Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі праводзіцца ў г. Маладзечна з 1993 г. У 1995 г. адбыўся ў Мінску. Яго мэта – далучэнне шырокіх колаў насельніцтва краіны да нацыянальных каштоўнасцей, беларускай музыкі, паэзіі і мовы, папулярызацыя новых твораў сучасных беларускіх паэтаў і кампазітараў, выяўленне таленавітых выканаўцаў і рэалізацыя іх творчага патэнцыялу, пашырэнне творчых кантактаў. Арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі аблвыканкам, Маладзечанскі гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Раней ён адбываўся адзін раз у два гады, цяпер – штогод.
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі – маштабны праект, які ўключае шматлікія мерапрыемствы для розных узроставых катэгорый гледачоў. Праводзяцца канцэрты ў амфітэатры, на адкрытых пляцоўках горада з удзелам лепшых выканаўцаў краіны, паказваюцца спектаклі вядомых беларускіх драматычных тэатраў. Адбываюцца сустрэчы з беларускімі паэтамі, выступленні аматарскіх калектываў, дзейнічае Горад майстроў, дзе народныя ўмельцы прадстаўляюць выстаўку-продаж сваіх вырабаў з саломы, лазы, дрэва, скуры і г. д. Працуюць дзіцячыя пляцоўкі, выступаюць юныя выканаўцы.
Адно з галоўных мерапрыемстваў фестывалю – Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які праходзіць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы прафесара М. Фінберга. У снежні 2011 г. адбылася прэзентацыя творчага праекта «Залатая калекцыя беларускай песні», створанага па ініцыятыве Міністэрства культуры з мэтай развіцця сучаснай беларускай эстрады, падтрымкі і папулярызацыі беларускай песні і беларускага слова. На ХІІ Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі (8 – 10 чэрвеня 2012 г.) у рамках гэтага праекта прагучалі шлягеры беларускага песеннага мастацтва ХХ–ХХІ стст. у выкананні Я. Паплаўскай, А. Ціхановіча, М. Скорыкава, І. Дарафеевай, Г. Шаркуновай, В. Алешка, А. Хлястова, Г. Калдуна, А. Ланской, В. Вронскай, ансамбля «Верасы», вакальнай групы «Чистый голос», ансамбля народнай музыкі «Бяседа» і іншых выканаўцаў і калектываў беларускай эстрады. ХІІ фестываль быў прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа. 8 чэрвеня 2012 г. адбылося выкананне рок-оперы «Курган» паводле паэмы Я. Купалы на музыку І. Лучанка. 9 чэрвеня прайшоў гала-канцэрт «Дзве яркія зоркі», прысвечаны юбілею класікаў беларускай літаратуры. У канцэрце прымалі ўдзел М. Скорыкаў, Н. Тамела, Д. Качароўскі і іншыя вядомыя беларускія выканаўцы. У рамках святочных мерапрыемстваў была праведзена прэзентацыя новых выданняў да юбілею Я. Купалы і Я. Коласа, прайшлі «Паэтычныя сустрэчы » з удзелам беларускіх паэтаў.
У віншаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі, адрасаванаму ХІІ Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі, падкрэслівалася, што «без песні няма народа. Яна ўяўляе сабой люстэрка жыцця, універсальную мову мастацтва, якая звязвае паміж сабой мінулае, сучаснасць і будучыню, увасабляе свет чалавечай душы, спадзяванні і пачуцці людзей. З простых кранальных радкоў і мелодый складаецца паэтычны вобраз нашай Радзімы».*
*Культура. – 2012. – 9 чэрвеня. – (№ 23). – C. 1.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.