Дрыбінскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей заснаваны 15.02.1995 г. ў г. п. Дрыбін паводле рашэння Дрыбінскага раённага Савета народных дэпутатаў. Для наведвальнікаў адкрыты ў 2004 г.
Агульная колькасць адзінак захоўвання складае 3918 экспанатаў (на 01.01.2012).
У музеі налічваецца 19 калекцый – археалогія, старадрукі, музычныя інструменты, народны касцюм, царкоўнае адзенне і прадметы культу, прадметы этнаграфіі і побыту, народная тканіна, дакументы і актавыя матэрыялы, фонадакументы, народныя майстры, зброя, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, прадметы, якія не ўвайшлі ў калекцыю, абразы, нумізматыка, значкі, фотаздымкі, друк, скульптура.
У музеі працуюць 6 экспазіцыйных залаў “Вялікая Айчынная вайна”, “Промыслы і рамёствы”, “Шапавальства”, “Прырода Дрыбінскага краю”, “Абразы”, “Народнае адзенне”.
У зале, прысвечанай перыяду Вялікай Айчыннай вайны, экспазіцыя прадстаўлена тэматычнымі стэндамі “Мірны час”, “Пачатак вайны, акупацыя”, ”Партызанскі рух на тэрыторыі Дрыбінскага раёна”, “Лісты з фронту”, “Героі Савецкага Саюза”. Экспануюцца дакументальныя матэрыялы, фотаздымкі, зброя, плакаты ваеннага часу.
У зале “Промыслы і рамёствы” дэманструюцца прадметы хатняга побыту Дрыбінскага краю. У экспазіцыю ўваходзяць прылады працы сялян, рамесныя вырабы, фотадакументы.
Экспазіцыя залы прыроды краю прадстаўлена дажыначным снапом, у які ўплецены сельскагаспадарчыя культуры, што вырошчваюцца на палях Дрыбінскага раёна. Экспануецца фотавыстаўка на тэму “Дарагія куткі нашага краю” і чучалы птушак.
У зале “Абразы” зберагаюцца каля 100 абразоў, канфіскаваных на Брэсцкай мытні і перададзеных у музей Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем.
Зала народнага адзення прадстаўляе калекцыю традыцыйнага народнага касцюма Дрыбіншчыны. Дэманструюцца жаночы касцюм, ручнікі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Кампазіцыю дапаўняюць прадметы побыту: калаўроты, ткацкі станок, куфры.
Зала экспазіцыі “Шапавальства” дэманструе працэс стварэння валеных вырабаў: шапак, валёнак, рукавіц. Яна абсталявана пад майстэрню саматужніка (прылады працы і вырабы). Супрацоўнікі музея з першага дня адкрыцця ўстановы надаюць належнае значэнне вывучэнню гэтага ўнікальнага промыслу. У 2005 г. на яго базе створана аматарскае аб’яднанне “Шапавал”, дзе майстры-шапавалы перадаюць сакрэты свайго майстэрства школьнікам. Тут можна прасачыць на майстар-класах увесь працэс вырабу валёнак, рукавіц, шапак-магерак.
Старадаўняе мясцовае шапавальнае лямцавае мастацтва – адметны ўнікальны промысел Дрыбіншчыны, якому ў 2009 г. прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 ад 08.01.2013 г. калектыву Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея аддзела культуры Дрыбінскага райвыканкама Магілёўскай вобласці за выдатныя дасягненні ў справе захавання і развіцця традыцыйнага шапавальнага промыслу прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2012 года.
Асноўнымі формамі работы музея з’яўляюцца выстаўкі, экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі, лекцыі, вечары-сустрэчы, інтэрактыўныя заняткі, этнаграфічныя і фальклорныя святы, вясельныя абрады. Яго супрацоўнікі прымалі ўдзел у фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2006” у Бабруйску, святкаванні Дня беларускага пісьменства 2007 г. у Шклове, фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, рэгулярна выступаюць з радыёлекцыямі. Значнай падзеяй 2014 г. стаў удзел музея ў Другім Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”.
У п. Расна дзейнічае філіял Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.