Радунь – гарадскі пасёлак у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Радунскага сельскага савета, вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. Размешчаны на рацэ Радунька.
Упершыню паселішча ўпамінаецца ў 1217 г. у летапісе “Манумента Германіка” ў аповедзе пра крыжовы паход нямецкіх рыцараў супраць прыбалтыйскіх плямёнаў. З 1259 г. Радунь знаходзілася ў складзе дзяржавы Міндоўга, у Дайноўскім княстве. У XIV ст. было мястэчкам, у 1328 г. тут налічвалася 5 вуліц, 4 крамы, рынак. У 1387 г. належала князю Скіргайлу Альгердавічу. У XV–XVI стст. Радунь з’яўлялася цэнтрам Радунскага староства ў складзе каралеўскай эканоміі. У 1440 г. яна знаходзілася ва ўласнасці Казіміра IV Ягелончыка. Паводле перапісу 1538 г. у мястэчку было 7 вуліц, рынак, 210 хрысціянскіх дамоў, 43 крамы, у якіх гандлявалі півам, мёдам, гарэлкай і інш. У XIV–XVII стст. каля Радуні існаваў замак, абкружаны глыбокім ровам, абаронную аснову якога складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў – вал, сцены-гародні, вежы. Перад уязной вежай-брамай быў мост з пад’ёмным пралётам. У 1556 г. у мястэчку пабудаваны драўляны касцёл. У 1567 г. Радунскае староства было далучана да Лідскага павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1649 г. Радунь атрымала магдэбургскае права і ўласны герб – у сярэбраным полі выява чырвонага рака. У 1655 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. мястэчка і касцёл былі спалены. У 1766 г. Радунь належала мсціслаўскаму кашталяну Ю. Тышкевічу.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. мястэчка далучана да Расійскай імперыі ў складзе Лідскага павета Слонімскага намесніцтва. З 1796 г. уваходзіла ў Літоўскую, з 1801 г. – у Гродзенскую, з 1842 г. – у Віленскую губерні. У 1866 г. Радунь з’ўлялася цэнтрам валаснога і сельскага таварыства ў Лідскім павеце. У мястэчку налічваўся 101 двор, пражывала 869 жыхароў, дзейнічалі касцёл, школа, капліца, сінагога, народнае вучылішча (заснавана ў 1859 г.). Паводле перапісу 1897 г. у Радуні было 313 двароў, 1621 жыхар, працавалі гарбарны і патачны заводы, паравы млын, хлебазапасныя магазіны, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы, прыёмны пакой урачэбнага ўчастка, 11 лавак, 5 пітных дамоў.
У Першую сусветную вайну з верасня 1915 г. Радунь была занята германскімі войскамі. З 1 студзеня 1919 г. яна ўвайшла ў БССР, у 1921 г. далучана да Польшчы і стала цэнтрам гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства. З лістапада 1939 г. Радунь была зноў уведзена ў склад БССР, з 15 студзеня 1940 г. стала цэнтрам Радунскага раёна. У 1940 г. тут дзейнічалі райпрамкамбінат, электрастанцыя, маслазавод, нафтавы млын, хлебапякарня, раённая бальніца, радзільны дом, пошта, тэлеграф, няпоўная сярэдняя школа, дзіцячы дом, машынна-трактарная станцыя, Дом культуры, бібліятэка.
24 чэрвеня 1941 г. Радунь была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія вясной 1942 г. расстралялі тут 1137 чалавек. У гады акупацыі ў Радуні і на тэрыторыі раёна дзейнічалі падпольныя раённыя камітэты КП(б)Б і ЛКСМБ. Мястэчка вызвалена 13 ліпеня 1944 г. у ходзе Вільнюскай аперацыі войскамі 88-й стралковай дывізіі 31-й арміі 3-га Беларускага фронту.
Пасля вайны аднаўленне гаспадаркі праходзіла ва ўмовах барацьбы з антысавецкім падполлем, якое дзейнічала да пачатку 1950-х гг. З 20 верасня 1944 г. Радунь увайшла ў склад Гродзенскай вобласці, 30 красавіка 1958 г. атрымала статус гарадскога пасёлка, з 25 снежня 1962 г. стала цэнтрам пасялковага савета Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.
У цяперашні час у Радуні дзейнічаюць Дом культуры, горпасялковая і дзіцячая бібліятэкі, сярэдняя школа, дзіцячы сад, школа-інтэрнат, дзіцячая школа мастацтваў, лясніцтва, аддзяленне паштовай сувязі, бальніца, паліклініка, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр нацыянальных культур, філіялы АТТ “ААБ Беларусбанк”, “Белаграпрамбанк” і інш. Помнікам архітэктуры з’яўляецца касцёл Маці Божай Ружанцовай, пабудаваны ў 1929–1933 гг. У пасёлку знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі, магіла ахвяр фашызму, устаноўлены помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.