Дата пачатку:
1324 Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Кароткая даведка:
горад, цэнтр раёна Мінскай вобласці
Назвы на іншых мовах:
Мядель (руская);
Папярэднія назвы:
Новы Мядзел; Новый Мядель; Стары Мядзел; Старый Мядель
4900 сімвалаў
Даведка
На паўночным захадзе Мінскай вобласці паміж двух азёр Баторын і Мястра размясціўся цэнтр Мядзельскага раёна г. Мядзел. Кіламетраў за пяць на поўнач ад яго знаходзіцца возера з такой самай назвай. На востраве Замак гэтага возера яшчэ захаваліся рэшткі ўмацаванага паселішча ХІ ст. – памежнай крэпасці Полацкага княства. Паводле мядзельскіх паданняў тут існаваў першапачатковы Мядзел (Мядзіла, магчыма, ад літоўскага medinis – лясны, драўляны). У час мору амаль усе жыхары яго вымерлі і толькі некалькі ўцалелых сем’яў перасяліліся на бераг Мястры. Новае паселішча захавала старую назву. Пазней частка людзей з паўночнага берага возера перабралася на паўднёва-ўсходні пры рэчцы Дробня, дзе і з’явіўся Новы Мядзел.
Самыя раннія пісьмовыя звесткі пра Мядзел адносяцца да сярэдзіны XV ст. Стары Мядзел упамінаецца з 1454 г. у сувязі з будаўніцтвам тут кашталянам трокскім А.Саковічам касцёла. Кароль Казімір ІV аддаў Мядзел і Мядзельскую воласць у пажыццёвае ўладанне А.Саковічу, потым яго сыну ваяводу Багдану навечна разам з возерам Нарач. З пасагам адзінай наследніцы ўнучкі Багдана Саковіча Альжбеты Мядзел трапіў ва ўладанне віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла. Пасля Радзівілаў належаў буйным магнатам Францкевічам, Райскім, Грабоўскім, Кошчыцам… У 1736 г. паводле прывілея караля Аўгуста ІІІ Стары Мядзел стаў мястэчкам Віленскага ваяводства, дзе дазваляліся кірмашы, а ў 1762 г. атрымаў магдэбургскае права і дазвол на 4 кірмашы на год, што садзейнічала хуткаму развіццю мястэчка.
Новы Мядзел вядомы з 1463 г. У гэтым годзе князь Свірскі надзяліў касцёл зямлёю. Пасля Свірскіх Новы Мядзел перайшоў да Гаштольдаў, а, калі памёр апошні прадстаўнік гэтага роду, стаў уласнасцю караля польскага і Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта І Старога, які падараваў яго свайму сыну Жыгімонту ІІ Аўгусту. Каралеўскі маёнтак Новы Мядзел упраўляўся спецыяльна прызначанымі манархам старостамі, сярод якіх быў і канцлер ВКЛ Леў Сапега. З сярэдзіны ХVІ ст. жыхары “кароннага” (дзяржаўнага) Мядзела называліся “мяшчанскімі гаспадарамі” і мелі розныя прывілеі і паслабленні. Беларускі гісторык А.Сапуноў адзначаў, што гаспадарскія мяшчане мелі магдэбургскае права, але дакументы, якія пацвярджалі б гэты факт, не выяўлены. Важнай падзеяй у развіцці Новага Мядзела стала наданне яму ў ходзе адміністрацыйна-тэрытарыяльна-судова-ваеннай рэформы ВКЛ 1565–66 гадоў статуса аднаго з асноўных цэнтраў Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Ён стаў другім месцам дзейнасці новага шляхецкага Ашмянскага павятовага земскага суда, які павінен быў засядаць спачатку ў Ашмянах, затым – у Мядзелі. Так Мядзел ператварыўся ў адзін з важных цэнтраў грамадскага жыцця ВКЛ. На карце ВКЛ канца XVІ ст. ён абазначаны як “судовы горад, дзе разбіраюцца справы шляхты”. У другой палове XVI ст. тут выраблялася мядзельская кафля. У 1793 г. Стары і Новы Мядзел увайшлі ў склад Расіі.
У канцы ХІХ ст. Стары Мядзел налічваў каля 310 жыхароў, 46 двароў, царкву, бровар, піваварню, адбывалася 2 кірмашы на год. У мястэчку Новы Мядзел на той жа час пражывала 780 жыхароў, мелася каля 100 двароў, царква, касцёл, народнае вучылішча, 4 крамы, адбывалася 8 кірмашоў на год. Прыватнаўласнае мястэчка Стары Мядзел і каронны Новы Мядзел афіцыйна існавалі да ХХ ст. і толькі ў пачатку яго аб’ядналіся. З 1921 г. Мядзел аказаўся ў складзе буржуазнай Польшчы і стаў цэнтрам гміны Дунілавіцкага (з 1925 г. Пастаўскі) павета Віленскага ваяводства. У 1939 г. увайшоў у склад БССР.
У Вялікую Айчынную вайну Мядзел быў акупіраваны немцамі. Усяго на Мядзельшчыне было знішчана 420 чалавек, 3079 вывезены на работу ў Германію. У 1942 г. партызаны разграмілі Мядзельскі гарнізон. Летам 1943 г. зноў зрабілі на яго некалькі налётаў. Вызвалілі Мядзел 4 ліпеня 1944 г. Мядзельцы свята захоўваюць памяць пра ахвяры вайны. Сярод яго помнікаў: брацкая магіла 169 воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму на дарозе Мядзел–Мінск, помнік на месцы расстрэлу жыхароў Мядзела ў 1941 г. на беразе возера Мястра, мемарыяльныя дошкі.
Пасля вайны пачалося адраджэнне народнай гаспадаркі. У Мядзелі ў пасляваенны перыяд дзейнічалі швейная і абутковая майстэрні. Побач з пушчанай у эксплуатацыю электрастанцыяй быў пабудаваны млын. У 1960 г. пачаў выпускаць прадукцыю кафельны цэх. Адрадзілася традыцыя раз у тыдзень наладжваць кірмашы. У ХХ стагоддзі Мядзел неаднойчы мяняў свой статус: вёска, гарадскі пасёлак, з 1998 г. – горад. На канец ХХ ст. у ім працавалі хлебазавод, камбінат кааператыўнай прамысловасці, майстэрня па рамонту бытавой тэхнікі, вытворчы ўчастак па рамонту і вырабу мэблі, меліся 3 бібліятэкі, спартыўная, музычная і 3 сярэднія школы, музей народнай славы, бальніца, гандлёвы цэнтр і г.д. Захоўваецца помнік архітэктуры XVIII ст. – Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў і плябанія. На ўзгорыстым беразе возера Мястра знаходзіцца помнік прыроды – Стара-Мядзельскі парк плошчай 8 га, закладзены таксама ў XVIII ст.