Палацава-паркавы ансамбль “Залессе” мае багатае гістарычнае і культурнае мінулае. Ён цікавы як сваёй архітэктурнай пабудовай пачатку XIX ст., так і гістарычнай каштоўнасцю.
Залессе стала родавым маёнткам Агінскіх у першай палове XVIII ст., калі яго набыў Марцыян Міхал Агінскі, кашталян, а затым віцебскі ваявода, прадзед М. К. Агінскага. Ён запісаў сядзібу ў пажыццёвае карыстанне сваёй жонцы Ганне Лярскай. Пасля яе смерці Залессем стаў валодаць сын М. М. Агінскага ад першага шлюбу Тадэвуш Францішак, ваявода трокскі. Пасля яго смерці маёмасць была падзелена паміж двума сынамі. Залессе атрымаў Францішак Ксаверый, апошні літоўскі кухмістр, барскі канфедэрат, які часцей за ўсё жыў у Маладзечне. Ён пакінуў маёнтак свайму пляменніку Міхалу Клеафасу, які пасяліўся тут у 1802 г.
Каля 20 гадоў жыцця М. К. Агінскага звязаны са Смаргоншчынай, з яго любімым Залессем. Калі граф упершыню прыехаў сюды, дык быў уражаны вельмі запушчаным уладаннем. Драўляны атынкаваны палац, пабудаваны яшчэ ў першай палове XVIII ст., патрабаваў значнага рамонту, хоць перад прыездам быў пабелены, а гонтавы вальмавы дах пафарбаваны пад колер чарапіцы. Перад палацам зелянела акружаная ліпавымі алеямі вялізная паляна; ззаду палаца, там, дзе раней знаходзіўся рэгулярны парк, серабрылася сажалка з рамантычнымі астраўкамі і старым млынам. Тая сажалка і фрагменты ліпавых алей захаваліся да нашага часу. Міхал Клеафас Агінскі меркаваў пасяліцца ў Залессі назаўсёды, таму адразу па прыездзе пачаў рамонт і перабудову сядзібы, рэарганізацыю яе ў новы палацава-паркавы ансамбль. Адначасова распачаў там пабудову новага мураванага палаца паводле праекта прафесара архітэктуры Віленскага ўніверсітэта М. Шульца. Пасля яго смерці будаўніцтвам сядзібы кіраваў віленскі губернскі архітэктар Ю. Пусэ. Да 1815 г. работы былі ў асноўным завершаны. Архітэктурна-кампазіцыйная пабудова палаца адпавядала патрабаванням класіцызму. Ён атрымаў такі выгляд, які дагэтуль не сустракаўся ў будаўніцтве магнацкіх рэзідэнцый. Для палаца характэрна чаргаванне адна- і двухпавярховых аб’ёмаў. Цэнтральная частка выдзелена чатырохкалонным порцікам і завяршалася невялікай вежай, дзе быў змешчаны гадзіннік з боем, які з усіх чатырох бакоў меў цыферблат са стрэлкамі. Над вежай – шар, у якім умацаваны гадзіннікавы звон. Унутраная планіроўка палаца дазваляла размясціць тут не толькі жылыя пакоі, але і розныя гасціныя і салоны. На другім паверсе знаходзілася бібліятэка, дзе кампазітар працаваў. Аранжарэі і дом садоўніка побач з палацам утваралі маляўнічы ўнутраны дворык, куды ўлетку з аранжарэй выносілі вазоны з кветкамі і цеплалюбівымі раслінамі. Палац размяшчаўся паміж старым французскім і новым англійскім паркамі. Праз іх працякалі дзве рачулкі. Парк, што раскінуўся за палацам, адпавядаў новым узорам паркавага будаўніцтва, калі на змену геаметрычнай правільнасці прыйшла пейзажнасць. Новы залескі парк меў рамантычны характар: акрамя разнастайных павільёнаў і мосцікаў у найбольш маляўнічых кутках былі ўстаноўлены памятныя камяні. Адзін з іх – у гонар Т. Касцюшкі, другі (з падзячным надпісам) – гувернёру Ж. Ралею, любімаму настаўніку. Побач з англійскім паркам размясціліся два звярынцы – абавязковы элемент буйных сядзібна-паркавых комплексаў таго часу. Адзін – для ўтрымання дзікіх жывёл, другі – для прагулак. На ўзвышшы, патанаючы ў зеляніне, стаяла паўкруглая мураваная альтанка, звернутая галоўным фасадам на заліты святлом прагулачны звярынец. Другая, так званая кітайская, альтанка, круглая, з драўлянай галерэяй, з’яўлялася своеасаблівай назіральнай пляцоўкай, адкуль можна было глядзець на дзікіх жывёл. Адначасова з узвядзеннем палаца каля старой сажалкі будаваўся вадзяны мураваны млын, які завяршаў ансамбль. З другога паверха млына можна было палюбавацца паркам і возерам. Рамантычная карціна дапаўнялася блізка размешчаным маленькім востравам, куды вёў драўляны масток. Гэта выспа на возеры называлася “Лебядзіная”. Непаўторную чароўнасць і прыгажосць сядзібе надавалі клумбы з рознымі кветкамі. Выражаючы рамантычную сімволіку, кветкавыя клумбы прысвячаліся пэўным асобам або падзеям. Адна з самых прыгожых называлася клумбай Эмы ў гонар дачкі кампазітара. Аранжарэю і парк стваралі пры дапамозе вядомых у той час батанікаў Ю. Струмілы і С. Юндзіла. Побач з палацам у 1802–1822 гг. паводле праекта архітэктара М. Шульца з цэглы пабудавана капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Гэта помнік архітэктуры класіцызму. Вырашаны прамавугольным аб’ёмам, які пераходзіў у трохгранную апсіду. Над вальмавым дахам узведзена чатырохгранная шатровая сігнатурка-ліхтар. Плоскасныя атынкаваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, крапаваны вуглавым рустам. У апсідзе – двух’ярусны драўляны алтар.
