Будслаў – аграгарадок у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Знаходзіцца за 56 км на ўсход ад Мядзеля, 2 км ад чыгуначнай станцыі Будслаў на лініі Маладзечна – Полацк, 130 км ад Мінска, на шашы Будслаў – Маладзечна.
Гісторыя Будслава пачынаецца з XVI ст. Першае ўпамінанне ў 1504 г. звязана з падарункам караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка зямлі ордэну манахаў-бернардзінцаў. На падараванай тэрыторыі ў Мінскім павеце паміж рэчкамі Сэрвеч, Турака і Зуйка манахі заснавалі калонію і пабудавалі капліцу. Згодна з паданнем першай назвай населенага пункта была “Слаўная Буда”. У канцы 1580-х гг. на сродкі С. Карэвы быў пабудаваны драўляны касцёл. У 1633–1643 гг. за кошт ахвяраванняў гвардыяна Віленскага, кляштара бернардзінцаў Фларыяна Калецкага, а таксама сродкаў гетмана польскага Я. Кішкі і сям’і Далмат-Ісакоўскіх касцёл стаў мураваным. З узвядзеннем касцёла быў пабудаваны кляштар.
6 кастрычніка 1732 г. кароль польскі, вялікі князь літоўскі і курфюрст саксонскі Аўгуст ІІІ перавёў Будслаў у разрад мястэчка. У 1756 г. пры кляштары была ўтворана музычная школа. У 1793 г. Будслаў у складзе Вілейскага павета Мінскай губерні ўвайшоў ў Расійскую імперыю. У 1843 г. ён стаў адносіцца да Віленскай губерні. На гэты час тут былі сукнавальня, карчма, млын, крама, стайня, вінакурня, кузня, кляштар (закрыты ў 1864 г.). Згодна з 1-м перапісам Расійскай імперыі (1897) у Будславе жылі 578 чалавек, было 132 двары, меліся касцёл, сінагога, народнае вучылішча, школа, 7 лавак, 2 піцейныя дамы, булачная і вадзяны млын.
Пасля лютага 1917 г. у Будславе створаны валасны Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. З лютага да снежня 1918 г. мястэчка было акупіравана кайзераўскімі войскамі. 10 снежня 1918 г. у павеце аднавілася савецкая ўлада. З вясны 1919 г. да лета 1920 г. і з лета да восені 1920 г. мястэчка знаходзілася пад кантролем польскіх войск. Згодна з Рыжскай мірнай дамовай ад 18 сакавіка 1921 г. землі Заходняй Беларусі, у тым ліку Будслаў, сталі тэрыторыяй Польшчы. У міжваенны перыяд у мястэчку працавалі млын, лесапільня, 23 лаўкі, паштовае аддзяленне, аптэка, банк, чайная, пошта, касцёл, кожны панядзелак адбываліся таржкі. Пасля восеньскіх падзей 1939 г. Будслаў, у якім пражывала 1320 жыхароў і было 194 гаспадаркі, увайшоў у склад БССР. 12 кастрычніка 1940 г. ён стаў цэнтрам сельсавета Крывіцкага раёна Вілейскай, з 20 верасня 1940 г. – Маладзечанскай, з 20.01.1960 г. Мінскай абласцей. З 25.12. 1962 г. і па сённяшні час Будслаў знаходзіцца ў Мядзельскім раёне.
У пачатку ліпеня 1941 г. ён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія пачалі праводзіць у дачыненні да мясцовага насельніцтва палітыку генацыду. У мястэчку было ўтворана гета. Першыя забойствы яўрэяў адбыліся ўжо ў жніўні 1941 г. Так, 25 жніўня было расстраляна 50 яўрэяў, восенню, па адных звестках, – 200, па другіх – 300 яўрэяў. У верасні 1942 г. ахвярамі гітлераўцаў сталі 270 жыхароў. 2 ліпеня 1944 г. вёска была вызвалена сіламі 277-й стралковай дывізіі, 7-й гвардзейскай механізаванай брыгады і партызанскіх брыгад імя К. Ракасоўскага і С. Будзённага. У памяць пра загінулых у Будславе ўстаноўлены 2 помнікі.
Пасля вызвалення вёска пачала аднаўляцца. У 1940-я гг. былі ўведзены ў строй машынна-трактарная станцыя, спіртзавод, Дом культуры, радыёвузел, аптэка, млын на р. Сэрвач, які забяспечваў вёску электрычнасцю, адкрыта бальніца. У 1965 г. вёска стала цэнтрам саўгаса, з 1991 г. – цэнтрам калгаса “Будслаўскі” (цяпер ААТ “Будслаўскае”).
У 2006 г. Будслаў атрымаў статус аграгарадка. У наш час тут працуюць сярэдняя і музычная школы, дзіцячы садок, аддзел сувязі, Дом культуры, бібліятэка, лясніцтва, 3 крамы, камбінат побытавага абслугоўвання насельніцтва, комплексны прыёмны пункт.
Мясцовымі святынямі Будслава з’яўляюцца касцёл Успення Багародзіцы (помнік архітэктуры XVII–XVIII стст.) і абраз Божай Маці, шырока вядомы як цудатворны. Абраз захоўваецца ў касцёле, у гонар каталіцкай святыні Беларусі з 1992 г. штогод праводзіцца “Будслаўскі фэст”. Гэта ўрачыстасць ператварылася ў прыгожае духоўнае свята, якое збірае тысячы пілігрымаў і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (2016) і ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА (2018). Побач з аграгарадком знаходзіцца сядзіба Аскеркаў, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII–XIX стст.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.