ян Георг Каўфельд, амальгамшчык Хрысціян Надуш, паліроўшчык Георг Надуш, шліфоўшчыкі люстраных карон Готтфрыд Надуш і Ян Фогель, шліфоўшчык фацэтаў Лебер Бернард. Паступова колькасць замежнікаў скарачалася, ім на змену прыходзілі іх вучні з мясцовых падданых, майстрамі і рабочымі працавалі пераважна прыгонныя сяляне.
Згодна з архіўнымі матэрыяламі, шкляная мануфактура ва Урэччы з’яўлялася ў той час самым буйным прадпрыемствам у Рэчы Паспалітай. У яго складзе дзейнічалі гута аконнага шкла і шклянога посуду, люстраная гута, цэх кафлі. Было ўзведзена 14 пячэй, у той час як на іншых мануфактурах звычайна ад 3 да 5. Печы былі двухбаковымі, што дазваляла варыць адначасова і шкло для посуду і шкло для люстэрак. Меліся таксама спецыялізаваныя вытворчыя ўчасткі: паліравальня, рысавальня, сталярня, слясарня, кузня, паташня, склады і інш. Існаваў падзел працы і спецыялізацыя работнікаў (выдувальшчыкі люстэрак і дробнага шкла, ліцейшчыкі, шліфавальшчыкі, паліроўшчыкі, гравіроўшчыкі, ганчары, сталяры, паташнікі і г.д.). Посуд вырабляўся шляхам выдзімання, малюнкі і ўзоры наносіліся ўручную пры дапамозе алмазу, сярэбранага напільніка, долата і гранільнага кола. Вырабы аздабляліся граненнем “у брыльянт”, гравіроўкай, гарэльефнай разьбой, размалёўкай плацінай, золатам і серабром, упрыгожваліся накладными медальёнамі. Люстэркі ці выдзімаліся “халяўным метадам”, ці адліваліся на спецыяльных сталах, потым прасаваліся, загартоўваліся ў печы і шліфаваліся. Шліфоўка шкла, як і здрабненне зыходных матэрыялаў для яго, ажыццяўлялася пры дапамозе вадзянога кола і млына. Краі люстэркаў спільвалі спецыяльнымі гэблямі.
Сярод прадукцыі, што выпускалася – ліставое (аконнае) шкло, хрустальныя люстры, падсвечнікі, жырандолі, кандэлябры, насценныя рэфлектары для адбітку штучнага святла ў пакоях, дробная пластычная аздоба. Асаблівы попыт быў на посуд – бакалы, кубкі, кілішкі, келіхі, чашы, штофы, бутлікі, флаконы, вазы, чарніліцы, якія вырабляліся з хрусталю, каляровага і бясколернага шкла. Посуд і ўпрыгожванні Урэцкай гуты карысталіся вялікім попытам сярод мясцовага насельніцтва і купцоў, прадаваліся на кірмашах і ў крамах, экспартаваліся ў Польшчу і Расію. Асартымент люстраных вырабаў таксама быў надзвычай разнастайны: люстэркі англійскія ў крыштальных рамах і туалетныя ў шкляных, вялікія насценныя і ўбудаваныя ў кабінетныя сталы, трэльяжы, камоды і інш. Люстэркі каштавалі вельмі дорага. Яны ўпрыгожвалі радзівілаўскія палацы, маёнткі вышэйшай знаці, іх якасць не саступала лепшым заходнееўрапейскім узорам.
Урэцкая шкляная вытворчасць дзейнічала больш за 100 гадоў. Увесь гэты перыяд гута належыла Радзівілам, пасля адышла да Вітгенштэйнаў. У час шматлікіх войнаў яна неаднаразова гарэла. У ХІХ ст. прадпрыемства перайшло на выпуск простага шкла і посуду і з-за складанага эканамічнага становішча здавалася ў арэнду. Сярод імёнаў яе кіраўнікоў вядомы І. Г. Вунш, Х. Т. Шэрбер, П. Малевіч, І. Малевіч, дынастыі шкларобаў Кахановічаў, Бялькевічаў, Галубовічаў. Саксонскі жывапісец Я. Ф. Дытц валодаў тэхнікамі міжсценнага залачэння вырабаў, роспісу іх вадкім серабром і золатам. Лепшымі мастакамі па шкле лічыліся Мікалай, Піліп і Іван Дубіцкія. Прадметы, упрыгожаныя імі, былі аднесены Кракаўскай Акадэміяй мастацтваў да ліку лепшых мастацкіх твораў Каралеўства Польскага. Цяпер вырабы Урэцкай мануфактуры зберагаюцца ў Дзяржаўным музеі Беларусі, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, музеях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Львова, Вільнюса, Варшавы і Кракава.