За архітэктурна-паркавую дасканаласць і дзівосную прыгажосць Залессе атрымала ўзвышаную назву “Паўночныя Афіны”. Тут збіраліся сябры і аднадумцы, выконваліся новыя музычныя творы, наладжваліся хатнія танцавальныя вечарыны, праходзілі літаратурныя чытанні, арганізоўваліся тэатралізаваныя музычныя святы. Залессе наведваў настаўнік музыкі Міхала Клеафаса – Восіп Казлоўскі. У сядзібу прыязджаў італьянскі скрыпач і кампазітар Джузепе Паліяні, які быў настаўнікам музыкі дзяцей Агінскіх. Любіў бываць тут сябар Міхала Клеафаса Ян Ходзька – пісьменнік і грамадскі дзеяч. Аднойчы сядзібу наведаў яго сын Аляксандр. Юнак быў настолькі захоплены прыгажосцю “Паўночных Афін”, што склаў лірычную паэму “Залессе”.
Пасля смерці кампазітара ў 1833 г. маёнтак застаўся ва ўладанні яго сына Ірэнеўша, нашчадкі якога валодалі ім да 1927 г., потым належаў польскаму зямельнаму банку, Кабчынскім, Жаброўскім (былі ўладальнікамі да 1939 г.). Апошняя гаспадыня Залесся Марыя Жаброўская правяла тут некаторыя рэстаўрацыйныя работы і зрабіла прыватны летні пансіянат, куды прыязджалі на адпачынак жыхары Вільні і Варшавы. Пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад БССР у 1939–1941 гг. у былым палацы Агінскіх размяшчаўся дом адпачынку. У 1944–1945 гг. у маёнтку знаходзіўся шпіталь для чырвонаармейцаў. У 1953 г. пастановай Савета Міністраў БССР узяты пад дзяржаўную ахову. З 1953 па 1961 г. у сядзібе размяшчаўся Рэспубліканскі дом адпачынку работнікаў прамкааперацыі, што ў 1961 г. быў ператвораны ў Дом інвалідаў і састарэлых. У 1977 г. тэрыторыя маёнтка перададзена на баланс завода “Смаргоньсілікатабетон”, які зрабіў заказ на яе рэстаўрацыю і прыстасаванне пад прафілакторый. У 1996 г. сядзіба перайшла ў падпарадкаванне Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і была перададзена Аб’яднанню дзяржаўных літаратурных музеяў Рэспублікі Беларусь у якасці філіяла. У 2001 г. філіял увайшоў у склад Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь.
Ансамбль былога палаца Агінскіх у Залессі з’яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны другой катэгорыі каштоўнасці і аб’ектам турыстычнага маршруту. Яшчэ з 1970-х гг. пачаты працы па рэстаўрацыі і кансервацыі помніка архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII–XIX стст. З пабудоў старога маёнтка XVIII ст. амаль нічога не захавалася, за выключэннем падмуркаў старажытных будынкаў. Ад новай сядзібы, узведзенай у XIX ст., будынкаў захавалася больш, але і яны значна змянілі сваё аблічча: у 1920–30-я гг. XX ст. новымі ўладальнікамі былі зроблены немалыя перабудовы, што прыкметна сказілі выгляд пабудоў, якія захаваліся. Ансамбль страціў адну з аранжарэй, дом садоўніка, другі паверх той часткі палаца, дзе знаходзілася бібліятэка кампазітара, вежу з гадзіннікам над цэнтральным аб’ёмам, шматлікія іншыя архітэктурныя дэталі. Памянялася планіроўка пакояў, страчаны інтэр’ер. Ад двухпавярховага вадзянога млына і паўкруглай мураванай альтанкі захаваліся толькі падмуркі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.