Брагінскі гістарычны музей заснаваны ў студзені 1987 г. у г.п. Брагін Гомельскай вобласці паводле рашэння Брагінскага райвыканкама. Адкрыты для наведвальнікаў у жніўні 1988 г. у будынку былога дзіцячага садка. Асновай першай экспазіцыі стала калекцыя карцін беларускіх мастакоў В.Ф. Шматава (ураджэнца Брагіншчыны), В.К. Барабанцава, У.У. Кожуха, М.М. Цудзіка, якія яны стварылі на аснове ўражанняў ад паездкі па Брагінскім раёне, здзейсненай у 1986 г. неўзабаве пасля чарнобыльскай аварыі.
Асноўны фонд музея налічвае 1,8 тыс. адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 353 адзінкі. Агульная плошча памяшканняў 622 кв. м., экспазіцыйных – 328 кв. м., выставачных – 150 кв.м.
Экспазіцыя музея размяшчаецца ў чатырох залах. У гістарычнай зале “Гісторыя Брагіншчыны. Факты і легенды” экспануюцца матэрыялы па гісторыі Брагіншчыны ад старажытнасці да першай паловы ХХ ст.: фрагменты ганчарных вырабаў, зброя, абразы, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХVІІІ–ХХ стст. (ручнікі, даразахавальніца ХVІІІ ст. і інш.), асколак метэарыта “Брагін” вагой 38 кг і іншыя рарытэты. Наступная зала адлюстроўвае местачковы інтэр’ер жылля пачатку ХХ ст. – так званая “Палеская хатка”, дзе змешчаны асноўныя элементы побыту, прылады працы палешукоў. Зал баявой славы прадстаўляе жыццё раёна ад часу акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі да вызвалення. Тут захоўваюцца дакументы партызанскага атрада імя Р. Катоўскага, які дзейнічаў на тэрыторыі Брагіншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, даецца апісанне матэрыяльных страт, нанесеных захопнікамі Брагінскаму раёну, прыведзены лічбы ахвяр фашызму па кожным сельсавеце, лісты франтавікоў, дакументы воінаў і партызан, рэшткі снарадаў, ваенная форма, узнагародныя лісты, копіі прадстаўленняў да звання Героя Савецкага Саюза ўраджэнцаў раёна П.С. Жукава, С.С. Мацапуры, П.І. Шпетнага, дакументы, якія выдавалі акупацыйныя ўлады мясцовым жыхарам. Зала, прысвечаная ліквідатарам наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС), знаёміць з іх біяграфіямі і фотаздымкамі, рэчамі і дазіметрамі, якімі карысталіся ліквідатары-ваенныя, урачы. Цэнтральнае месца ў гэтай зале адведзена ўвекавечанню памяці героя-пажарнага В.І. Ігнаценкі, ураджэнца Брагіна.
Значную цікавасць прадстаўляюць залы карціннай галерэі, першая з якіх прысвечана памяці знакамітага ўраджэнца Брагіншчыны з г. п. Камарын В.Ф. Шматава. Як мастак і мастацтвазнавец, даследчык спадчыны Палесся, ён быў ініцыятарам навуковых экспедыдыцый супрацоўнікаў Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі па выратаванні помнікаў этнаграфіі і народнага мастацтва ў адселеных вёсках чарнобыльскай зоны. У гэтай зале экспануюцца 50 карцін, якія В. Шматаў у 2004 г. перадаў музею. Другую залу галерэі запаўняюць карціны В.К. Барабанцава, У.У. Кожуха, М.М. Цудзіка, В.Ф. Шматава, якія сталі ў свой час асновай для адкрыцця музея. Дзейнічае пастаянная выстаўка “Жывапіс беларускіх мастакоў другой паловы ХХ ст. Пейзажы”, на якой прадстаўлены палотны А.М. Даўгялы, П.В. Масленікава, В.Ф. Шматава, Л.Д. Шчамялёва, Л.М. Эрлер і інш. Маецца яшчэ ў музеі і свая знакамітая “Алея Славы”, якая знаёміць з партрэтамі землякоў – Герояў Сацыялістычнай Працы.
Музей прымаў удзел у міжнародных праектах у рамках Праграмы CORE. Так быў рэалізаваны ўнікальны міжнародны праект, прымеркаваны да 20-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, – выстаўка “Страчаная зямля”. Яна была адкрыта музеем 17 чэрвеня 2006 г. сумесна з французскай арганізацыяй “Спадчына без межаў” і жыхарамі з адселеных вёсак. Менавіта іх намаганнямі ўдалося сабраць багаты і цікавы матэрыял аб страчаных вёсках Брагінскага, Чачэрскага, Слаўгарадскага і Столінскага раёнаў: прадметы побыту і культу, фотаздымкі з сямейных альбомаў, газетныя выразкі тых дзён, калі здарылася катастрофа. Мэта выстаўкі – паказаць вачыма пацярпелых жыхароў тыя месцы, дзе яны нарадзіліся і выраслі, любілі і жылі, і якіх больш не існуе. Захаванне памяці аб страчаных вёсках – галоўная ідэя гэтага праекта. Аўтар мастацкай канцэпцыі, а таксама каталога выстаўкі – беларускі мастак і дызайнер У. Цэслер. Падрыхтоўку і мантаж выстаўкі ажыццявіў А. Давідовіч.
Музей удзельнічаў у комплексным праекце “Адраджэнне”, здзейсненым пры падтрымцы Дэпартамента МНС Рэспублікі Беларусь па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, дзякуючы якому створана сістэма пошуку людзей, адселеных у выніку эвакуацыі ў 1986 г. з Брагінскага раёна, створаны дакументальны фільм “Маё пакаленне і Чарнобыль”, а таксама выдадзена кніга памяці аб чарнобыльскай катастрофе і жыцці людзей пасля яе “Наперакор. На радасць. На ўспамін…” (Мінск, 2010). Ствараецца ў музеі сайт “Чарнобыльская спадчына”.
У кастрычніку 2012 г. музей прымаў удзел у Першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які праводзіўся ў Гродне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.