Адной са знакавых падзей айчыннай гісторыі і адной з першых бітваў пачатку феадальнай раздробленасці Русі стала бітва на Нямізе ў 1067 г. Аддаленасць у часе і малая колькасць гістарычных крыніц робяць яе вывучэнне і трактаванне вельмі складаным. Аднак дакладна вядома, што менавіта падчас Нямігскай бітвы ўпершыню ў летапісах з’явілася ўпамінанне Менска (старажытная назва сучаснай сталіцы Беларусі).
ХІ стагоддзе – гэта час, калі на тэрыторыі, дзе сёння ў асноўным пражывае беларускае насельніцтва, існавала некалькі дзяржаўных утварэнняў. Адным з іх была Полацкая зямля, уладанні якой ахоплівалі ўсю Паўночную і значную частку Цэнтральнай Беларусі з Полацкам, Віцебскам, Браславам, Усвятамі, Оршай, Лагойскам, Заслаўем і інш. Цэлай эпохай у яе гісторыі стала княжанне тут у 1044–1101 гг. Усяслава Брачыславіча па мянушцы Чарадзей. У пачатку свайго праўлення малады князь займаўся ўмацаваннем ваенна-эканамічнай магутнасці зямлі, павелічэннем яе палітычнага ўплыву і меж. Адным з галоўных крокаў на гэтым шляху і сімвалічнай заявай аб роўнасці Полацка з Кіевам і Ноўгарадам стала будаўніцтва ў Полацку першага хрысціянскага храма Полацкай зямлі – Сафійскага сабора (1044–1066). Некаторы час Усяслаў Брачыславіч падтрымліваў саюзніцкія адносіны з суседнімі дзяржавамі, нават у 1060 г. разам з паўднёварускімі князямі Ізяславам, Святаславам і Усеваладам Яраславічамі ўдзельнічаў у сумесным ваенным паходзе супраць качэўнікаў торкаў, якія сталі вялікай пагрозай для Кіеўскага княства. Аднак ужо праз пяць гадоў полацкі князь стаў ініцыятарам ваенных дзеянняў супраць сваіх былых саюзнікаў. Процістаянне гэта расцягнулася амаль на 20 гадоў і значна спустошыла людскія і матэрыяльныя рэсурсы яго ўдзельнікаў.
Першым аб’ектам свайго нападу ў канцы 1065 г. полацкі князь зрабіў Пскоў, які быў падначалены Ноўгараду і пагражаў інтарэсам Полацка ў гэтым рэгіёне. Аблога горада скончылася няўдала, аднак Усяслаў Брачыславіч на р. Чарэсе каля Пскоўскага возера разбіў войска наўгародскага князя Мсціслава Ізяславіча, што спяшалася на дапомогу Пскову. Пасля гэтай перамогі полацкае войска ў пачатку 1066 г. захапіла і разрабавала найбуйнейшы паўночнарускі горад Ноўгарад. Ёсць меркаванне, што праз некаторы час Усяслаў Брачыславіч напаў на Новагародак (сучасны Навагрудак Гродзенскай вобласці), які быў пабудаваны кіеўскім князем Яраславам яшчэ ў 1044 г. як апорны пункт Кіева і непасрэдна пагражаў полацкім уладанням. У адказ на гэтыя дзеянні князі Яраславічы аб’ядналі свае войскі і напрыканцы зімы 1067 г. накіраваліся на Полацкую зямлю. Аб’ектам іх нападу стаў Менск – вялікі па ўсходнееўрапейскіх мерках гандлёвы і адміністрацыйны цэнтр. Размяшчаўся ён на р. Менцы, прытоку Пцічы, і складаўся з умацаванага гарадзішча і вялізнага адкрытага паселішча. Пад абарону гарадскіх сцен магла сабрацца значная колькасць навакольных жыхароў, якія ратаваліся ад захопнікаў. Войскі Яраславічаў у пачатку сакавіка 1067 г. аблажылі Менск і ўзялі штурмам яго ўмацаванні. Горад быў спалены, усе мужчыны забіты, а жанчыны і дзеці ўзяты ў палон.
Потым Яраславічы накіраваліся на поўнач ад горада, дзе на беразе невялікай р. Нямігі, правага прытока Свіслачы, 3 сакавіка 1067 г. сустрэліся з войскам Усяслава Брачыславіча, што спяшалася на дапамогу Менску. Войска Яраславічаў, якое складалася цалкам з прафесійных ваяроў, па меркаванні даследчыкаў, значна пераўзыходзіла сілы полацкага князя. Бітва была вельмі жорсткай і доўгай, а яе апісанне змешчана ў летапісах і апета невядомым аўтарам у творы «Слова аб палку Ігаравым»:
На Нямізе снапы сцелюць
Галавамі,
А малоцяць жа стальнымі
Іх цапамі.
На таку жыццё кладзецца
Неспадзейна,
I душу ад цела веюць
Безнадзейна.
Берагі ў крыві Нямігі
Па калені;
Не дабро на ix пасеяў
Сейбіт жменяй.
А былі яны гусценька
Ў процьмах вузкіх
Там засеяны касцямі
Сыноў рускіх**.
Полацкае войска адступіла, аднак і войска Яраславічаў не мела сіл для пагоні і не працягнула рабавання полацкіх зямель. Нягледзячы на знішчэнне Менска і адступленне з поля бітвы, Усяслаў Брачыславіч не дапусціў спусташэння астатніх рэгіёнаў сваёй вотчыны і захопу сталіцы. Браты Яраславічы былі вымушаны адмовіццца ад сваіх планаў па ўзброеным захопе Полацкай зямлі і пайсці на перагаворы, якія адбыліся 10 ліпеня 1067 г. каля Оршы. Кіеўскія князі гарантавалі полацкаму князю бяспеку, аднак Усяслаў Брачыславіч разам са сваімі сынамі быў затрыманы, адвезены ў Кіеў і пасаджаны ў поруб. Такое ўтрыманне прадугледжвала пажыццёвае зняволенне, што азначала страту полацкай дынастыі і палітычнай самастойнасці Полацкай зямлі. Аднак у наступным годзе ў час Кіеўскага паўстання 1068–1069 гг. зняволены князь быў вызвалены гараджанамі і абвешчаны вялікім князем кіеўскім. Пасля сямі месяцаў княжання ў Кіеве Усяслаў Брачыславіч у 1071 г. вярнуўся на Полацкую зямлю, дзе працягваў адстойваць незалежнасць свайго княства.
На апошнім этапе амаль дваццацігадовай узброенай барацьбы яшчэ працягваліся баявыя дзеянні паміж Полацкам і Кіевам. У 1084 г. Менск быў чарговы раз спустошаны кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам, пасля чаго ўжо не здолеў аднавіцца як галоўны гарадскі цэнтр на поўдні Полацкага княства. Замест яго Усяслаў Брачыславіч напрыканцы свайго жыцця адбудаваў новы, добра ўмацаваны горад на месцы ўпадзення Нямігі ў Свіслач. Даследчыкі лічаць, што гэта было зроблена не выпадкова, а з мэтай назаўсёды пазначыць поле крывавай сечы з Яраславічамі ў 1067 г. Бітва на Нямізе стала адной з трагічных вех крывавай барацьбы Полаччыны за сваё права на гістарычнае жыццё. У выніку тых падзей Полацкая зямля адстаяла сваю пазіцыю і разглядалася як незалежнае княства не толькі сваім князем і жыхарамі, але і суседзямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.
* Слова аб палку Ігаравым : [для ст. шк. узросту] / пер. на беларус. мову Янкі Купалы. Мінск, 1984. С. 42.