Буйнейшае прадпрыемства Беларусі па вытворчасці лікёра-гарэлачных вырабаў ААТ “Мінск Крышталь” вядзе сваю гісторыю ад дрожджа-вінакурнага завода, заснаванага братамі-прамыслоўцамі Янкелем і Зэльманам Ракаўшчыкамі ў 1893 г. У самым пачатку прадпрыемства налічвала два дзесяткі рабочых, якія выраблялі дрожджы, зернавы спірт і крухмальную патаку, штогод нарошчвала аб'ёмы вытворчасці, а праз дваццаць год колькасць працоўных вырасла да 148 чалавек. Прадукцыя завода братоў Ракаўшчыкоў адпавядала патрабаванням дзяржаўнага стандарта і атрымала высокую ацэнку на шматлікіх выставах, аб чым сведчаць залаты медаль на выставе ў Парыжы (1905), залаты медаль на выставе пастаўшчыкоў імператарскага двара ў Растове (1906), галоўная прэмія на выставе ў Рыме (1911). У 1913 г. завод з’яўляўся самым лепшым прадпрыемствам у Мінску па тэхнічнай аснашчанасці і буйнейшым у сваёй галіне на тэрыторыі Беларусі.
Першая сусветная вайна (1914–1918) і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. унеслі карэктывы ў дзейнасць завода: у 1920 г. уладанне братоў Ракаўшчыкоў было нацыяналізавана, у завадскіх памяшканнях быў размешчаны дзяржаўны спіртавы склад і гарэлачны завод. У гэты час прадпрыемства прыйшло ў заняпад: адсутнічалі сродкі аўтаматызацыі і электраабсталяванне, вытворчасць была слаба механізавана. У 1924 г. урад прыняў рашэнне аб узнаўленні вытворчасці спіртных напояў, што дало моцны штуршок для развіцця прадпрыемства і нарошчвання яго магутнасці. У 1925 г. завод быў ператвораны ў спірта-гарэлачны, а ў 1937 г. – у лікёра-гарэлачны з выкарыстаннем уніфікаваных рэцэптур і асартыментаў гарэлак.
Новы этап станаўлення завода пачаўся ў пасляваенныя гады. У 1950-я гг. вялікая ўвага надавалася падтрыманню прэстыжу савецкіх алкагольных вырабаў па-за межамі СССР. У сувязі з гэтым на прадпрыемстве доля механізаванай працы павялічылася на 40%, былі ўстаноўлены аўтаматычныя лініі разліву, машыны для мыцця бутэлек. У гэты ж час была асвоена тэхналогія атрымання спірту вышэйшай ачысткі і выраб новых гатункаў гарэлкі “Московская особая” (залаты медаль на выстаўцы ў Берне, 1953) і “Столичная”.
У 1960-я гг. на заводе было пабудавана новае вінасховішча, з'явіліся больш дасканалыя аўтаматы для мыцця посуду, разліву гатовай прадукцыі, наклейкі этыкетак. У гэты перыяд прадпрыемства наладзіла выпуск сувенірнай прадукцыі: «Беловежская», «Беловежская особая», «Летний десерт», «Вечерний десерт», «Лимонный десерт», «Белорусская наливка», «Беларуская гарэлка», якая разлівалася ў прыгожыя бутэлькі, штофы з шкла, керамікі і фарфору. У канцы 1960-х гг. “Крышталь” пачаў выпускаць каньячны напой «Агеньчык» і беларускі каньяк з балгарскіх, кіпрскіх і французскіх каньячных спіртоў.
З 1970 г. «Крышталь» стаў спіртагарэлачным камбінатам, а ў 1976 г. на яго базе створана Мінскае вытворчае аб'яднанне спіртавай і лікёра-гарэлачнай прамысловасці, куды ўвайшлі яшчэ дзевяць спіртзаводаў. У гэты час 15% прадукцыі прадпрыемства мела Дзяржаўны знак якасці.
Напачатку 1980-х гг. прадукцыя Мінскага вінна-гарэлачнага завода «Крышталь» (МВГЗ «Крышталь») адпавядала сусветным стандартам. У 1986 г. вытворчае аб'яднанне спіртавай і лікёра-грэлачнай прамысловасці было перайменавана ў Мінскае абласное вытворчае аб'яднанне крухмальнай прамысловасці, куды увайшлі чатыры спіртавыя і тры крухмальныя заводы, дзе галаўным прадпрыемствам стаў МВГЗ «Крышталь». У 1990-я гг. пачалася шырокая рэканструкцыя завода: былі пабудаваны новыя вытворчыя памяшканні, склады, адміністрацыйны корпус.
У 2002 г. Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь» быў ператвораны ў вытворча-гандлёвае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Мінск Крышталь» (РУП «Мінск Крышталь»). Сёння ААТ «Мінск Крышталь» – шматфункцыянальнае прадпрыемства з перадавой тэхналогіяй вытворчасці і моцным вытворча-тэхналагічным патэнцыялам, якое спецыялізуецца на вырабе гарэлак, лікёра-гарэлачных вырабаў (напаўсалодкіх і горкіх настоек, лікёраў, бальзамаў, джыну), каньякоў, віскі, брэндзі, пладовых і вінаградных він, вады пітной. Алкагольная прадукцыя завода адрозніваецца высокай якасцю, дзякуючы прымяненню сучаснага абсталявання, выкарыстанню высакаякаснай, экалагічна чыстай натуральнай сыравіны і арыгынальных рэцэптур. На прадпрыемстве плённа працуе больш за 700 чалавек. У структуру ААТ «Мінск Крышталь» уваходзіць больш за два дзесяткі фірмовых і спецыялізаваных магазінаў і шэсць філіялаў: тры спіртавых, два крухмальныя заводы і сельскагаспадарчы вытворчы філіял «Туча». Акрамя забеспячэння асноўнага вытворчана працэсу, філіялы ААТ «Мінск Крышталь» выпускаюць пладова-ягадныя кісялі, бульбяныя чыпсы, яблычныя сокі, морсы і інш.
Прадукцыя ААТ «Мінск Крышталь» паспяхова рэалізуецца на рынках Беларусі, Расіі, США, Германіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грэцыі, Турцыі, В'етнама, Кітая, Славакіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Арменіі, Абхазіі, Азейбарджана. Алкагольныя вырабы прадпрыемства неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі на розных міжнародных і нацыянальных конкурсах. У 2012 г. у актыве ААТ «Мінск Крышталь» налічвалася 28 Гран-пры, 17 плацінавых знакаў якасці, 243 залатых, 138 сярэбраных і 52 бронзавых медаля, 220 дыпломаў. Прадпрыемства з'яўляецца лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці 2007 года, пераможцам конкурсаў «Лучшие товары Республики Беларусь», «Продукт года», «Выбор года», «ГУСТ». Брэнд «Крышталь» прызнаны «Брэндам № 1» на Беларусі па выніках конкурса «Брэнд года» (2007, 2012).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.